Кандыдаты ў прэзыдэнты камэнтуюць “маскоўскія пагадненьні”

9 сьнежня ў Маскве Аляксандар Лукашэнка падпісаў дакумэнты, паводле якіх Беларусь абавязвацца пералічваць у бюджэт Расеі экспартнае мыта на нафтапрадукты, якія будуць выраблены з расейскай нафты. Расея ў сваю чаргу абяцае ня браць мыта на нафту, якую пастаўляе ў Беларусь. Як кандыдаты на прэзыдэнта Беларусі паставіліся да гэтага пагадненьня?

Рыгор Кастусёў: «Расея падтрымлівае прарасейскага кандыдата — Лукашэнку»


Рыгор Кастусёў
Рыгор Кастусёў: «Расея мае праект падтрымкі прарасейскага кандыдата, якім ёсьць Аляксандар Лукашэнка. Мяркую, падтрымка і прызнаньне ягонай перамогі плянуецца, і гэта будзе каштаваць нам вельмі дорага — за кошт эканамічных саступак Расеі. Ужо мы бачым гэтыя саступкі — гэта і цана на газ, і мытныя выплаты Расеі, бо хоць частка гэтых грошай магла б застацца ў Беларусі. І мяркую, саступкі будуць нашмат большымі, бо мы ня ўсё ведаем. Магчыма, гэта будуць саступкі і па нафтаперапрацоўчых камбінатах, трубаправодах. На жаль, эканамічных выгадаў гэта Беларусі ня дасьць».


Віталь Рымашэўскі: «У пэрспэктыве Лукашэнка — банкрут »


Віталь Рымашэўскі
Віталь Рымашэўскі: «Падпісаньне гэтых пагадненьняў сьведчыць, што ўжо ніякіх хаўрусьніцкіх стасункаў Лукашэнкі з Крамлём болей няма. Прынамсі зараз. Дакладныя датацыі беларускай эканомікі заканчваюцца. Тое, што расейскай нафта будзе бяз мыта — гэта добра для нашай эканомікі, але гэта будуць празрыстыя схемы, а зараз большасьць працуе па шэрых. І галоўнае, што значна падвышаецца цана газу, праз што раней фактычна датавалася эканоміка. Такім чынам, у пэрспэктыве Лукашэнка — банкрут і ад гэтага банкруцтва Расея яго ўжо не ратуе. Значыць, трэба чакаць хуткай зьмены ўлады, і я мяркую, што Лукашэнка гэта разумее. І спадзяюся, што ў беларускага народу хопіць сілаў для абраньня менавіта беларускай улады. І ў рэшце рэшт за 200 гадоў намі будзе абраны свой прэзыдэнт і парлямэнт, а ня стаўленік Расеі ці Захаду».


Андрэй Саньнікаў: «Кожны дзень Лукашэнкі пры ўладзе — небясьпечны для Беларусі»

Андрэй Саньнікаў
Андрэй Саньнікаў: «Відавочна, што гэта чарговая спроба Лукашэнкі гандлявацца напярэдадні выбараў. Надаваць абяцаньняў і гэтак далей. Але на тое, што адбываецца ў Беларусі, гэта ўплывае ўскосна, паколькі мы ведаем, што ўсё залежыць ад нас. Вырашыць свой лёс і падчас гэтых выбараў вызваліць краіну можам толькі мы. І гэта трэба рабіць, беларусы могуць гэта зрабіць і зробяць.»

Карэспандэнт: «Афіцыйная прапаганда кажа, што гэтае пагадненьне палепшыць эканамічнае становішча. Вы з гэтым згодны?»

Андрэй Саньнікаў: «Я так ня думаю. Па-першае, мяркую, што нічога ня будзе выконвацца. З досьведу мы ведаем, што напярэдадні нейкіх важных падзей Лукашэнка згодны ўсё падпісваць, але потым нічога не выконвае. Гэтым разам тое самае будзе. А тое, што мы страцім ад гэтага пагадненьня — таксама відавочна. Таму што калі з нафтай будзе раўнавага, то цана за газ падвышаецца. Такім чынам гэта пацьвярджае, што кожны дзень Лукашэнкі пры ўладзе — небясьпечны для Беларусі.»



Мікола Статкевіч: «Мне больш цікава, што ён здаў зноў?»

Мікола Статкевіч
Мікола Статкевіч: «Пагаджаюся з ацэнкамі, што гэта моцны піяр-ход Лукашэнкі напярэдадні выбараў. Беларускае грамадзтва, якое прадстаўляе нашу эканоміку, завязаную на Расею, і якое вельмі непакоілася, можа супакоіцца. Было бачна, што ён вельмі стараўся, каб яго прынялі, каб нешта падпісалі такое, што магчыма прадэманстраваць людзям, і свайго дамогся. Але што ён саступіў за гэтую падтрымку ці за тое, што ён выдае за падтрымку, я ня ведаю. Мяркую, мы можам пазьней даведацца шмат непрыемнага. Але ў любым выпадку ўжо зразумела, што праблема нафтавага афшору празь Беларусь для Расеі не існуе, а для нас не існуе такой важнай і каштоўнай крыніцы папаўненьня бюджэту.

Такім чынам складаная сытуацыя ў беларускай эканоміцы не палепшыцца дзякуючы гэтаму рашэньню. З нафтавым афшорам скончана, але праблема дэфіцыту плацёжнага балянсу будзе стаяць гэтак жа, як і зараз стаіць. І тыя цяжкасьці, якія нам прагназавалі, ня зьніклі. Але мяне больш усё ж цікавіць: што ён зноў здаў за гэтую падтрымку?»


Яраслаў Раманчук: «Гэта пагадненьне не паміж краінамі, а паміж нафтавымі кланамі»


Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук:
«Падпісаныя пагадненьні — гэта параза і адначасова перамога двух слабых прэзыдэнтаў. Кожны зь іх разумее, што інтэграцыйныя пагадненьні буксуюць, і што на гэтай тэматыцы можна набыць электаральныя балы. Лукашэнка па сутнасьці прыняў пазыцыю Крамля, хаця і кажа, што гэта ягоная перамога. А Крэмль кажа, што ён прымусіў Лукашэнку падпісаць гэтыя пагадненьні. Але падпісаныя і рэалізаваныя пагадненьні — гэта розныя рэчы. Застаецца шмат адкрытых пытаньняў. Якіх? Прыкладам, калі адзіная эканамічная прастора, то ўвогуле не павінна быць гандлёвых бар’ераў. Значыць, Беларусь ня зможа прадаваць свае тавары гэтак, як сёньня. Другое пытаньне, як і празь які мэханізм будуць аддаваць мыта? І такіх пытаньняў шмат.»

Карэспандэнт: «Заяўлена, што з пагадненьня выключана нафта, завезеная з трэціх краін. Ці ня можа так стацца, што Беларусь будзе выдаваць усе прададзеныя нафтапрадукты за тыя, што зробленыя, прыкладам, з вэнэсуэльскай нафты, а не з расейскай, і зноў узьнікне канфлікт паміж краінамі?»

Яраслаў Раманчук: «Гэтак можа быць, бо такая схема — шанец для падману. Таксама гэта шанец для тых нафтавых алігархаў і баронаў, якія працуюць з Лукашэнкам праз шэрыя схемы. Гэтыя пагадненьні падпісаныя не паміж краінамі, а паміж нафтавымі кланамі».



Уладзімер Някляеў: «Ня думаю, што палітыка Расеі адносна прызнаньня выбараў зьмянілася»


Уладзімер Някляеў
Уладзімер Някляеў
: «Тое, што падпісана ў Маскве, чакалася, і я ня ведаю, чаго тут так ужо перажываць. Ну, можа, ня надта чакалася апошняе, што бяз мыта пойдзе 100% нафты і тое, што ўсё, што пойдзе на захад, будзе належаць Расеі. Але ўсё роўна я ня бачу тут такой небясьпекі, пра якую некаторыя кажуць. Што зноў Расея нібыта будзе падтрымліваць Лукашэнку. Што зноў пачуем „сукін сын, але свой“. Мяркую, гэтага ня будзе, і Расея не адмовіцца ад сваёй палітыкі адносна Лукашэнкі, ад якога вырашана пазбавіцца. Прэзыдэнт Мядзьведзеў падчас паездак па сталіцах краін Эўропы выразна кажа пра гатоўнасьць шчыльна супрацоўнічаць у палітычнай, эканамічнай, вайсковай сфэры. Гэта ўсё стратэгічная палітыка Расеі, і тут Лукашэнка проста будзе замінаць. Ужо ня кажучы пра іх асабістыя адносіны».

Карэспандэнт: «Ці ня думаеце вы, што гэтым пагадненьнем Аляксандар Лукашэнка выгандляваў сабе будучае прызнаньне выбараў?»

Няклаеў: «Ня думаю, што палітыка Расеі адносна прызнаньня ці непрызнаньня выбараў зьмянілася. Мяркую, што там закладзеная такая тактыка: ня будзе прызнаньня адразу, у любым выпадку Расея зробіць паўзу, паглядзіць на дзеяньні Эўразьвязу, патрымае Лукашэнку ў падвешаным стане і будзе прымаць рашэньні эканамічнага кшталту. Ёсьць мэханізмы, якімі яна можа кіраваць Лукашэнкам як заўгодна. Такім чынам я не расцэньваю гэтыя пагадненьні як мэсыдж беларусам: ідзіце і абірайце Лукашэнку. Іншая справа, што прапаганда гэта скарыстае, але гэтак заўсёды было».

Віктар Цярэшчанка, Дзьмітры Вус і Алесь Міхалевіч ад камэнтароў устрымаліся, спаслаўшыся на тое, што падчас паездак па Беларусі ня мелі магчымасьці дэталёва вывучыць падпісаныя пагадненьні.