Кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі Віталю Рымашэўскаму і Міколу Статкевічу сёньня Цэнтральная выбарчая камісія вынесла афіцыйныя папярэджаньні. ЦВК адмовілася разглядаць пытаньне аб адмене рэгістрацыі кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнкі, а таксама не дазволіў назіральнікам кругласутачнага назіраньня за скрынкамі для бюлетэняў падчас датэрміновага галасаваньня.
Адметнасьцю сёньняшняга паседжаньня стала тое, што ўпершыню ўдзел у ім узялі сябры Цэнтральнай выбарчай камісіі з правам дарадчага голасу. Яны прадстаўляюць кандыдатаў у прэзыдэнты. І менавіта яны паспрабавалі ўнесьці зьмены ў падрыхтаваны загадзя парадак дня.
Прадстаўнік Міколы Статкевіча, былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Скрабец адразу прапанаваў абмеркаваць пытаньне аб адмене рэгістрацыі кандыдата Аляксандра Лукашэнкі:
"Цэнтральная камісія можа зьняць кандыдата без папярэджаньня ў выпадку перавышэньня нормы выдаткоўваньня сродкаў выбарчага фонду кандыдата ў прэзыдэнты болей за 50 базавых велічынь. Усе мы ведаем, што грамадзянінам Лукашэнкам рыхтуецца правядзеньне Ўсебеларускага народнага сходу, які каштуе мільёны даляраў. І гэта не ў 50, а ў намнога больш разоў перавышае ягоныя траты на выбарчую кампанію".
Аднак сталыя сябры ЦВК да гэтага звароту не прыслухаліся. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла:
"Што тычыцца звароту спадара Скрабца, то гэта ня больш як палітычная заява. Яна ня мае нічога агульнага з выбарчым заканадаўствам. Ніякіх дакумэнтаў у нас няма. Я наагул не кажу, што гэтае пытаньне не гатовае. А Цэнтральная камісія "з колаў" не працуе".
Не знайшлі падтрымкі ў сталых сябраў ЦВК і звароты сябраў з дарадчым голасам, каб не выносіць папярэджаньні кандыдатам Рымашэўскаму і Статкевічу за заклікі да выбарцаў прыйсьці на сустрэчу з кандыдатамі на Кастрычніцкую плошчу. Як і прапанова на час выбарчай кампаніі дазволіць праводзіць на гэтым месцы масавыя мерапрыемствы.
Сёньня была таксама зроблена спроба дазволіць назіральнікам кругласутачнае назіраньне за скрынкамі для бюлетэняў падчас датэрміновага галасаваньня. З такой просьбай да ЦВК зьвярнуліся сем кандыдатаў, акрамя Вуса, Лукашэнкі і Цярэшчанкі. Сустаршыня грамадзкай ініцыятывы "За справядлівыя выбары-2010" Сяргей Калякін, які прадстаўляў іхнія інтарэсы, заявіў:
"Калі ў дзейнага прэзыдэнта Беларусі 90% падтрымкі, то, паважаныя сябры ЦВК, дайце магчымасьць даказаць гэта ўсім. Дапусьціце назіральнікаў, каб яны бачылі, як ахоўваюцца бюлетэні. Пакажыце, што ў гэтых бюлетэнях, і мы вымушаныя будзем з гэтым пагадзіцца. Але калі вы ўсё зачыняеце, калі нічога ня бачна... Існуе праблема. І я ня бачу, чаму яе ня зьняць".
Аднак і тут падтрымкі ініцыятыва не атрымала. Спадарыня Ярмошына сказала, што міліцыянты — найбольш нэўтральныя грамадзяне, яны не атрымліваюць грошай ад выбарчых камісіяў. А захады кандыдатаў старшыня ЦВК патлумачыла публічна так:
"Дадзеная заява ўся ідзе ад адваротнага, зь нейкай вычварнай лёгікі, што кругом ашуканцы, хлусы і фальсыфікатары. Я думаю, гэта ўласнае ўспрыняцьце жыцьця тымі людзьмі, якія зьвярнуліся з дадзенай заявай".
Юры Хадыка, сябра ЦВК з правам дарадчага голасу ад кандыдата Рыгора Кастусёва, у размове са "Свабодай" так падсумаваў вынікі сёньняшняга паседжаньня:
"Адладжаная працэдура. Маўклівая бальшыня галасуе толькі за тое, пра што гаворыць Ярмошына. Яны абсалютна ня слухаюць іншых. Усе намаганьні жартам ці сур'ёзна прымусіць сябраў камісіі задумацца і прыняць нешта іншае не атрымліваюцца. Удалося знайсьці паразуменьне толькі па сьмешным факце — акругліць колькасьць бюлетэняў, якія паступяць у вобласьці".