Мікола Статкевіч і Дзьмітры Вус сустракаліся з выбарнікамі ў Баранавічах

Кандыдаты ў прэзыдэнты Мікола Статкевіч і Дзьмітры Вус праводзілі 2 сьнежня сустрэчы з выбарнікамі ў Баранавічах. Ім вылучылі самую вялікую залю гораду – гарадзкі дом культуры.

У зале 500 месцаў, але на сустрэчу з кандыдаты ў прэзыдэнты прыйшло толькі каля 100 выбарцаў. Магчыма, таму, як патлумачылі мясцовыя людзі, што вельмі позна гарадзкая выбарчая камісія разьмясьціла інфармацыю пра гэтую сустрэчу, і што нечакана ў апошні момант было зьмене месца сустрэчы. Ва ўступным слове кандыдат Мікола Статкевіч заявіў, што горад Баранавічы для яго – другая радзіма. Тут жыве ягоны бацька, тут пахаваная яго маці, і тут ён сам больш за год працаваў і адбываў пакараньне на так званай "хіміі". Спадар Статкевіч заявіў, што Беларусь застаецца краінай-ізгоем у Эўропе, бо тут няма вольных выбараў з 1994 году, тут няма свабоды слова, няма свабоды СМІ. Ён падрабязна спыніўся на тэме фальсыфікацый на беларускіх выбарах, на тым, як гэта робіцца, як ідзе падлік галасоў, і на яго думку, гэта робіцца горш чым у некаторых афрыканскіх краінах, дзе ўсё ж лічаць галасы. Праграмы кандыдатаў – гэта другаснае, заявіў спадар Статкевіч, галоўнае – каб у Беларусі былі выбары, каб вярнулі вольную практыку выбараў.


Кандыдат Дзьмітры Вус у сваім уступным слове заявіў, што ён пайшоў у палітыку пасьля таго, як у яго як бізнэсоўца пачаліся праблемы ў адносінах зь дзейнай уладай, і як улады не зарэгістравалі яго для ўдзелу ў выбарах у Палату прадстаўнікоў і Менскі гарсавет.



Выпадкова ці не, але ў дзень прыезду Статкевіча і Вуса побач з домам культуры ўлады наладзілі фэст – адкрыцьцё гарадзкой навагодняй елкі. Да Статкевіча і Вуса ў Баранавічах пабывалі кандыдаты Рыгор Кастусёў, Андрэй Саньнікаў, Яраслаў Раманчук, а 9 сьнежня чакаецца прыезд Уладзімера Някляева.