Апазыцыйныя актывісты ў рэгіёнах падсумоўваюць вынікі назіраньня і выяўленых цягам асноўнага дня галасаваньня парушэньняў. Падрабязнасьці ўдакладняюць рэгіянальныя карэспандэнты "Свабоды".
ГОМЕЛЬШЧЫНА
Новыя выбары горшыя за старыя
Гомельскія актывісты кампаніі "За справядлівыя выбары" параўноўваюць сёлетнія прэзыдэнцкія выбары з папярэднімі. Ніякай лібэралізацыі выбараў, па сутнасьці, не адбылося. Нейкае паслабленьне было зроблена хіба толькі падчас збору подпісаў. Далей — ранейшы сцэнар. Выбарцаў, і ў першую чаргу студэнтаў, абавязвалі галасаваць датэрмінова.
Да прыкладу, 70 адсоткаў студэнтаў мэдычнага ўнівэрсытэту, якія жывуць у інтэрнаце ў мікрараёне "Гомсельмаш", прагаласавалі датэрмінова на ўчастку № 41.
На ўчастку № 22 ва ўнівэрсытэце імя Скарыны, дзе галасавалі пераважна студэнты, датэрмінова апусьцілі бюлетэні 70,7 адсотка.
Падсумоўвае ход галасаваньня ў рэгіёне адзін з каардынатараў кампаніі "За справядлівыя выбары", старшыня абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў:
Уражаньне такое, што мы вярнуліся ў 2001—2006 гады
Зінаіда Шуміліна, назіральніца на ўчастку № 14, што ў Савецкім раёне Гомелю, толькі што паведаміла, як камісія лічыць галасы:
Старшыня назіральнікам: а вы што, яшчэ й бюлетэні хацелі ўбачыць?
У абласным цэнтры сталі вядомыя вынікі галасаваньня яшчэ на адным закрытым участку № 14, які месьціцца ў абласным дзіцячым клінічным шпіталі на вуліцы Жаркоўскага.
Як паведаміла назіральніца кампаніі "За справядлівыя выбары", былая старшыня гарвыканкаму Сьвятлана Гальдадэ, у сьпісе тут значыліся 84 выбарцы. Непасрэдна на ўчастак прыйшлі галасаваць 12 чалавек. Назіральніца дамаглася, каб вынікі лічылі асобна. Выявілася, што за Аляксандра Лукашэнку тут прагаласавалі 9 выбарцаў, за Ўладзімера Някляева — 3.
У пераноснай скрыні, якую сябры камісіі насілі ў інфэкцыйнае ды іншыя аддзяленьні, куды назіральнікаў не пусьцілі, вынікі былі наступнымі: 63 — за Аляксандра Лукашэнку, 2 — за Андрэя Саньнікава, па 1 голасе — за Ўладзімера Някляева, Рыгора Кастусёва, Дзьмітрыя Вуса, Алеся Міхалевіча і Яраслава Раманчука.
ГАРАДЗЕНШЧЫНА
У Горадні галасавалі паводле ксэракопіі пашпарта
У Горадні ў 27-й школе на ўчастку нумар 62 назіральнікам ад руху "За свабоду" Андрэй Дарошка. Ён адзначае такія парушэньні:
"Прыйшла жанчына, прынесла тры пашпарты, два зь іх адразу ўзялі сябры камісіі. Я пытаюся: як гэта адна жанчына будзе галасаваць па трох пашпартах? Яны: не-не-не, мы ёй выдадзім толькі адзін бюлетэнь. Яна забрала пашпарты, прагаласавала і пайшла. Празь некаторы час прыйшла дзяўчына, у яе пашпарта не было, толькі ксэракопія. Я кажу — як вы можаце прымаць ксэракопіі? Паводле заканадаўства яна павінна быць заверанай. Мне кажуць: яна завераная. Я кажу — калі ласка, пакажыце пячатку. — "А вы не міліцыянт, каб правяраць пячаткі!" Словам, адмовілі мне ў гэтым".
Андрэй Дарошка адзначыў таксама наступны выпадак:
"Адна жанчына ўкінула два бюлетэні. Я сказаў пра гэта. Яна адказвае — гэта ж майго мужа. Але ж муж стаяў у дзьвярах, нават у кабінку не заходзіў".
Людміла Чакан — назіральніца ад БХК, яна знаходзілася ў Горадні на ўчастку нумар 106 у 9-й школе. Колькі бюлетэняў выдадуць выбарцам, якія хочуць галасаваць дома, назіральнікам адмовіліся сказаць, зазначае яна.
Чакан: "Спыталіся: якая колькасьць выбарцаў на даму? Калі яны зьбіраліся выяжджаць якраз. Старшыня замяўся: усё потым, цяпер я вам нічога не магу сказаць. Атрымалася, што дадзеных мы не атрымалі. Мы пра гэта і зрабілі запіс, што не атрымалі адказу на сваё пытаньне. Старшыня гэта матываваў тым, што цягам дня яны будуць некалькі разоў езьдзіць, таму што людзі могуць яшчэ падысьці і папрасіць альбо, наадварот, адмовіцца".