Ізраіль: пажар лякалізаваны, падазраваныя віноўнікі затрыманыя

На поўначы Ізраілю, каля гораду Хайфа, лякалізаваны найбуйнейшы у гісторыі краіны лясны пажар, зь якім вялося змаганьне 4 дні.
“Агонь знаходзіцца пад кантролем, новых ачагоў узгараньня няма”, -- паведаміў кіраўнік пажарнай службы Шымон Ромах.

У змаганьні з пажарам Ізраілю дапамаглі Турэччына, Грэцыя, Вялікая Брытанія, Францыя, Расея, іншыя краіны, а таксама Палестынская аўтаномія. ЗША накіравалі на дапамогу найбуйнейшы у сьвеце адмысловы самалёт для тушэньня лясных пажараў.

Паводле ізраільскай паліцыі, затрыманыя два 16-гадовыя падлеткі, якіх падазраюць у неасьцярожным абыходжаньні з вагнём, што магло выклікаць пажар, у выніку якога загінуў 41 чалавек, больш як 17 тысяч былі эвакуяваныя. Пажар зьнішчыў 5 тысяч гэктараў – амаль палову лясоў на гары Кармель.