ЦВК разгледзіць заяву аб зьняцьці Лукашэнкі

Мікалай Лазавік

9 сьнежня ў Менску пройдзе чарговае пасяджэньне Цэнтрвыбаркаму, на якім будуць разгледжаныя заявы кандыдатаў у прэзыдэнты Ўладзімера Някляева і Андрэя Саньнікава, а таксама сябра Менскага выбаркаму Галіны Семдзянавай і аднаго зь лідэраў кампаніі "За свабодныя выбары" Сяргея Калякіна.

Калякін і Сямдзянава просяць зьняць з рэгістрацыі кандыдата Аляксандра Лукашэнку«ў сувязі з тым, што пры рэгістрацыі ініцыятыўнай групы А. Г. Лукашэнкі былі груба парушаныя патрабаваньні Выбарчага кодэксу". На іх думку, быў парушаны арт. 61 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь, у адпаведнасьці зь якім сьпіс ініцыятыўнай групы ў Цэнтравыбаркам прэтэндэнт павінен падаваць асабіста. Аднак дакумэнты аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Лукашэнкі падаваў ня ён асабіста, а Аляксандар Радзькоў, кіраўнік групы па зборы подпісаў.

Сяргей Калякін заявіў "Свабодзе", што прэтэнзіі маюцца і да таго, што А.Лукашэнка правёў у адміністрацыі сустрэчу з даверанымі асобамі ў працоўны час, тым самым парушыўшы роўнасьць паміж кандыдатамі.

У.Някляеў і А.Саньнікаў просяць дадатковага часу на тэлебачаньні. Пра гэта паведаміў "Свабодзе" сакратар ЦВК Мікалай Лазавік.