Пазьняк: “Някляеў адэкватна зразумеў схему псэўдавыбараў”

“Апошнія дамоўленасьці Лукашэнкі ў Маскве паказваюць, што за прызнаньне выбараў і захаваньне ўлады ён гатовы на чарговы гандаль нацыянальнымі інтарэсамі” – заявіў старшыня КХП-БНФ Зянон Пазьняк.

Камэнтуючы прапанову Уладзімера Някляева да альтэрнатыўных кандыдатаў зьняцца з выбараў, лідэр Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк у інтэрвію Радыё Свабода сказаў:

Пазьняк: Яшчэ ў самым пачатку выбарчай кампаніі я казаў, што фармальна, аб'ектыўна і незалежна ад палітычнай рыторыкі толькі Някляеў зьяўляецца рэальным альтэрнатыўным кандыдатам супраць рэжыму Лукашэнкі, бо толькі Някляеў рэальна сабраў патрэбную колькасьць подпісаў грамадзянаў, каб быць зарэгістраваным кандыдатам у прэзыдэнты. Астатнія восем кандыдатаў 100 тысячаў подпісаў не сабралі і былі фактычна прызначаныя рэжымам, уключаныя ў яго выбарчую гульню. Таму менавіта ад Някляева можна было спадзявацца самастойнай пазыцыі і рэальнай ацэнкі палітычнай сытуацыі. І

І тут здарыўся якраз той выпадак, калі тэорыя пацьвердзілася практыкай. Ён адзіны, які адэкватна зразумеў палітычную схему псэўдавыбараў, і прапанаваў свабоднае рашэньне, прычым -- адзіна правільнае рашэньне выхаду з тупіка, якое магло б перакуліць усю сыстэму фальшывых выбараў. Менавіта -- паставіць умовай выкананьне закону, і пры адмове яго выкананьня зьняцца ўсім кандыдатам. А ўмова такая: Лукашэнка ня мае законнага права чацьвёрты раз балятавацца на выбарах. Істотна, што Някляеў імкнецца пераканаць астатніх спарынг-партнэраў зрабіць гэты грамадзянскі крок.

Гэта важна, бо сытуацыя імкліва горшыць. Апошнія дамоўленасьці Лукашэнкі ў Маскве паказваюць, што за прызнаньне выбараў і захаваньне ўлады ён гатовы на чарговы гандаль нацыянальнымі інтарэсамі. І ўжо здае іх на нашых вачах. Удзел спарынг-партнэраў у выбарчым спэктаклі рэжыму выглядае цяпер ужо зусім дрэнна.

Але складанасьць у тым, што каб асягнуць вынік, зьняцца з выбараў трэба ўсім. Ці здольныя яны гэта зрабіць? -- пытаньне амаль рытарычнае. Тым ня менш, яно ўжо пастаўлена. І гэта той канкрэтны выпадак, калі лёс Бацькаўшчыны залежыць ня толькі ад Лукашэнкі.