Амэрыканцам дазволілі кантакты з "Лакафарбай" і "Полацк-Шкловалакно" яшчэ паўгоду

Злучаныя Штаты чарговы раз працягнулі рашэньне аб зьмякчэньні санкцый у дачыненьні да двух беларускіх прадпрыемстваў канцэрна "Белнафтахім" - ААТ "Лакафарба" і "Полацк-Шкловалакно".

Як паведамляе ў заяве для прэсы Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША, дзеяньне санкцый да гэтых двух прадпрыемстваў зноў прыпынена на паўгоду – гэтым разам да 31 траўня 2011 году. У названы пэрыяд амэрыканскім грамадзянам дазволена супрацоўніцтва з гэтымі беларускімі прадпрыемствамі.

Усе астатнія санкцыі ЗША, уведзеныя ў дачыненьні канцэрну "Белнафтахім" яшчэ ў чэрвені 2006 году, застаюцца ў сіле з-за адсутнасьці прагрэсу ў пытаньнях правоў чалавека і з-за няспынных абмежаваньняў асноўных свабодаў, гаворыцца ў заяве.

Паводле Дзярждэпартамэнту, далейшы лёс санкцыяў залежыць ад дзеяньняў беларускіх уладаў датычна дэмакратыі і правоў чалавека, у тым ліку ад таго, як ў сьнежні 2010 году пройдуць прэзыдэнцкія выбары.

Увосень 2008 году, пасьля таго як улады Беларусі вызвалілі шэраг палітвязьняў, Міністэрства фінансаў ЗША на паўгоду зьмякчыла эканамічныя санкцыі ў дачыненьні да двух прадпрыемстваў аб'яднаньня "Белнафтахім" -- ААТ "Лакафарба" і "Полацк-Шкловалакно". Ад таго часу гэтае рашэньне падаўжалася пяць разоў, з інтэрвалам паўгоду.