Апазыцыйныя кандыдаты заклікаюць: «Новыя выбары — без Лукашэнкі!»

Кастрычніцкая плошча

Сёньня перадапошні дзень агітацыі за кандыдатаў на выбарах прэзыдэнта Беларусі. Прэтэндэнты на вышэйшую кіроўную пасаду працягваюць свае перадвыбарчыя паездкі, прамаўляюць на сходах выбарцаў, сустракаюцца з журналістамі беларускіх і незалежных СМІ, выступаюць з палітычнымі заявамі. Асноўны зьмест гэтых заяваў — заклік прыйсьці 19 сьнежня на Кастрычніцкую плошчу з патрабаваньнем новых свабодных выбараў без удзелу Лукашэнкі.

Уладзімер Някляеў сваю апошнюю перадвыбарчую паездку вырашыў зрабіць у роднае мястэчка Крэва:

«Там магілы маіх бацькоў, маіх дзядоў, там царква, дзе я хрысьціўся і дзе, дасьць Бог яшчэ няхутка, буду адпеты. Там усё крэўнае ў гэтым Крэве. Таму я туды еду».

Уладзімер Някляеў заяўляе, што ўжо цяпер няма падставаў прызнаваць вынікі цяперашніх выбараў і заклікае суайчыньнікаў 19 сьнежня пратэставаць на Кастрычніцкай плошчы Менску. Падчас учарашняга мітынгу ў Менску Ўладзімер Някляеў выступаў зь лёзунгам: «Новыя выбары — без Лукашэнкі!»

«Гэта ня ёсьць мая ідэя, яна вынікае зь лёгікі падзей. Ніхто ня можа прызнаць тое, што зараз адбываецца, як гоняць людзей на тыя ж папярэднія выбары, пры тым, што на іх адсутнічае раўнапраўе прэтэндэнтаў».
Ніхто ня можа прызнаць тое, што зараз адбываецца.


Іншы апазыцыйны кандыдат, Андрэй Саньнікаў, падтрымаў заклік Някляева:

«Сапраўды, нам патрэбныя сумленныя, дэмакратычныя выбары. А яны могуць адбыцца, як паказала гэтая кампанія, толькі без Лукашэнкі і Ярмошынай».

Такія выбары будуць рэальныя, калі гэтага запатрабуе народ, перакананы спадар Саньнікаў, а першы голас за гэта будзе ўзьняты на Плошчы 19 сьнежня.

Кандыдат на прэзыдэнта ад АГП Яраслаў Раманчук сёньня на прэсавай канфэрэнцыі выступіў з аналягічнай заявай. На ягоную думку, цяпер грамадзтва Беларусі пазбаўлена вольных выбараў, памяняліся толькі дэкарацыі, а сутнасьць фальшывых беларускіх выбараў засталася ранейшай:

«Я лічу, што шлях выйсьця з сытуацыі, якая склалася, — гэта правядзеньне сумесных парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў вясною, калі будзе дасягнуты кансэнсус і разуменьне таго, што краіна знаходзіцца ў палітычным тупіку».

Паводле Раманчука, які спаслаўся на вынікі апытаньня агенцтва эфэктыўнай камунікацыі «Інсайт», за Лукашэнку гатовыя галасаваць 39% выбарцаў, столькі ж — за Раманчука, Саньнікава і Някляева разам узятых. Такім чынам, у першым туры ня можа быць пераможцы. Балянс сіл у краіне за час кампаніі зьмяніўся, але трэба дамагчыся ягонай легалізацыі праз свабодныя выбары без парушэньняў і фальсыфікацыяў, мяркуе спадар Раманчук.

Магчыма, што ўлада ўжо зьменіцца 20-га.
Кандыдат ад БХД Віталь Рымашэўскі мяркуе, што дамагчыся вольных выбараў — гэта толькі задача-мінімум:

«Я б заўчасна на месцы іншых кандыдатаў не недаацэньваў здольнасьці беларускага народу. Магчыма, што ўлада ўжо зьменіцца 20-га. Але наконт задачы-мінімум я абсалютна згодны, што трэба будзе патрабаваць новых свабодных выбараў».

Мікола Статкевіч горача падтрымлівае заклік калег. А каб дамагчыся гэтага, найперш беларусам трэба прыйсьці на Плошчу, мяркуе ён:

«Я не люблю рабіць прагнозы, але для мяне ўжо відавочна, што гэтая Плошча будзе ўнікальная па колькасьці беларусаў, якія выйдуць на вуліцы адначасова не паводле загаду. Людзей будзе значна больш, чым у 2006 годзе. І нам удасца нешта зрабіць, а не пастаяць і слухаць песьні. Калі людзі прыйдуць, то мы зробім, а тым, хто будзе замінаць, — не дамо гэта рабіць».