Кампанія "За справядлівыя выбары" скардзіцца ў ЦВК

Кампанія "За справядлівыя выбары" падвяла вынікі назіраньня за першыя два дні датэрміновага галасаваньня. Каардынатары кампаніі паведамілі журналістам пра шэраг парушэньняў выбарчага заканадаўства, заўважаных назіральнікамі, а таксама пра накіраваньне дзьвюх скаргаў у Цэнтравыбаркам і місію БДІПЧ АБСЭ.

Кампанія "За справядлівыя выбары" праводзіць назіраньне на 250 участках у 43 населеных пунктах розных рэгіёнаў краіны. Каардынатар кампаніі Сяргей Калякін адзначыў, што калі зарэгістраваць незалежных назіральнікаў было проста, то падчас іх непасрэднай працы ўзьнікае шэраг праблем:

"Да прыкладу, на ўчастку №3 Петрыкаўскага раёну назіральніка Шпака Віктара Сьцяпанавіча выдалілі з участку за тое, што ён з дазволу камісіі паставіў свой подпіс на паперчыне, якой заклейваюць прарэзы ў скрыні. Я ня бачу тут праблемы, калі чалавек паставіў подпіс. Праблема можа быць толькі ў тым, што калі сарваць гэтую налепку, кінуць туды бюлетэні, то падрабіць подпіс гэтага чалавека будзе вельмі складана".

Кампанія "За справядлівыя выбары" таксама называе грубымі такія парушэньні, засьведчаныя назіральнікамі, як сяброўства ў выбарчых камісіях настаўнікаў адной і той жа школы на чале з дырэктарам, захаваньне скрыняў для галасаваньня пад кантролем міліцыянтаў, што забаронена дзейным выбарчым заканадаўствам, адмову Цэнтравыбаркаму праводзіць кругласутачны кантроль за выбарчымі ўчасткамі. Пры гэтым правы назіральнікаў парушаюцца ня толькі праз выбарчыя камісіі, падкрэсьліў яшчэ адзін каардынатар кампаніі Віктар Карняенка:

"Мы вырашылі скарыстацца сучаснымі тэхнічнымі сродкамі, каб інфармацыю ад нашых назіральнікаў зьбіраць апэратыўна, выкарыстоўваючы СМС праз апэратара "Life:)". Мы атрымалі паведамленьні з 98 участкаў, і тут уся сыстэма спынілася. Я пайшоў высьвятляць, і адказная асоба, Сяргей Шаўлюкевіч, зьдзівіўся сам. Кажа: што я не магу зьняць блякаду — так заблякавана, што я не магу нічога зрабіць. Гэта праява таго, што называюць паліцэйскай дзяржавай. Некаторыя кажуць, маўляў, што гэта такое? А вось што гэта такое — калі па загадзе невядома чыім могуць абмежаваць законнае права любога чалавека".

Кампанія "За справядлівыя выбары" лічыць, што афіцыйная лічба 7,2% ад усіх выбарцаў, што прагаласавалі, сьведчыць, што за першыя два дні датэрмінова прагаласавала ў 1,2 разы больш людзей, чым на папярэдніх прэзыдэнцкіх выбарах. Гэткім чынам, верагодна, будзе ўсталяваны рэкорд — 38-40% датэрміновага галасаваньня. Але незалежныя назіральнікі ўжо зараз зафіксавалі парушэньні, на якія склалі 47 скаргаў, кажа Сяргей Калякін:

"Тэатар для замежнага гледача працягваецца, і ён ня мае нічога агульнага з рэальнымі выбарамі. Агулам мы разумеем, што пакуль рана рабіць высновы, бо самае цікавае адбываецца ў перадапошнюю і апошнюю ноч папярэдняга галасаваньня. Мы гатовыя да разьвіцьця падзей, не зважаючы на тое, што нашых назіральнікаў не пусьцілі ў цёплае памяшканьне. Нашы людзі гатовыя працаваць і ў больш жорсткіх умовах. Мы са сваімі задачамі справімся".

Паводле фактаў выяўленых парушэньняў кампанія "За справядлівыя выбары" зьвярнулася са скаргамі ў ЦВК і місію назіральнікаў БДІПЧ АБСЭ. Вынікі незалежнага назіраньня за датэрміновым галасаваньнем кампанія "За справядлівыя выбары" абвесьціць ранкам 19 сьнежня.