Дзікавіцкі: “19-га глядзіце “Выбарчы вечар” на “Белсаце”

10 сьнежня, у Міжнародны дзень правоў чалавека адзначае трэцюю гадавіну вяшчаньня незалежны тэлеканал “Белсат”. Госьць “Начной Свабоды” – кіраўнік рэдакцыі інфармацыйных праграм “Белсату” Аляксей Дзікавіцкі.




Ганна Соўсь: Аляксей, якія тры найгалоўныя дасягненьні “Белсату” за тры гады працы?

Аляксей Дзікавіцкі:
Паколькі я зьяўляюся кіраўніком рэдакцыі інфармацыйных праграм, то для мяне канечне галоўнае дасягненьне, гэта тое, што мы маем ужо стабільную сетку апэратараў, журналістаў. Тое, што мы выходзім штодзённа, і нашая праграма падоўжылася, а мы пачыналі ад трох хвілінаў, а зараз нашая інфармацыйная праграма "Аб'ектыў" цягнецца аж 25 хвілінаў, больш амаль у восем разоў. Мы маем карэспандэнтаў ня толькі ў Беларусі, але і ў найбольш істотных з нашага пункту гледжаньня краінах Эўропы. Гэта калі хваліцца дасягненьнямі ўласнага аддзелу. Калі хваліцца дасягненьнямі ўсяго каналу, то я лічу, што на другое месца можна паставіць дакумэнталістыку. Справа ў тым, што канал падтрымлівае цэлы шэраг таленавітых беларускіх рэжысэраў, якія робяць фільмы на замову "Белсату", а гэтыя фільмы ня толькі нам падабаюцца, яны адзначаныя на цэлым шэрагу міжнародных фэстываляў.

І трэцяе, гэта бадай што ўнікальная сытуацыя нашага калектыву, калі палякі працуюць з беларусамі і дагэтуль гэта не прывяло да ніякіх канфліктаў. Прычым працуюць у стрэсе, паколькі любое тэлебачаньне, якое перадае штодзённа, гэта вялікі стрэс для усёй каманды. І нягледзячы на розны ўзрост, розныя нацыянальнасьці, розныя паходжаньні, ніколі не было сытуацыі, калі міжнародныя калектыў меў нейкія праблемы.

Соўсь
: Якая аўдыторыя “Белсату“ цяпер? Я разумею, што цяжка назваць дакладныя лічбы, але ўсё колькі прыблізна чалавек глядзіць “Белсат”? У Беларусі і па-за яе межамі?

Дзікавіцкі: Мы неўзабаве будзем праводзіць новае дасьледаваньне. Але паводле вынікаў красавіцкага дасьледаваньня рэгулярна альбо час ад часу канал глядзяць каля 700 тысячаў беларусаў, што для спадарожнікавага каналу, які ня мае наземнай трансьляцыі, мы лічым значнай лічбай. Але ў сьвеце нас можна паглядзець ад Партугаліі да Уралу праз спадарожнік, так што цяжка сказаць, колькі людзей у сьвеце нас глядзяць. Напэўна глядзяць, таму што мы атрымліваем лісты з Расеі, з розных краінаў Эўразьвязу, з розных частак Эўропы.

Соўсь: Ці глядзіць “Белсат” беларуская намэнклятура?

Мы маем карэспандэнтаў ня толькі ў Беларусі, але і ў найбольш істотных з нашага пункту гледжаньня краінах Эўропы.
Дзікавіцкі:
Думаю, што глядзіць. Я раблю такую выснову на прыкладзе свайго аддзелу. На самім пачатку працы вельмі часта здаралася такое, што чыноўнікі не хацелі нам нікога камэнтаваць. Мы тэлефануем, просім пракамэнтаваць і заўсёды, як звычайныя журналісты, размову запісваем. І вельмі часта так бывала, што чыноўнікі казалі: “не, ня будзем камэнтаваць, бо вы такія-сякія”. Мы, канечне, гэта давалі ў эфір, паколькі адсутнасьць камэнтара, альбо такі камэнтар гэта таксама камэнтар. І з часам здарылася так, што цяпер нам практычна ніхто не адмаўляе ў камэнтары, пачынаючы ад прэсавага сакратара прэзыдэнта і заканчваючы сельсаветам. Мне падаецца, што гэта робіцца менавіта таму, што намэнклятура глядзіць, што глупа выглядае, калі не камэнтуе ці абражае журналістаў. Таму лепш падрыхтавацца, папрасіць “патэлефануйце праз паўгадзіны” і пракамэнтаваць. З гэтага я раблю выснову, што намэнклятура глядзіць.

Соўсь: Праз 9 дзён у Беларусі адбудуцца прэзыдэнцкія выбары. У якім рэжыме будзе працаваць “Белсат” 19 і 20 сьнежня?

Думаю, што такога ў гісторыі беларускага тэлебачаньня яшчэ не было. Мы пачынаем а 20 30 паводле менскага часу.
Дзікавіцкі:
Мы перад выбарамі маем цэлы шэраг праграмаў пра выбары, гэта і праграма “Перад выбарам”, і "Два на аднаго" і гэтак далей. У інфармацыйнай галоўнай праграме "Аб'ектыў" мы маем штодзённы выбарчы блёк, дзе і прадстаўляем кандыдатаў, і паказваем як яны езьдзяць па краіне ці за мяжу. А што тычыцца 19 сьнежня, то мы запрашаем усіх, і слухачоў "Свабоды" таксама, і нашых гледачоў запрашаем на "Выбарчы вечар". Думаю, што такога ў гісторыі беларускага тэлебачаньня яшчэ не было. Мы пачынаем а 20 30 паводле менскага часу. Гэта будзе дзьвюхгадзінная праграма ў наўпроставым эфіры, у якую мы запросім вядомых экспэртаў, якія будуць камэнтаваць вынікі выбараў. Мы будзе злучацца ў наўпроставым эфіры праз відэа зь Менскам, зь іншымі рэгіёнамі Беларусі. Паставім там найбольш сьвежыя камэнтары, здымкі, вынікі дасьледаваньняў, так што запрашаем усіх глядзець "Выбарчы вечар" 19 сьнежня. А 20 раніцай (звычайна у нас няма сьвежай апэратыўнай праграмы), але як раз з нагоды выбараў мы будзем штогадзіну перадаваць кароткую праграму з самымі апошнімі дадзенымі пра выбары.

Слухаць ўсю гутарку: