Рыгор Кастусёў пайшоў у народ

Рыгор Кастусёў

Сёньня кандыдат на прэзыдэнта ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў праводзіў перадвыбарчыя сустрэчы ў Івацэвічах, Белаазёрску, Бярозе. Ва ўмовах цяперашняй кампаніі, калі выбарцы не вельмі ахвотна прыходзяць у залі, спадар Кастусёў сам пайшоў у народ, наладзіў свае пікеты ў людных месцах.



На цэнтральным рынку ў Івацэвічах Рыгора Кастусёва адразу пазнаў прыхільнік апазыцыі рабочы кампаніі "Івацэвічыдрэў" і задаў самае актуальнае на ягоны погляд пытаньне:

Рабочы: "Мне цікава наконт адзінага кандыдата, усё роўна трэба на плошчу ехаць, бо якія гэта выбары без выбару?"

Кастусёў: "Адзіным хутчэй за ўсё будзе той, які разам з Лукашэнкам выйдзе ў дугі тур выбараў" .

Прыкметна, што спадара Кастусёва запомнілі па ягоных выступах па БТ, хаця не ўсе іх ацанілі станоўча:

Пэнсіянэр: "Трэба было спачатку прамову вывучыць на памяць, а не праз кожную хвілінку паглядваць у паперку".

Кастусёў: "Такія рэчы на памяць складана вывучыць, а я як студэнт рыхтаваўся ў апошнюю ноч".

Пікет у Белаазёрску

Але большасьць гандляроў на рынку і пакупнікоў размаўлялі з кандыдатам прыхільна, дзякавалі за тое, што ён да іх прыйшоў:

Гандлярка: "Ну а калі мы вас абяром, як ужо тады зажывем?"

Кастусёў: "Скажу адно: улады не павінны перашкаджаць людзям добра жыць. Трэба стварыць умовы, каб яны працавалі, зараблялі грошы і каб іх ня мучылі, каб вы тут ня мерзлі, а каб для вас былі добрыя ўмовы".

Пакупнік: "Я ўжо за тое, каб зьняць гэтага нашага прэзыдэнта, бо сапраўды дыктатар. Хоць і галасаваў я за яго калісь, але цяпер ужо ня буду".

Тут жа на івацэвіцкім рынку Рыгора Кастусёва сустрэлі доўгатэрміновыя назіральнікі АБСЭ Брыгіта Хоер і Карнэліус Куйманс, якія пацікавіліся ягонымі ацэнкамі выбарчай кампаніі:

Куйманс: "Мяне завуць Карнеліўс, рады вас бачыць. Я назіральнік АБСЭ. Скажыце, як бы вы ацанілі хаду вашай кампаніі на гэты момант".

Кастусёў: "У параўнаньні зь мінулымі кампаніямі канешне гэтая кампанія праходзіць нашмат больш свабодна і дэмакратычна. Але дваіх чалавек з маёй ініцыятыўнай групы з парцы звольнілі".

Гутарка зь міжнароднымі назіральнікамі

Апрача таго спадар Кастусёў выказаў назіральнікам задавальненьне увагай выбарцаў да сваёй асобы, але заявіў, што доступ да СМІ для апазыцыйным кандыдатам абмежаваны.

Размову Кастусёва з выбаршчыкамі і міжнароднымі назіральнікамі з адлегласьці 20 мэтраў здымаў на відэа невядомы ў цывільным. Спадар Кастусёў падышоў і да яго. Той адказаў, што нідзе не працуе, а здымае для свайго архіву.

.Відэаапэратар-"аматар"

У Белаазёрску ля Гандлёвага цэнтру Кастусёва на марозе чакала дзясятка тры пэнсіянэраў і актывісты апазыцыі, якія даведаліся пра прыезд кандыдата ў іх горад.

Спадарыня: "Мы адразу вас пазналі. Мы вас чакалі".

Кастусёў: "Можа пытаньні якія ёсьць?"

Спадар: "Вось вы нешта абяцаеце, не толькі вы, але і іншыя. Абяцаць то можна шмат, а вось ці выканальна гэта? Ну скажам наконт мэдыцынскага абслугоўваньня. Да чаго дайшло? Каронку паставіць на зуб – 50 тысяч. Адкуль жа іх узяць столькі?"

Кастусёў: "А я вам пра Касьцюковічы раскажу – нават аналізы здаць – там за гэта грошы пачалі браць".

Агітацыя на Івацэвіцкім рынку

Апрача дарагой мэдыцыны пэнсіянэры скардзіліся кандыдату на высокія цэны ў крамах:

"Не падабаецца, што ў кожнай краме цэны іншыя. Трэба хадзіць старому чалавеку, там вышэйшыя цэны там ніжэйшыя, шукаць… Тыя крупы, каб была 8 тысяч грэчка? Куды гэта варта, калі мы вырошчваем сваё ўсё".

Вечарам Рыгор Кастусёў прыехаў у Бярозу, дзе мясцовыя ўлады дазволілі яму сход у філіяле Дому культуры.

Агітацыя на Івацэвіцкім рынку