Мядзьведзеў не згадаў ні Беларусь, ні саюзную дзяржаву

Дзьмітры Мядзьведзеў

У штогадовым пасланьні да Фэдэральнага сходу прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў ніводнага разу не згадаў пра Беларусь і саюзную дзяржаву.

Гэта ўжо другое запар пасланьне расейскага прэзыдэнта Дзьмітрыя Мядзьведзева, у якім ён не згадаў ні пра Беларусь, ні пра саюзную дзяржаву. У 2008 годзе ён яшчэ называў саюзную дзяржаву разам з ЭўрАзЭС "інтэграцыйным ядром". Сёлета агульна гаварыў пра тое, што важным кірункам зьнешняй палітыкі Расеі застаецца прастора СНД і структуры ЭўрАзЭС і АДКБ, якія на ёй дзейнічаюць. Таксама ён адзначыў, што сфармаваны Мытны саюз і ствараецца адзіная эканамічная прастора ў рамках ЭўрАзЭС. Пры гэтым апрабуюцца "сучасныя інтэграцыйныя схемы і канцэпцыі эфэктыўнай эканамічнай каапэрацыі". Сярод краінаў, зь якімі "ёсьць вялікі патэнцыял у нарошчваньні інавацыйнага складніка супрацоўніцтва", Мядзьведзеў таксама назваў Украіну і Казахстан. Чаму расейскі прэзыдэнт абмінуў Беларусь?

Кірыл Коктыш
Паводле палітоляга Кірыла Коктыша, саюзная дзяржава так і засталася слаба рэалізаваным праектам.

"Саюзны праект ніяк не прадухіліў таго факту, што давер паміж беларускім і расейскім кіраўніцтвам страчаны. Расея скончыла будаваць абходныя нафта- і газаправоды вакол Беларусі. Ад даволі вялікай колькасьці непрыемных рэчаў саюзная дзяржава не ўратавала".

Паводле маскоўскага палітоляга Андрэя Суздальцава, "расейскае кіраўніцтва зрабіла пэўныя высновы, і беларуская тэма ў пэўнай ступені для Масквы закрыта".

Андрэй Суздальцаў
"Цяпер ніякіх пэрспэктываў, эканамічных і палітычных, няма. Зразумела, што Беларусь для Расеі нецікавая. З уладай у Беларусі Расея працаваць не жадае. Яна ня будзе працаваць з Лукашэнкам. Калі Захаду падабаецца працаваць з Лукашэнкам, няхай працуе. Расея ня мае патрэбы ў гэтай тэматыцы. А з другога боку, паглядзіце на перадвыбарчую праграму Лукашэнкі. Там жа ні слова пра Расею. Напэўна, і Беларусі Расея непатрэбная".

Палітоляг Аляксандар Класкоўскі таксама зьвяртае ўвагу на тое, што ў перадвыбарчай праграме Лукашэнкі нічога ня згадваецца пра інтэграцыю з Расеяй.

Аляксандар Класкоўскі
"Такім чынам, абодва бакі — і беларускае кіраўніцтва, і Крэмль — дэ-факта канстатуюць, што гэты саюзны праект памёр. Зрэшты, гэта натуральны працэс, бо інтэграцыя ад пачатку была фальшывая. Іншая рэч, што небясьпека для незалежнасьці Беларусі ня скончылася. Гэтая небясьпека навісае. Бо ў Пуціна ёсьць новыя праекты, як зацугляць Беларусь. Кшталту Адзінай эканамічнай прасторы. І, па-другое, гэта энэргетычная зброя Расеі. То бок Масква пачала меней гаварыць, але гэта не азначае, што яна адкінула свае экспансіянісцкія пляны датычна Беларусі".