Рэстаўратары выраю

  • Аляксандар Лукашук

Аляксандар Лукашук

У "Бібліятэцы Свабоды" папаўненьне: выйшла з друку другая кніга Вячаслава Ракіцкага "Беларуская Атлянтыда". Яе склалі выбраныя перадачы аднайменнай праграмы нашага радыё, якія гучалі цягам апошніх двух гадоў. Гэта ўжо дваццаць чацьвёртае выданьне "Бібліятэкі Свабоды". Вячаслаў Ракіцкі гутарыць зь вядомымі філёзафамі, гісторыкамі, культуролягамі, пісьменьнікамі пра нацыянальныя і каляніяльныя міты і брэнды двух апошніх стагодзьдзяў. Субяседнікамі -- Валянцін Акудовіч, Алесь Анціпенка, Тацяна Валодзіна, Пятро Васючэнка, Вінцук Вячорка, Алег Гардзіенка, Аляксей Дзермант, Алесь Краўцэвіч, Глеб Лабадзенка, Валянцін Мазец, Тацяна Процька, Зьміцер Саўка, Анатоль Сідарэвіч, Алег Трусаў, Сяргей Харэўскі, Захар Шыбека.


Вячаслаў Ракіцкі зь сябрамі робяць справу, якой немагчыма зрабіць: яны вычэрпваюць мора чужых мітаў, бліскучае, цяжкае і сьлізкае, як ртуць, і такое ж небясьпечнае.

Яны глядзяць назад і бачаць не мінулае, а таемнае і прышлае.

Яны адчыняюць куфар з фамільным срэбрам, а там манэты краіны, якой няма на мапе.

Яны выцягваюць са студні ваду, якая нараджае адно ненатольную смагу.

Яны здымаюць слой за слоем тынкоўку ў пошуках фрэскі, якой майстра не пасьпеў напісаць, хаця меўся і мог.

Яны ваююць зь ценямі, кожны зь якіх мае даўгі нож, што пакідае шрамы, і так ствараецца новы рукапіс і летапіс.

Як прысохлы бінт з раны, яны зрываюць з гісторыі прасякнутыя сваёй крывёю чужыя сьцягі, і так паўстаюць іх харугвы.

І разыходзіцца мора на два бакі, і йдуць яны сваёй грамадой агромністай па вуліцах беларускай Атлянтыды, дзе ляціць Пагоня, дзе старыя багі яшчэ маладыя, дзе ахвяры недарэмныя, а слава вечная, як памяць, салодкая,
як сьляза, і блізкая, як вырай.

Яны не азіраюцца.

За імі!

Аляксандар Лукашук,
Радыё Свабода


"Беларуская Атлянтыда" ў дзьвюх кнігах.