Губарэвіч: Неабходна бачыць бюлетэні ў часе падліку

Рух "За свабоду" прэзэнтаваў кампанію назіраньня за прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі і па-за межамі краіны. Больш за 600 актывістаў руху будуць працаваць на выбарчых участках у розных рэгіёнах Беларусі, а таксама ў шэрагу эўрапейскіх сталіц.

Рада руху "За свабоду" прыняла рашэньне вылучыць сваіх прадстаўнікоў у назіральнікі на падставе зьменаў умоваў правядзеньня выбараў, а таксама ў адпаведнасьці са статутам руху. Намесьнік кіраўніка руху Юрась Губарэвіч тлумачыць мэты кампаніі:

"Мэта назіраньня — садзейнічаньне правядзеньню свабодных, празрыстых і дэмакратычных выбараў, выяўленьне і прадухіленьне парушэньняў выбарчага заканадаўства. Мы ставім перад сваімі назіральнікамі некалькі задач, і асноўная зь іх, натуральна, — выяўленьне парушэньняў і папярэджаньне камісій пра іх недапушчэньне. Таксама складаньне актаў ці заяваў, калі такія парушэньні будуць выяўленыя. Таксама мы ставім задачу атрыманьня вынікаў выбараў асноўнага дня і таксама ўсяго пэрыяду галасаваньня".

Паводле спадара Губарэвіча, рух "За свабоду" не далучыўся да іншых незалежных кампаній назіраньня за выбарамі, каб пашырыць геаграфію кантролю. Так, назіральнікі руху будуць накіраваныя ў Бэрлін, Бон, Варшаву, Рым, Маскву, Прагу, Вільню, Будапэшт і Вашынгтон.

Знаткевіч: Ці ёсьць ужо інфармацыя пра парушэньні?

Губарэвіч: Ёсьць. Гэта стандартныя парушэньні, перадусім яны зьвязаныя з удзелам выбарцаў у датэрміновым галасаваньні.

Знаткевіч: Як каардынуеце з калякінскай "За справядлівыя выбары", "Праваабаронцы за Свабодныя выбары". Ці будзе нейкая агульная карціна парушэньняў?

Губарэвіч: Я думаю, што кожная з кампаніяў будзе самастойна інфармаваць грамадзтва праз СМІ пра парушэньні. Чым большы ахоп участкаў, чым большая колькасьць назіральнікаў, тым лепей, бо дазваляе мець больш поўную карціну таго, што адбываецца на гэтых выбарах.

Знаткевіч: Ці магчыма нейкім чынам атрымаць рэальныя лічбы галасаваньня?

Губарэвіч: Такая магчымасьць закладзеная ў выбарчым кодэксе, у выбарчым заканадаўстве. Нашы назіральнікі будуць настойваць на атрыманьні падобнай інфармацыі, каб вёўся асобны падлік для кожнага зь відаў галасаваньня. Вельмі важны момант – магчымасьць назіральнікаў непасрэдна бачыць бюлетэні ў часе падліку. Калі назіральнік будзе пазбаўлены такой магчымасьці, то агучаным лічбам, на маю думку, няма ніякай нагоды давяраць.

Знаткевіч: Назіраньне ў амбасадах эўрапейскіх сталіцаў, чаму вы вырашылі гэтым заняцца?

Губарэвіч: Дастаткова цікавыя вынікі могуць даць назіральнікі ў гэтых краінах. Ёсьць краіны, дзе вельмі шмат беларусаў жыве, як Расея, альбо ў нейкай ступені суседняя Польшча і Літва. Таксама ёсьць краіны, дзе галасуюць студэнты, якія збольшага прытрымліваюцца дэмакратычных поглядаў. А тэхнічна рашэньне было прынятае таму, што мы маем у пералічаных краінах сваіх прадстаўнікоў, якія выказалі жаданьне быць назіральнікамі ў дзень галасаваньня на адпаведных замежных участках.

Знаткевіч: Што трэба зьмяніць у выбарчым заканадаўстве Беларусі дзеля таго, каб забясьпечыць свабодныя і справядлівыя выбары?

Губарэвіч: Неабходна, каб назіральнікі маглі непасрэдна бачыць працэс падліку галасоў, маглі кругласутачна прысутнічаць побач з скрынямі для датэрміновага галасаваньня. Гэтыя прапановы былі адкінутыя, і тое, што назіральнікі ня маюць кантролю за скрынямі для папярэдняга галасаваньня, ставіць пад вялікі сумнеў вынікі, якія будуць агучаныя па выніках галасаваньня.

Слухаць перадачу цалкам: