Іранская тэлевізія пакажа інтэрвію Ашціані

Іранскі англамоўны тэлеканал Press TV узяў інтэрвію ў Сакінэ Ашціані, якую выраклі да пакараньня сьмерцю праз забіваньне камянямі паводле абвінавачваньня ў шлюбнай здрадзе і забойстве мужа. Супрацоўнікі тэлевізіі кажуць, што яна расказала пра падрабязнасьці забойства. Інтэрвію мае быць паказаным сёньня ўвечары. Паведамляецца, што інтэрвію тэлеканалу далі таксама яе сын і адвакат, якія знаходзяцца пад арыштам.

Раней улады Ірану абверглі інфармацыю аб вызваленьні Ашціані, якую распаўсюдзіла ў чацьвер адна зь нямецкіх праваабарончых арганізацыяў. Сьмяротны вырак Ашціані выклікаў рэзкае асуджэньне краінаў Захаду і праваабаронцаў.