Маршруты кандыдатаў: Лагойск, Мазыр, Асіповічы. І Брусэль

Яраслаў Раманчук рыхтаваўся да выступу на тэлебачаньні. Дзьмітры Вус паехаў у Баранавічы разам зь Мікалаем Статкевічам. Андрэй Саньнікаў сустракаўся з журналістамі ў Менску. Чым займаліся кандыдаты ў прэзыдэнты і іх прадстаўнікі 2 сьнежня?

2 лістапада Яраслаў Раманчук выступае на беларускім тэлебачаньні і таму ўвесь вольны час прысьвяціў падрыхтоўцы гэтага выступу. Гэта будзе зноў расповед пра праграму, ці выступ будзе прысьвечаны аналізу сёньняшняй сытуацыі ў краіне?

«Гэта зусім іншы выступ, які не паўтарае папярэдні, а дапаўняе. Але зноў і гэты выступ, як ранейшы і як радыёвыступы, раскрывае маю праграму. Асноўнае ў ім: што і як рабіць пасьля 19 сьнежня».

Кандыдат у прэзыдэнты Віктар Цярэшчанка распавёў пра свой працоўны дзень: праца з даверанымі асобамі, праца з выбарцамі і падрыхтоўка да тэлевыступу. Цярэшчанка задаволены тым рэзанансам, які мела яго зьяўленьне на экране тыдзень таму:

«1447 было тэлефонных званкоў. Прыкладна. Такую лічбу я запомніў».

Прадстаўнік Рыгора Кастусёва Аляксей Янукевіч распавёў пра дзень свайго кандыдата.

«Сёньня зранку ён запісваў выступ на радыё, а ўвечары — мы вось зараз выяжджаем — будзе сустрэча з выбарцамі ў Лагойску». Для сустрэчы з кандыдатам ад партыі БНФ Рыгорам Кастусёвым мясцовыя ўлады прапанавалі раённы Дом культуры. Ці будзе людзей столькі, каб не было сорамна? Аляксей Янукевіч спадзяецца на посьпех: паводле лідэра партыі БНФ, напярэдадні ў Лагойску былі распаўсюджаныя ўлёткі з прапановай сустрэцца з кандыдатам Кастусёвым.

Тэлефонны званок «Свабоды» засьпеў Дзьмітрыя Вуса ў аўтамабілі — кандыдат выправіўся ў паездку ў Баранавічы, дарэчы, разам зь іншым прэтэндэнтам на прэзыдэнцкую пасаду, Мікалаем Статкевічам. Пытаюся ў Дзьмітрыя Вуса, ці ёсьць нейкая рэакцыя ўладаў на ягоную ранейшую заяву пра тое, што ўжо ёсьць разнарадка, дзе і колькі галасоў мусіць сабраць Аляксандар Лукашэнка:

«Магу сказаць, што людзі да гэтага ставяцца нэгатыўна, вельмі нэгатыўна, а як улады — вось зараз у Баранавічах даведаемся.

Алесь Міхалевіч сёньня працягвае сустрэчы ў Магілёве, у прыватнасьці вечаровая сустрэча з выбарцамі адбудзецца ў 21-й сярэдняй школе.

Працягваецца замежная паездка Віталя Рымашэўскага. Раніцай у Брусэлі кандыдат на прэзыдэнта Беларусі сустрэўся са старшынём Эўрапарлямэнту Ежы Бузэкам, а ўвечары накіруецца ў Галяндыю. Тым часам давераныя асобы кандыдата вандруюць па Віцебскай вобласьці. Павал Севярынец збольшага задаволены тым, колькі выбарцаў прыходзяць на сустрэчы:

«Калі сустрэчы ў першай палове дня, то прыходзіць па некалькі дзясяткаў чалавек. Вось было 50 чалавек у Глыбокім, 45 чалавек у Паставах, 65 у Мёрах. Сёньня ў Дзісьне мы сустракаліся з кіраўніцтвам гарвыканкаму, са старэйшынам гораду і агітавалі на кірмашы».

Давераныя асобы Андрэя Саньнікава, былы міністар абароны Павал Казлоўскі і вядомы палітык Юры Хадыка, праводзяць сёньня сустрэчу з выбарцамі ў Мазыры. Сам кандыдат заняты ў Менску сустрэчамі з журналістамі. А Ўладзімер Някляеў сустракаўся з выбарцамі ў Бабруйску і ўвечары яго чакаюць у Асіповічах.