Альтэрнатыўныя кандыдаты зьняпраўджваюць Макея

  • БелаПАН

Кастрычніцкая плошча. 24 лістапада.

Акцыя 19 сьнежня будзе выключна мірнай – гэтак пракамэнтавалі альтэрнатыўныя кандыдаты на пасаду прэзыдэнта заяву кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Ўладзімера Макея.

Увечары 11 сьнежня ў эфіры тэлеканалу "РТР-Беларусь" Макей паведаміў аб правакацыях, якія нібыта рыхтуюцца на дзень выбараў.

Паводле ягоных словаў, апазыцыйныя кандыдаты на прэзыдэнта рыхтуюць 19 сьнежня на Кастрычніцкай плошчы Менску правакацыі з ужываньнем выбуховых рэчываў.

"Ужо вядома, што яны не зьбіраюцца мірным чынам праводзіць гэтае мерапрыемства. Рыхтуюцца групы баевікоў, закупляюцца цёплыя рэчы, піратэхнічныя і нават выбуховыя рэчывы", – заявіў Макей.

Паводле ягоных словаў, "апазыцыйныя кандыдаты адназначна нацэльваюць людзей, сваіх прыхільнікаў на правакацыі, на стварэньне карцінкі для заходняга тэлебачаньня, каб потым сказаць: вось, бачыце, якая яна ўлада – жорсткая, як яна жорстка паводзіць сябе са сваімі выбарцамі".

"Думаю, ва ўлады дастаткова сілы і сродкаў, каб адрэагаваць спакойна і годна на падобнага роду сытуацыю", – дадаў Макей.

Гэтую заяву Макея кандыдат у прэзыдэнты Мікола Статкевіч расцэньвае як "спробу запалохаць людзей". На думку палітыка, такія заявы сьведчаць аб слабасьці ўлады.

"Гэта чарговая спроба запалохаць людзей. У 2006 годзе тагачасны кіраўнік КДБ Сьцяпан Сухарэнка запалохваў людзей нейкімі дохлымі пацукамі, якіх мы так і ня ўбачылі. Цяпер Макей палохае людзей баевікамі і зброяй", – сказаў Статкевіч у камэнтары БелаПАН.

На думку кандыдата, калі б улады былі ўпэўненыя ў сваёй перамозе на выбарах, яны не рабілі б такіх заяваў.

Названыя заявы Статкевіч расцэньвае як гарантыю таго, што акцыя 19 сьнежня на Кастрычніцкай плошчы пройдзе мірна. "Яны ня будуць прымяняць сілу. Інакш усё тое, што яны казалі, перакладзецца на іх", – лічыць палітык.

Кандыдат Уладзімер Някляеў у сваю чаргу заявіў:

"Калі сёньня нехта рыхтуе тэракт, дык хіба што ўлада. Сама рыхтуе, сама папярэджвае – чытай пагражае. А кандыдатам ад апазыцыі ёсьць чым заняцца: час агітацыі ў нашай краіне кароткі і ўсе імкнуцца атрымаць ад яго максымальны эфэкт. У тым ліку распавесьці аб тым, што выхад на плошчу будзе насіць выключна мірны характар".

9 сьнежня Генпракуратура Беларусі вынесла афіцыйныя папярэджаньні пяці кандыдатам у прэзыдэнты за заклікі да выбарнікаў прыйсьці на Кастрычніцкую плошчу 19 сьнежня. Папярэджаньні атрымалі Мікола Статкевіч, Віталь Рымашэўскі, Уладзімер Някляеў, Яраслаў Раманчук і Андрэй Саньнікаў.