"Размова ідзе пра маштабныя сутыкненьні на нацыянальнай глебе"

У Маскве сёньня былі прынятыя ўзмоцненыя меры бясьпекі ў чаканьні магчымых сутыкненьняў паміж прадстаўнікамі нацыянальных дыяспар і нацыяналістычна настроенай моладзьдзю. Пад узмоцненую ахову была ўзятая манежная плошча, цэнтральныя станцыі мэтро і плошча Кіеўскага вакзалу, куды раніцы былі сьцягнутыя байцы АМАП і ўнутраныя войскі.

Цягам дня былі затрыманыя каля тысячы чалавек ў часе акцыі радыкальнай моладзі, у некаторых канфіскаваная халодная і траўматычная зброя.

Гэта ня першыя міжэтнічныя сутыкненьні на гэтым тыдні. 11 сьнежня на Манежнай плошчы ў Маскве болей за 30 чалавек пацярпелі ў сутыкненьнях паміж міліцыяй і ўдзельнікамі масавага мітынгу нацыяналістычна настроеных маладзёнаў у сувязі з забойствам футбольнага фаната.

Падрабязнасьцямі пра сытуацыю ў Маскве падзяліўся наш карэспандэнт Віктар Дзятліковіч.

Знаткевіч: Наколькі цяперашнія падзеі людзі ў Маскве, у Расеі ацэньваюць, як абмежаваныя субкультурай футбольных хуліганаў, ці гэта пашырылася на палітычную плыню нацыяналістаў, ці ўвогуле разглядаецца як поўнамаштабны этнічны канфлікт?

Дзятліковіч: У межах субкультуры футбольных фанатаў гэты канфлікт трымаўся першыя два-тры дні адразу пасьля забойства футбольнага фаната. Але калі ўжо адбываліся падзеі на Манежнай плошчы, гэта прыняло шырокі маштаб. І зараз размова ідзе менавіта пра маштабныя сутыкненьні на нацыянальнай глебе, у якіх прымаюць удзел ня толькі фанаты. Я маркую, што іх там ужо меншасьць. Таму я думаю, што гэта трэба разглядаць як нацыянальны канфлікт, прычым ня толькі ў Маскве, але, наколькі мне вядома, падобныя падзеі меншага маштабу адбываліся і ў Санк-Пецярбурзе, таксама напружанасьць існуе ў тых расейскіх рэгіёнах, што знаходзяцца побач з каўказскімі рэспублікамі, як у Стаўрапалі. Там зараз прадпрымаюцца моцныя меры бясьпекі, міліцыя пераведзеная ў стан гатоўнасьці.

Знаткевіч: Ці здолела міліцыя выявіць некаторых з арганізатараў гэтых сутыкненьняў?

Дзятліковіч: Зараз, я думаю, міліцыя дзейнічае выключна па падзеях. Яна знаходзіцца на ўсіх цэнтральных плошчах у Маскве. Калі дзесьці ўзьнікаюць нейкія сутыкненьні, то міліцыя адразу затрымлівае тых, хто ў іх удзельнічае. Ня думаю, што яна можа вызначыць, хто арганізаваў гэтых людзей, якія прыйшлі на плошчу. Сытуацыя крыху дзіўная – усе маскоўскія дыяспары і ўсе фанацкія групоўкі апошнія два дні толькі і казалі пра тое, што яны выступаюць супраць таго, каб ісьці на гэтую плошчу. І калі б да іх прыслухоўваліся, то ніводнага чалавека на гэтай плошчы не было б. Аднак па тых сьведчаньнях, якія ёсьць, сёньня ўвечары на гэтай плошчы сабралася некалькі тысячаў чалавек. Можна казаць, што каля тысячы зь іх затрыманыя. І ёсьць зьвесткі, што такія бойкі зараз адбываюцца і ў іншых раёнах.