"Трымаецца ён за ўладу ўсім, чым можа, бо ведае, за што адказваць давядзецца"

На Усебеларускім сходзе Лукашэнка абвясьціў, што не трымаецца за ўладу. Як вы ставіцеся да гэтай заявы? Адказваюць гарадзенцы.
Спадар: "Як на мяне, то ён папросту хлусіць, а сам ужо 16 год кіруе. Правёў рэфэрэндум, працягнуў паўнамоцтвы да скону. Думаю, для яго ўлада — гэта яго жыцьцё. Калі ён яе страціць, то ён сам дакладна ведае, што будзе прыцягнуты да адказнасьці".

Спадар:
"Трымаецца, і вельмі. Таму што калі яго не абяруць, то давядзецца адказваць за шмат якія рэчы, у тым ліку і за зьніклых людзей. А гэта ўжо будзе зусім непрыемна. У яго няма шляху назад. Нават калі абяруць ягонага пераемніка, то ён павінен быць недзе побач, каб не дапусьціць рэвізіі таго, што ён нарабіў".

Спадарыня:
"Я лічу, што трымаецца ён за ўладу, і відаць, што вельмі трымаецца, баіцца страціць уладу. І баіцца не таму, што кандыдаты горшыя за яго, а таму, што ня хоча яе нікому аддаваць, хоча мець толькі для сябе".

Спадар: "Ведаеце, я апошнім часам імкнуся ў палітычныя пытаньні ня ўлазіць. А што датычыць вашага пытаньня, то кожны дарослы чалавек адказ добра разумее… Я ня буду вам нічога казаць".

Спадар: "Усе, як кажуць, трымаюцца за ўладу, а ён сказаў, што не трымаецца — вось і ўсё. А раз ён сказаў, што не трымаецца, то што ён будзе падманваць? Ён жа кажа: калі народ прагаласуе, то ён будзе несьці свой крыж".

Спадар: "Яму лепей відаць, але ўсё ж зразумела, што трымаецца ён за ўладу. Улада ёсьць улада, і кожны яе хоча мець".

Карэспандэнт: "А вы таксама хочаце мець уладу?"

Спадар: "А хто гэтага ня хоча…"

Спадар:
"Цяжка сказаць, але многія людзі лічаць, што ён трымаецца за ўладу. І паглядзіце — за яго людзі галасуюць: пэнсіянэры, міліцыянты і іншыя сілавікі. Іх жа ніхто не прымушае, яны самі аддаюць за яго свой голас".