«У Князюкоўцах палітычны „градус“ адрозны ад 2006, але пералому не наступіла…»

Чыгунка ўжо другое стагодзьдзе разразае Князюкоўцы, вёску на ўскраіне Івейшчыны, на дзьве няроўныя паловы — Малыя і Вялікія Князюкоўцы. Зь якіх пачаць вандроўку, мы вызначаліся разам зь сябрам Моладзі БНФ Сяргеем Сідарэнкам, які прыехаў дзеля перадвыбарчай агітацыі за партыйнага кандыдата Рыгора Кастусёва. І пакуль з комінаў паўсюль курыўся дымок ад печак, у 150-гадовай царкве Пакрова Прасьвятой Багародзіцы ў Малых Князюкоўцах рыхтаваліся да ранішняй службы. А ў Вялікіх Князюкоўцах ля крамы ціснуліся адно да аднаго дзеці ў чаканьні школьнага аўтобуса. Сёлета яны вымушаныя ў 20-градусныя маразы ўзьнімацца на гадзіну раней, чым калісьці, — увосень закрылі мясцовую васьмігодку. Дзеці прынамсі могуць заскочыць у краму пагрэцца, хоць там не нашмат лепш, чым на вуліцы, — ацяпленьне так і не ўключылі. Таму дырэктарка крамы, 38-гадовая Людміла Самахвал, увесь час у руху.


Карэспандэнт: «Колькі наведнікаў у сярэднім?»

Самахвал: «У дзень чалавек 30. Улетку лепшы гандаль — унукі прыяжджаюць да бабак. І рэчка ў нас добрая, Жырма. І выручка добрая, пад мільён 400, а ўзімку пад 700 тысяч…»

Карэспандэнт: «А колькі вам перападае ў месяц?»

Самахвал: «400 — болей не атрымліваецца. А ў якім холадзе стаім — адчуваеце? І пагаварыць няма з кім — добра, што вы пад’ехалі. Цяплей стала!» (Сьмех.)

Карэспандэнт: «Хто-небудзь зьяўляўся з агітатараў?»

Самахвал: «Не было нікога! Мы па тэлевізары толькі бачым нашых кандыдатаў…»

Карэспандэнт: «А каго ведаеце?»

Самахвал: «Вой, я на іх і не гляджу, калі чэсна, — толькі Лукашэнку паліваюць брудам, а перадвыбарчай праграмы ў ніводнага ня чула. А што нам яшчэ лепшага чакаць?»

Карэспандэнт: «А 400 тысяч — хіба гэта нармальна?»

Самахвал: «А вы думаеце, пры новым будзем болей атрымліваць? Во-ой, сумняваюся…»

Зьявіліся 63-гадовы качагар Мікалай Сакалоўскі ды першы пакупнік, 58-гадовы Міхаіл Ткач. Прашу выбарцаў расказаць пра сябе і пра сваё бачаньне кампаніі.

Ткач: «40 год адпрацаваў — 30 манцёрам і 9 год на чыгунцы. Але сілы ўжо ня тыя, і маці хворая — трэба дапамагаць, дый гаспадарка. А што на тых палетках заробіш — боты прыдбаеш, і ўсё…» (Сьмех.)


Сакалоўскі: «Пэнсіянэр, але, дзякуй богу, дзяўчаты яшчэ запрасілі качагарам тут рабіць — рублёў 200…»

Самахвал: «Па кантракце 200 тысяч, але ж вылічаць падаходны падатак, яшчэ што — тысяч 170 атрымае…»

Сакалоўскі: «Так, на віно і цыгарэты. А што, калі рукі-ногі служаць?»

Карэспандэнт: «Каго-небудзь з кандыдатаў у прэзыдэнты глядзеў?»

Сакалоўскі: «Чаму ж не? Мяне ніхто не цікавіць — палітыка зразумелая, што Рыгоравіч быў і будзе. Мо людзям пісьменным дый моладзі, дапусьцім, не падабаецца Лукашэнка, а мы, людзі пажылыя, кажам так: набраў сабе ў кішэню — ужо ня трэба выганяць, яму няма куды браць…»

Я выходжу на пустэльную вуліцу, дзе спыняю 64-гадовага Генрыха Шалунца. Ён, яшчэ няголены, у брудных ботах і кажуху вяртаецца з падпрацоўкі ў суседа.

Шалунец: «Пэнсію маленькую атрымліваю, жонка памерла, хлопчыка забралі ў дзіцячы дом — адзін жыву 12 год. 300 рублёў — ну як пражыць?»

Карэспандэнт: «А галасаваць за каго будзеш?»

Шалунец: «За Лукашэнку…»

Карэспандэнт: «Ён жа табе пэнсіі не дае…»

Шалунец: «Ён не вінаваты — я сам. У калгасе заробак слабенькі быў, гной качаў — вой, 120 тысяч! Такая і пэнсія…»

Раптоўна да мяне зьвяртаецца мой спадарожнік Сяргей Сідарэнка. Аказваецца, калі ў краму завітала 41-гадовая Сьвятлана Тарасава, вартаўніца на мэхстане, яна і мае папярэднія суразмоўцы распачалі палкую дыскусію «за жыцьцё». І я пасьпяшаўся ўключыць свой мікрафон.

Сакалоўскі: «10% у нас пэнсійнай дабаўкі. А цэны растуць, як грыбы. Маладым цяжка. Мой сын таксама ў БДУ вучыцца. Вы ж яшчэ студэнт?» (Агульны сьмех.)

Карэспандэнт: «Дзякуй за камплімэнт, але я даўно не студэнт…»

Тарасава: «4 трактарысты засталіся. Цяпер сенакос быў. Адзін атрымаў паўтара мільёна — кажа: адно месца было ў мыле. А другі таксама рана ўзьнімаўся і позна клаўся — 500 тысяч! Дык ён і кінуў працу. У майго — 600–700 тысяч заробак. Дык ён абутку больш прапаліць, усе майкі, курткі на дзірках — электразваршчык 6 разраду. Чыноўнікі „абарзелі“ — ніякай культуры зносінаў няма. У калгасе таксама Лукашэнка, старшыня. Як сказаў на сходзе: вы 100 разоў зрабіце добра, адзін дрэнна — усё роўна ваша праца дрэнная! На фэрме дзяўчаты па 400 тысяч, і ўсё. У нас на стане — 240. У мяне чацьвёра дзетак, удвох вучацца — як?! Каб сваёй гаспадаркі не было… Каня, дзьве каровы, цяпер цялушачку яшчэ пусьцілі. Вось школу зачынілі — хоць маленькім бы пакінулі да 4 клясы, пакуль дзеці пойдуць да настаўнікаў. Было 38 чалавек. Аўтобус прыяжджае па іх а 8:30 — яны ідуць з канца вёскі маразамі…»

Сакалоўскі: «Раней вёску Масквой называлі — што ні прывязуць, усё разьбіралі. Бальніца была — цяпер толькі фундамэнт застаўся, разабралі па цаглінах. Сталовая, дом быту быў — толькі кусты засталіся. А ў нас жа чыгунка — пад’ехаў у Ліду, Маладэчна. Людзей зараз 140, а было 720. І столькі моладзі, а цяпер працы няма, трактароў — ідзі толькі на фэрму…»

Карэспандэнт: «А ты за каго галасаваць будзеш?»

Тарасава: «Я слухала кандыдатаў — аднаго я пачула, на твар запомніла. Мо будзе нешта ў гэтых праграмах…»

Карэспандэнт: «Але жаданьне памяняць уладу ёсьць?»

Тарасава: «Можна б памяняць — штосьці б зьмянілася…»

Самахвал: «Трэба памяняць, але ў асноўным пэнсіянэры галасуюць. Галасавалі і галасаваць будуць за Лукашэнку. Пэнсію дабаўляе кожны месяц! А мяне, напрыклад, не задавальняе заробак. Мы ад выручкі робім, а людзі паміраюць у вёсцы. Пляны штомесяц большыя — я пажыцьцёва ня выканаю, што мне пішуць! Тое самае ў паштальёнкі: няма падпіскі — прымушалі плаціць з уласнай кішэні. Гэта не ад Лукашэнкі залежыць, а ад нашых раённых выканаўцаў…»

Карэспандэнт: «А хто ў раён іх прызначае?»

Самахвал: «Ну, цяпер, вядома, ён прызначыў. І калі чэсна, мо, не пайду наогул галасаваць. Можа, калі пачую, што прапануюць кандыдаты — падумаю…»

* * *

Тым часам у царкве скончылася ранішняя служба. На выхадзе я й перахапіў старэйшыну вёскі — 67-гадовага былога фэльчара, спадара Ждановіча. Вяскоўцы прыязна называюць яго Аляксандравічам — адзіны тут мэдык, які, калі што, не цураецца ўзьняцца на дапамогу і ўначы. Да таго ж нештачка ведае і пра паходжаньне паселішча.


Ждановіч: «Калісьці быў князь Пац, астатнія князюкоўцы — яго парабкі. І ў часы адмены прыгону надзелы даваў — у Малых Князюкоўцах па 20 га, у Вялікіх — па 25. А царква раней была драўляная на тым баку, а гэтую пабудавалі пазьней — адзначалі 150-годзьдзе на Пакровы…»

Карэспандэнт: «Што вы зрабілі як старэйшына, што можаце? Ці пасада, як той казаў, кату пад хвост?»

Ждановіч: «Апошняе, можна так і сказаць. Дабіліся магільнік пашырыць, таму што не было дзе хаваць. У мяне свой трактарчык ёсьць — дабрачынна падвозіў ваду і пясок. У нас былі кар’еры ў Малых Князюкоўцах — ПМК бралі жвір, машыны езьдзілі зь вялікай грузапад’ёмнасьцю. На вуліцы Камсамольскай асфальт разьбілі. Цяпер адны яміны. Кар’ер закаталі — і мясцоваму, калі падмуровачку зрабіць, няма дзе ўзяць жвіру…»

Карэспандэнт: «Аляксандравіч, а каго вы з прэтэндэнтаў ведаеце?»

Ждановіч: «Цярэшчанка, Лукашэнка, Саньнікаў, Вус, Някляеў нядаўна выступаў…»

Карэспандэнт: «А самі вы настроеныя за…»

Ждановіч: «Я яшчэ ня вызначыўся. Але 16 год досыць аднаму чалавеку знаходзіцца. Не падабаецца і некультурна пры ўсіх „тыкаць“. Парад быў: ідзе з сынам — і генэралы аддаюць чэсьць. Нікчэмна!»

Тамсама я сустрэўся з 52-гадовым будаўніком-шабашнікам Ёсіфам Мікулічам. Ён аб’езьдзіў добрую палову Беларусі. Сам сьмяецца — першапачаткова ад яго шарахаюцца, бо мае нібы «зэкаўскі» выгляд. Але ж, «дабрэйшай душы чалавек», падзяліўся і ён уражаньнямі ад князюкоўскага жыцьця і меркаваньнямі пра палітыку.


Мікуліч: «Паглядзеў, як жывуць людзі, — нічога добрага тут няма. Купіў лецішча сябар, я дапамагаў рабіць. Спатрэбіліся будаўнічыя матэрыялы — аб’езьдзілі навакольле, нідзе нічога не маглі знайсьці. Цэны растуць вакол. Каб дабрацца да сельсавету, трэба 5–6 км ісьці. Дарогі вельмі непрыемныя — бруд, бяз ботаў няма чаго рабіць. Перад выбарамі цяперашні прэзыдэнт робіць, але ня тое, што трэба для людзей. Хоча зрабіць спартовую Беларусь — нічога не атрымаецца. Лічаныя людзі будуць займацца, а ў якіх умовах жывуць сотні тысяч на вёсцы — пра гэта ніхто ня думае. Я прайшоў Кабул, польскую „Салідарнасьць“ — падстаўлялі свае сьпіны пад кулі. Ільготы, якія былі, бясплатны праезд на аўтобус-тралейбус-трамвай, Лукашэнка ў нас адабраў. Для лячэньня ніякіх прывілеяў няма — а сярод нас шмат інвалідаў. Мне не спадабаўся наш прэзыдэнт у папярэднія выбары, калі дачка Машэрава вылучыла сваю кандыдатуру — ён з такім гнільлём яе зьмяшаў! І зусім дрэннае ўражаньне пасьля таго, як зьяўляецца са сваім сыночкам. Замест таго каб хлопец вучыўся, ён катаецца зь ім усюды — дзіця безь дзяцінства. Таму хочацца, каб кандыдаты болей увагі аддавалі людзям — тады будуць галасаваць за іх…»

Карэспандэнт: «Нехта прываблівае ўжо з апазыцыянэраў?»

Мікуліч: «Ёсьць адзін чалавек — Някляеў. Ён ставіцца да людзей, як Машэраў. Незашораны і добры чалавек…»

Сяргей Сідарэнка, сябра моладзі БНФ, ужо быў у Князюкоўцах у часе прэзыдэнцкай кампаніі-2006. Яму ёсьць што з чым параўноўваць.


Сідарэнка: «Зранку зайшлі ў князюкоўскую краму, паразмаўлялі — сапраўдны савецкі пэрыяд. А пасьля мне трэба было купіць цыгарэт, зайшлі — зусім іншая карціна. Яны задумаліся над пытаньнямі, якія задаваліся, вынесьлі на паверхню тое, што ў падсьвядомасьці. Усім зразумела, што перад выбарамі павышаецца палітычны градус вёскі. Быў прыемна ўражаны, што ён адрозьніваецца ад 2006-га. Не за вугламі шапталіся, што «нам ён не падабаецца». І тыя, хто зь невялікімі заробкамі мерзьне ў краме, цяпер кажуць, што «16 год — ужо занадта». І тыя самыя маргінальныя пэнсіянэры — таксама ім надакучыў, хоць даў падачкамі ім вялікія пэнсійныя. Праўда, ня ўсім. «Чарнільныя» старыя за Лукашэнку, якім нічога не чуваць, і не пачынаюць разважаць. Для іх, маўляў, «Лукашэнка такі добранькі, а вінаваты ва ўсім наш старшыня».

Карэспандэнт: «І ўсё-ткі ці створаны на вёсцы перадумовы для аб’ектыўнага галасаваньня?»

Сідарэнка: «Думаю, што не. У выбарчай камісіі сядзяць тыя ж самыя асобы. І тое, што ў забітых вёсках будзе датэрміновае галасаваньне, — зразумела. Інфармацыі ніякай няма пра выбары, акрамя той, што па афіцыйным радыё, ТБ…»

Карэспандэнт: «Але хіба мы ня чулі, што „пляваць на іншых кандыдатаў і што яны скажуць“?»

Сідарэнка: «Ну так, гэта вельмі крыўдна. Ва ўсёй сытуацыі найперш вінаватыя мы, беларусы. Прагназаваны вынік галасаваньня ў Князюкоўцах — хутчэй там больш за Лукашэнку…»

http://maps.google.com/maps/ms?f=q&source=s_q&hl=en&geocode=&ie=UTF8&oe=UTF8&msa=0&msid=209683680851718841608.00046355b62ab3e327e28&num=200&start=200&sll=54.011804,25.831604&sspn=0.427696,1.352692&ll=54.151176,25.572052&spn=0.423845,0.722351&z=10&iwloc=lyrftr:msid:209683680851718841608.00046355b62ab3e327e28,0004978b84f00b55c38d2,,,0,-31&output=embed
Падарожжы Свабоды