Другое звальненьне за ролік «Бабуля-2010»

Пасьля звальненьня Яўгена Шапчыца, рэжысэра роліка пра бабулю, перадвыбарчую агітацыю і пашпарт, звольнілі Паўла Бандзіча, які выканаў ролю зборшчыка подпісаў у гэтым роліку.

У першы дзень зьяўленьня ў інтэрнэце роліка пра бабулю яго паглядзелі 23 тысячы гледачоў. Адмыслоўцы адзначылі, што ролік рабіў прафэсіянал. Як пазьней распавёў сам рэжысэр, тады яшчэ відэаінжынэр мантажу Белтэлерадыёкампаніі Яўген Шапчыц:

«Я зараз вучуся ў Акадэміі мастацтваў. Пакуль яшчэ вучуся. Вось гэта, так бы мовіць, першая курсавая праца мая — „сацыяльная рэкляма“».

І хоць афіцыйная абарона курсавых працаў у Акадэміі мастацтваў звычайна адбываецца ў сакавіку, кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі чамусьці само вырашыла ацаніць яе і паставіла «нездавальняюча». Падобна, не за творчасьць, а за ідэалягічную скіраванасьць:

Яўген Шапчыц
«Ніякіх наездаў, прэтэнзіяў не было. На наступны дзень пасьля таго, як зьявіўся ролік на YouTube, мяне запрасіў мой кіраўнік непасрэдны. Размова была вельмі кароткая і спакойная. Ён падзякаваў за працу і сказаў: «Ну, вы ж разумееце… І я ўсё разумею. Далей мы ня зможам з вамі працаваць. Напішыце, калі ласка, заяву з фармулёўкай „звальненьне па згодзе бакоў“. Раней гэта „па ўласным жаданьні“ называлася, зараз у сувязі з кантрактнай сыстэмай — „па згодзе бакоў“».

Праз тыдзень пасьля звальненьня рэжысэра роліка Яўгена Шапчыца звольнілі і Паўла Бандзіча, які выканаў адну з галоўных роляў, зборшчыка подпісаў за кандыдата Жырафенку. Павал працаваў у Міжнародным экалягічным унівэрсытэце імя Сахарава кіраўніком тэатральнай студыі, у яго быў бестэрміновы кантракт. Але і яго ветліва папрасілі сысьці:

«З-за таго, што ў мяне вельмі цёплыя і добрыя адносіны з усім калектывам Сахараўскага ўнівэрсытэту, у тым ліку і з рэктарам, і з прарэктарам, я не пайшоў на канфлікт. Па іх просьбе напісаў заяву „па ўласным жаданьні“».

Прычым у абодвух выпадках непасрэднае кіраўніцтва хлопцаў сарамліва адводзіла вочы.

Шапчыц: «Ня мой непасрэдны кіраўнік глядзеў, а вышэйшае кіраўніцтва. Расьсьледаваньнем, наколькі я ведаю, займаўся Аляксандар Мартыненка, намесьнік старшыні Белтэлерадыёкампаніі, кіраўнік АТН».
Гэта быў загад. Яны павінны былі яго выканаць, таму я зла на іх не трымаю.

Выканаўца ролі зборшчыка подпісаў за Жырафенкі Павал Бандзіч пацьвярджае, што за гэтым стаяць ідэолягі:

«Гэта быў загад. Яны павінны былі яго выканаць, таму я зла на іх не трымаю».

Бюджэту ў роліка не было ніякага, камэру пазычылі ў знаёмых, усе акторы працавалі на энтузіязьме, без ганарару, «за ідэю», як кажуць. Павал Бандзіч пошукамі новай працы пакуль яшчэ не займаўся — яго звольнілі літаральна ўчора. А ў Яўгена Шапчыца ўжо шмат цікавых прапановаў:

«Зараз адкрываецца шмат іншых шляхоў. Ужо ня я шукаю працу, а праца мяне шукае».

Ня толькі беларускія ідэолягі перастрахаваліся, але і адміністрацыя парталу YouTube таксама зьняла ролік з тлумачэньнем «ролік мае непрымальны зьмест». Зрэшты, неўзабаве ён быў зноў загружаны на YouTube.

http://player.vimeo.com/video/16991347?byline=0&portrait=0&color=ffffff&loop=1