Экспэрты АБСЭ: Больш за 90% эфіру – пра Лукашэнку

Місія Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЭ надрукавала прамежкавую справаздачу аб асьвятленьні ў дзяржаўных СМІ дзейнасьці кандыдатаў у прэзыдэнты. Згодна з дасьледаваньнем, у 90% выпадкаў беларускія радыё- і тэлеканалы прысьвячаюць увагу дзейнаму кіраўніку краіны, астатнія ж прэтэндэнты на вышэйшую пасаду або ня згадваюцца ўвогуле, альбо інфармацыя пра іх падаецца ў нэгатыўным выглядзе.

Маніторынг, праведзены эўрапейскімі экспэртамі, засьведчыў: найбольш тэндэнцыйнымі застаюцца каналы дзяржаўнага тэлебачаньня і радыё, якія ў выпусках навінаў не даюць збалянсаванай інфармацыі пра кандыдатаў у прэзыдэнты і іх выбарчыя праграмы. Ці ня ўся ўвага аддаецца Аляксандру Лукашэнку, зьвесткі ж пра ягоных канкурэнтаў альбо завуаляваныя, альбо падаюцца ў адмоўным кантэксьце.

Лідэры ў аднабаковасьці эфіру — тэлеканалы АНТ і СТВ, а таксама дзяржаўнае радыё. У інфармацыйным эфіры Лукашэнку прысьвячаецца больш за 90%. "Тым часам як манера асьвятленьня дзейнасьці прэзыдэнта пазытыўная, дзейнасьць іншых кандыдатаў падаецца ў нэгатыўным сьвятле", — канстатуюць экспэрты, беручы за прыклад аўтарскую праграму Аляксея Міхальчанкі "Як ёсьць" на тэлеканале АНТ. Спроба ўплыву на грамадзянскую думку адчуваецца і ў суботнім выпуску перадачы:

"Я ведаю гісторыю "Пагоні" і бел-чырвона-белага. Найноўшая гісторыя гэтых сымбаляў, на жаль, зьвязаная са спробамі падзяліць адзін народ на два варожыя лягеры. Але ж у адным сыходзяцца ўсе: наша краіна называецца Беларусь — незалежная, сувэрэнная. І не бывае ў такой краіны двух дзяржаўных сьцягоў, гербаў, гімнаў. За існуючыя прагаласавала бальшыня на рэфэрэндуме. Пад гэтыя гімн і сьцяг мы сустракалі перамогі нашых землякоў на плянэтарных спаборніцтвах. Што, калі нашым футбалістам зараз разьмясьціць на грудзях "Пагоню", яны тут жа перагуляюць гішпанцаў і бразыльцаў? Не!".

Дарэчы, 11 сьнежня падчас наўпроставай трансьляцыі з комплексу "Менск-Арэна" музычна-прапагандысцкай акцыі "Беларусь — гэта мы" Лукашэнка зьявіўся перад публікай і заявіў, што беларусам, відавочна, яшчэ пару гадоў давядзецца мець зь ім справу…

У дакладзе экспэртаў АБСЭ таксама адзначаецца, што тэлевыступы кандыдатаў у прэзыдэнты і іхнія дэбаты, якія ўпершыню ад сярэдзіны 1990-х праходзілі ў наўпроставым эфіры Першага каналу, не перапыняліся і не цэнзураваліся, нягледзячы на крытыку ўлады. Аднак далейшае асьвятленьне прэзыдэнцкай кампаніі прадэманстравала скрайнюю ангажаванасьць на карысьць Лукашэнкі. Яшчэ адзін прыклад — зьяўленьне ў нядзельнай перадачы Юрыя Казіяткі "Карціна сьвету" на тэлеканале "РТР-Беларусь" кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўладзімера Макея. Чыноўнік "прааналізаваў" выступы дэмакратычных кандыдатаў у прэзыдэнты:

"Галоўны пасыл — "усё дрэнна". Ваш калега зь Першага тэлеканалу сказаў, што вынес для сябе дзьве рэчы па выніках выступаў кандыдатаў у прэзыдэнты ў тэлеэфіры. Беларускі народ — гэта быдла; кожнай жанчыне мы дадзім па мужыку, што мужыкі імпатэнты і не нараджаюць нармальных дзяцей, і г.д. То бок першы пасыл — гэта "ўсё дрэнна". Другі пасыл — "я прыйду да ўлады і зраблю народ заможным". І ня кажуць пры гэтым, якім чынам усё гэта зробяць… Я хачу, каб людзі бачылі ня толькі гэтую вясёлкавую абалонку, а каб думалі і разважалі, што стаіць за той ці іншай заявай кожнага кандыдата".



У часе нядаўняга візыту ў Беларусь прадстаўніца АБСЭ ў пытаньнях свабоды СМІ Дуня Міятавіч мела шэраг сустрэчаў з афіцыйнымі асобамі, падчас якіх запатрабавала правядзеньня глыбокіх рэформаў у галіне мас-мэдыяў:

Дуня Міятавіч
"Я давяла ўладам, што неабходна неадкладна зрабіць захады дзеля заахвочваньня і падтрымкі аслабленых незалежных мэдыяў і стварыць умовы дзеля стварэньня мэханізму незалежнай самарэгуляцыі СМІ, якія не былі б часткай урадавых структураў. Я падкрэсьлівала ў размове з афіцыйнымі асобамі, што мэдыйнае заканадаўства павінна не абмяжоўваць, а спрыяць разьвіцьцю плюралізму ў СМІ. Я таксама заклікала да распрацоўкі і прыняцьця закону аб доступе да інфармацыі, якога ў Беларусі пакуль няма, а таксама заканадаўства, накіраванага на прыватызацыю дзяржаўных СМІ".

Кіраўнік групы маніторынгу СМІ пры Беларускай асацыяцыі журналістаў Алесь Анціпенка лічыць, што пра пэўныя зьмены датычна інфармацыйнага суправаджэньня сёлетняй выбарчай кампаніі гаварыць можна. Але на агульную сытуацыю, якая склалася ў электронных і друкаваных дзяржаўных СМІ за апошнія паўтара дзясятка гадоў, гэтыя зьмены ніяк не паўплывалі:

Алесь Анціпенка
"Некаторыя зьмены ёсьць. Напрыклад, жывы эфір, калі кандыдаты мелі магчымасьць бесьперашкодна крытыкаваць уладу альбо выкласьці свае погляды без умяшаньня цэнзуры. Гэта ж тычыцца і загадзя заплянаваных выступаў па радыё і на тэлебачаньні — па два разы ў кожным выпадку. Тое ж можна сказаць і адносна тэледэбатаў, хоць, дзеля справядлівасьці, іх нельга назваць паўнавартаснымі з прычыны таго, што дзейны прэзыдэнт адмовіўся ў іх удзельнічаць. Тым ня меней кандыдаты таксама маглі ў эфіры яшчэ раз выступіць. Але гэта, бадай, усе пазытыўныя зьмены. Што да агульнай схемы асьвятленьня выбараў, то яна застаецца ранейшай, і дадзеныя групы маніторынгу БДІПЧ АБСЭ гэта красамоўна пацьвярджаюць".



Традыцыйным уладным рупарам застаецца Першы нацыянальны канал. Як заявілі экспэрты АБСЭ, ад афіцыйнага старту выбарчай кампаніі дзяржаўны канал прысьвяціў Лукашэнку 86% палітычных навінаў. Ягоная дзейнасьць асьвятляецца выключна ў пазытыўным сьвятле, крытычных меркаваньняў адносна Лукашэнкі няма. У бальшыні выпадкаў дзейны кіраўнік краіны меў магчымасьць зьвяртацца да выбарцаў наўпрост. Іншыя ж кандыдаты, наадварот, атрымалі нязначную частку эфіру ў паведамленьнях, прычым іх характарызавалі пераважна як нейкую "групу", ня згадваючы нават прозьвішчаў.

Штатны прапагандыст і вядучы выніковай праграмы "Ў цэнтры ўвагі" Юры Пракопаў і гэтым разам рэклямаваў лукашэнкаўскую схему пабудовы дабрабыту на прыкладзе Ўсебеларускага народнага сходу:

"Пяць гадоў, якія прайшлі пасьля папярэдняга народнага форуму, праверылі беларускую мадэль на трываласьць. За гэты час былі і санкцыі, і "гандлёвыя войны", і ўсясьветны эканамічны крызіс. Мы прайшлі праз такія цяжкасьці, якія могуць вынесьці толькі наймацнейшыя. І беларуская дзяржава давяла сваю эканамічную і палітычную рацыю. У новай Беларусі — вельмі высокая плянка: беспрэцэдэнтныя тэмпы росту эканомікі і дабрабыту людзей. Як падкрэсьліў у сваім выступе кіраўнік дзяржавы, тое, што зроблена, не ідзе ні ў якае параўнаньне з тым, што яшчэ трэба зрабіць".

Нездавальняючую адзнаку выставілі экспэрты АБСЭ і друкаваным афіцыйным СМІ, якія прадэманстравалі "перадузятае стаўленьне да кандыдатаў на карысьць дзейнага кіраўніка краіны". Паводле прадстаўнікоў місіі Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ, калі праграма Лукашэнкі была апублікаваная на першай паласе, то праграмы астатніх кандыдатаў зьявіліся на ўнутраных старонках, што сьведчыць пра парушэньне палажэньня Выбарчага кодэксу, якое гарантуе роўныя правы ўсім кандыдатам.