Горадня: “Калі ніколі нічога не зьмяняць, то як мы даведаемся, як можа быць лепей”


На Гарадзеншчыне ў асноўны дзень выбараў назіралася высокая актыўнасьць выбарцаў, а назіральнікі за выбарчым працэсам адзначалі і шматлікія парушэньні выбарчага працэсу.


Першыя паведамленьні аб парушэньні выбарчага заканадаўства зьявіліся раніцай, калі на участку № 91 у Горадні назіральнікі заўважылі, што ў пратаколе аб дэтэрміновым галасаваньні ўнесена болей чым на сто выбарцаў ад тых, якія насамрэч прагаласавалі.

Падобная інфармацыяы прыйшла і з горада Сьвіслач. Кажа каардынатар незалежнага назіраньня Віктар Сазонаў:

Сазонаў: “Самае грубае парушэньне – гэта ў Сьвіслачы на адным з участкаў не зыходзяцца лічбы прагаласаваўшых датэрмінова ў назіральнікаў з тымі, якія афіцыйна запісаны ў пратаколе. Яны розняцца на 88 галасоў, што практычна на невялікім участку складае амаль 10% ад усіх выбарцаў”.

Амаль паўсюль у вобласьці назіральнікі адзначалі не падрыхтаванасьць камісій. Асаблівая ўвага зьвярталася на скрыні для галасаваньня, якія чамусьці можна лёгка раскруціць, яны дрэнна апячатаныя і г.д. З такой заўвагай патэлефанаваў да назіральнікаў у Горадню звычайны выбарца з Воранава, аказалася, што на ягоную заўвагу не рэагавалі на месцы ні старшыня камісіі, ні назіральнікі, якія прысутнічалі на ўчастку.

Туды можна засунуць ня толькі адзін бюлетэнь, а цэлую пачку – вялікая шчыліна
Спадар: “Падыходжу да скрыні з галасаваньнем, а ў ёй вельмі слаба прымацаванае верхняе вечка, прычым так, што туды можна засунуць ня толькі адзін бюлетэнь, а цэлую пачку – вялікая шчыліна”.

У Слоніме каардынатар назіральнікаў Іван Шэга адзначае таксама высокую актыўнасьць выбарцаў, але яго найбольш турбуе стаўленьне старшынь камісій да наглядальнікаў.

Шэга: “Заявы заранёў пісаліся аб тым, каб на паседжаньнях камісій прынялі рашэньне аб тым, як будзе весьціся падлік галасоў, каб потым нас не штурхалі. Але ніхто ніякіх адказаў нам не дае”.

У Горадні на выбарчых участках таксама было шматлюдна. Традыцыйна на ўчастках ладзіліся канцэрты і працавалі буфэты. Я пытаўся ў людзей, якія выходзілі з участкаў – за што яны аддавалі свае галасы?

Спадар: “Я галасаваў за спакойнае жыцьцё і за дабрабыт, за парадак і за стабільнасьць…”

Спадарыня: “За будучае галасавалі, за новага прэзыдэнта. Будучае нашых дзяцей павінна быць лепшым, чым нашае”.

Спадар: “Я галасаваў супраць усіх, бо ня бачыў вартага кандыдата. І цяперашні мяне не задавальняе. А ў нас тут ні пра воднага кандыдата нічога даведацца не магчыма было…”.

Спадарыня: “За надзею галасавала, што хоць нешта можа зьмяніцца. Павінна ж хоць нешта быць новае, бо калі ніколі нічога не зьмяняць, то як мы даведаемся, як можа быць нешта лепшае”.