Чыя ж друкаваная прадукцыя «ўжо тыдзень» ляжыць на складзе?

Старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына падчас чарговага паседжаньня камісіі выказала зьдзіўленьне, што кандыдаты на прэзыдэнта не забіраюць са складоў друкаваную прадукцыю, якая там «ляжыць ужо тыдзень». Чые ўлёткі і плякаты заляжаліся на складах друкарняў?

У штабе Андрэя Саньнікава заяўляюць, што выказваньні ЦВК ня маюць дачыненьня да іх кандыдата. Бо друкаваная прадукцыя адгружаецца, як кажуць, «з калёс», паведаміў «Свабодзе» кіраўнік штабу Ўладзімер Кобец:

«Наша прадукцыя не ляжала на складзе ані дня. Як толькі была аддрукаваная, то ў тую ж самую гадзіну была дастаўленая нам і разьмеркаваная па рэгіянальных структурах. А чыя прадукцыя ляжыць, мы ня ведаем».

Кандыдат на прэзыдэнта Алесь Міхалевіч таксама заявіў, што выказваньні Лідзіі Ярмошынай яго ня тычацца. Але не выключае, што такое можа быць:

«Я вельмі зьдзіўлены. Бо ў мяне ўсё, што друкуецца, як толькі друкарня паведамляе, што нейкая частка надрукаваная, то мы адразу забіраем, і прадукцыя абсалютна не залежваецца. Але пры дзесяці кандыдатах, можа, і ня дзіўна, што ў кагосьці з кандыдатаў такая сытуацыя ўзьнікла».

Яшчэ адзін кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч таксама адмаўляе факт таго, што друкаваныя матэрыялы залежваюцца:

«Па-першае, вельмі шмат намаганьняў спатрэбілася, каб надрукаваць гэтую прадукцыю. Па-другое, мая прадукцыя разабраная і разьвезеная па рэгіёнах. Мы нават часткамі забіралі, як толькі яна друкавалася».

У штабе Ўладзімера Някляева паведамляюць, што затрымкі з друкаваным матэрыяламі сапраўды ёсьць і зьвязаныя з арганізацыйнымі пытаньнямі. Але складаваньня ўлётак таксама не здаралася, кажа кіраўнік штабу Андрэй Дзьмітрыеў:

«Я ня ведаю і ня думаю, што гэта тычыцца нас. Паліграфічная прадукцыя друкуецца, хоць і ня так хутка, як таго хацелася б. Але на гэта ёсьць розныя прычыны. Але я думаю, што ўсё будзе ў парадку».

І ў іншых штабах кандыдатаў адмаўляюць тое, што друкаваныя матэрыялы доўга ляжаць на складзе. Да прыкладу, у штабе Рыгора Кастусёва. Гаворыць Сяржук Семянюк:

«Мы зьвярнуліся ў дзяржаўную друкарню, замовілі наклад і, паводле дамовы, павінны забраць учора і сёньня. Учора мы забіралі каля 300 тысяч улётак і сёньня рэшту іх, 450 тысяч. Таму якраз у нас абсалютна не залежваецца прадукцыя».

У штабе Яраслава Раманчука заяўляюць, што іх улёткі і плякаты ня толькі не заставаліся на складзе, але яшчэ і друкаваліся са спазьненьнем. Але ня выключана, што чыесьці матэрыялы сапраўды складаваліся, кажа адказны за друкаваную прадукцыю Раман Глушакоў:
Я думаю, што тут у першую чаргу ёсьць ціск на друкарні з нагоды адгрузкі.


«Праблема зусім іншая ў зьвязку з тым, што паводле тэрмінаў прадукцыя павінна быць адгружаная значна раней, чым мы яе атрымоўваем. Кандыдаты зацікаўленыя, каб яе атрымаць раней, каб давесьці свае праграмы да выбарнікаў. Я думаю, што тут у першую чаргу ёсьць ціск на друкарні з нагоды адгрузкі. Цалкам верагодна, што друкаваная прадукцыя выдрукавана і даўно ляжыць на складах».

Дзяніс Садоўскі, які адказвае за друк у штабе Віталя Рымашэўскага, паведаміў «Свабодзе», што друкаваная прадукцыя іх кандыдата, ня толькі не залежваецца, але таксама друкуецца зь перашкодамі і спазьненьнем:

«Я штодня па тры разы на дзень ежджу ў друкарню, размаўляю з дырэктарам, каб усё ж быў выдрукаваны той наклад, які мы замаўлялі. У нас нават скончылася даверанасьць, выданая ЦВК, на адгрузку гэтай прадукцыі, а яна проста ня зробленая. Прычыны банальная: ніхто ня хоча зьвязвацца з палітычным друкам, пачынаючы ад таго, хто прадае паперу, фарбу, і заканчваючы рабочым, які стаіць за станком. Пра гэта мне казаў дырэктар фабрыкі. Таму ў нас проста вельмі і вельмі нестае друкаваных матэрыялаў».

Яшчэ адзін кандыдат у прэзыдэнты Дзьмітры Вус адмовіўся пракамэнтаваць заявы старшыні ЦВК. Пра стан друкаванай прадукцыі кандыдатаў на прэзыдэнта Віктара Цярэшчанкі і Аляксандра Лукашэнкі нічога высьветліць не ўдалося.