Пражане адстойваюць свой выбар

Грамадзянская акцыя пратэсту зьмяніла сцэнар сёньняшніх выбараў праскага мэра. Прыйшоўшы да будовы магістрату, незадаволеныя пражане ўварваліся і ў залю пасяджэньняў гарадзкой рады і патрабуюць новых выбараў.

У выніку мясцовых выбараў некалькі тыдняў таму ў Празе перамагла новая партыя правай арыентацыі – TOP09. Беларусам можа быць знаёмы яе лідэр – міністар замежных спраў Карэл Шварцэнбэрг, які наведваў Менск. Кандыдатам на мэра Прагі ад TOP09 быў папулярны палітык, былы старшыня Нацыянальнага банку Здэнек Тума. Аднак яго кандыдатура на мэра была адсунутая ў выніку кааліцыйнай дамовы правай Грамадзянскай дэмакратычнай і левай Сацыял-дэмакратычнай партый. Кааліцыя вылучыла свайго кандыдата – Богуслава Свобаду. Менавіта яго сёньня, як чакалася, меліся выбраць мэрам на пасяджэньні гарадзкой рады.

Пражане, якія пасьля гучных карупцыйных скандалаў у часе кіраваньня радай Грамадзянскімі дэмакратамі хацелі памяняць уладу ў сталіцы, адчулі сябе падманутымі. На сацыяльных сетках пачалося падпісаньне пэтыцыі пратэсту, а сёньня ўсе незадаволеныя прыйшлі да будынку гарадзкой рады. Паколькі пасяджэньне было адкрытым для грамадзкасьці, пратэстоўцы запатрабавалі доступу ў залю. Іх прыход з вуліцы фактычна заблякаваў выбары мэра. Людзі скандавалі: «Ганьба! Ганьба!», «Новыя выбары», «Тума! Тума!». З сабой яны прынесьлі мноства плякатаў-карыкатур, на якіх праская партыйная кааліцыя называецца «сьвінствам», поціск рук у «фірмовых колерах» партый падпісаны «Прага капут!»

Your browser doesn’t support HTML5

Зрыў выбараў мэра Прагі



Падтрымаць пратэст прыйшоў былы прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Гавэл. Дэманстранты ўжываюць многія сымбалічныя знакі чэскіх рэвалюцый: яны прыйшлі з латкамі яек (якія пакуль толькі дэманструюць), трубяць у рогі або звоняць ключамі. Дэманстрацыя такой рашучасьці і нават раззлаванасьці пражанаў выклікае паралелі з гістарычнымі падзеямі, так званай дэфэнэстрацыяй. Двойчы ў гісторыі, на пачатку XV і XVII стагодзьдзяў пражане, незадаволеныя палітыкай гарадзкіх радных, проста выкідвалі іх з вокнаў.

Бoгуслаў Свобада некалькі разоў перапыняў паседжаньне гарадзкой рады, аднак, прыступіць да выбараў пакуль так і не ўдалося. Праходзяць кансультацыі з арганізатарамі пратэсту. На думку Свобады, «крык і гвалт – гэта не дэмакратыя». Свобада прызнае канстытуцыйнае права грамадзян на пратэст, аднак, паводле яго, ёсьць і абавязак паводзіць сябе выхавана.

Арганізатары пратэсту настойваюць на тым, што палітыкі ня маюць права маніпуляваць волевыяўленьнем выбарцаў.

На вечаровым пасяджэньні нарэшце ўдалося правесьці галасаваньне. 33 галасамі з 63 мэрам Прагі быў абраны Богуслаў Свобада.