«Галя, хутка буду. Разагравай вячэру. А.Р. Лукашэнка»

Выступы кандыдатаў у тэлеэфіры ўжо зьмянілі палітычную сытуацыю. Прынамсі на абсягу маёй адказнасьці, пра краіну ў цэлым няхай сацыёлягі скажуць. Грамадзянская млявасьць і абыякавасьць да палітычнага жыцьця, на якія мне часьцяком даводзілася наракаць раней, зьніклі бязь сьледу. Мажліва, гэта ўсяго толькі сэзонная зьява і наперадзе нас, крый божа, чакае яшчэ больш глухое зацішша, яшчэ больш масавы сыход у прыватныя праблемы, але пакуль што блогасфэра выглядае сапраўдным цэнтрам грамадзкай жыцьцядзейнасьці, чым яна і павінна быць, на мой погляд.

Напярэдадні пачатку выступаў ужо здавалася, мяркуючы з настрояў блогераў, што адметнай рысай бягучага палітычнага сэзону стане разгубленасьць, паражэнства і адсутнасьць жывой рэакцыі на палітычныя раздражняльнікі, у найлепшым выпадку - татальная іронія, прасякнутая скептыцызмам. Калі маюць рацыю апосталы і прапаведнікі байкоту, што задача незалежных кандыдатаў палягала ў тым, каб «зацягнуць электарат на фальшывыя выбары», з гэтай задачай яны ўдала справіліся. Карыстаючыся нагодай, хочацца папярэдзіць іх пра адказнасьць за тых, каго яны абудзілі ад шматгадовай сьпячкі і ўваскрасілі з паняверкі: памятайце, гэтыя людзі не даруюць вам бяздарнай паразы, ужо трэцяй па ліку. «Галоўнае, што мы пераадолелі страх. Цяпер разыходзімся. Сустрэнемся як-небудзь пазьней. Рэжым так ці іначай абваліцца праз колькі гадоў», - гэтая адмазка ўжо не спрацуе. Лепей, канечне, перамагаць, але калі давядзецца прайграваць, зрабіце гэта прынамсі годна і прыгожа. Каб нам пасьля не было сорамна за тое, што мы спакусіліся на вашыя заклікі да ўдзелу. У адваротным выпадку вас гарантавана чакае палітычная сьмерць.

«1. Я ведаю, што шанец на перамогу - рэальную перамогу - ёсьць.
2. Я ведаю, як яе дасягнуць».




Гэтыя словы, сказаныя блогерам і стваральнікам прэзыдэнта(ў) Аляксандрам Фядутам, мы таксама запомнім. Як і прозьвішчы іншых, хто абяцае нам новую Беларусь ужо заўтра. У парадку зьмяншэньня ўпэўненасьці іх ва ўласных словах і выкліканай імі надзеі на перамену лёсу.

УЛАДЗІМЕР НЯКЛЯЕЎ


Ужо чаго-чаго, а ўпэўненасьці і амбітнасьці Ўладзімеру Пракопавічу не займаць. Да таго ж, ягоны выступ у тэлеэфіры быў найбольш чаканым. З радыё новае пакаленьне - пакаленьне візуалаў ня надта сябруе, таму водгукаў на радыёзварот бадай што самага рэйтынгавага незалежнага кандыдата ў прэзыдэнты было вобмаль. Па-за межамі блогу Някляева, дзе кандыдату казалі камплімэнты, панавала цішыня. Адна зь нешматлікіх рэплікаў належала блогерцы zmagarka: «Паслухала радыёвыступ Някляева - як у тэатр схадзіла». І сапраўды, выступ вельмі нагадваў па форме нейкую казачную, укалыхваючую радыёпастаноўку, нягледзячы на бадзёрасьць, напорыстасьць голасу ды пастаянны рэфрэн: «Галасуйце за Някляева!». Што адных магло вярнуць у часіны шчаснага дзяцінства і зачараваць, іншых жа адштурхнуць празь неадпаведнасьць формы зьместу, ці папросту ўсыпіць. Фіфці-фіфці. Так ці іначай, у блогасфэры пераважалі адмоўныя водгукі:

«Выступ Някляева па радыё мне не спадабаўся. Філёляг ва ўладзе, які стане закладнікам дарадцаў». (a_legista)

«Прамаўляў гучна, патэтычна і з пачуцьцём. У канцы з расстаноўкай прачытаў фірмовы верш. І я вось падумала - неяк... галасаваць за паэта. І ня толькі мне, напэўна. Вось не разумею ягоную каманду. Абралі адну лінію паводзінаў, а менавіта графаманскую. І гнуць яе. Хаця трэба зьмяняцца. Пара паказаць яго як кандыдата. І зь іншага боку». (zeeko)

Але ягоная прамова ў тэлеэфіры была сустрэтая адназначна на ўра, аб чым сьведчаць вынікі апытаньняў:

1) У апытанцы, зладжанай у суполцы minsk_by з ініцыятывы блогеркі hustaczka, за выступ Някляева як найбольш упадабаны прагаласава 20,6% удзельнікаў. Найбліжэйшы канкурэнт - Яраслаў Раманчук, з 14.7 %. Агулам прагаласавала 176 чалавек;

2) У апытанцы, зладжанай у суполцы by_politics з ініцыятывы блогера marcinkiewicz, Уладзімер Някляеў таксама выйшаў у лідэры, набраўшы ажно 48.6% галасоў. Найбліжэйшы канкурэнт - Мікалай Статкевіч, з 18.6%. Агулам прагаласаваў 71 чалавек.

Звычайна вельмі далёкі ад палітыкі блогер chechevic, якому не спадабаўся ніводзін з тых выступаў, якія прагучалі раней, напісаў пра выступ Някляева: «Талкова і з драйвам выступіў. Адзіны кандыдат, чыё запрашэньне прыйсьці на плошчу я прымаю».

Яшчэ больш захоплена выказваліся ўдзельнікі форумаў tut.by:

«Проста супэр выступ, пасьля яго я канчаткова зразумеў, што джын выпушчаны з бутэлькі і адхіленьня ад улады Лукашэнку не пазьбегнуць». (gryzly)

«Малайчына, выдатна выступіў! Ярка, вобразна... Мяркую, Някляеў і пераможа на выбарах. Ва ўсялякім выпадку, ужо і вожыку зразумела, што АРЛ сваё адкіраваў. Шмат чаго чалавек зрабіў, але вогнішча, як той казаў, згасла - застаўся попел. Патрэбны сьвежы вецер!!!» (agazuz)

«Ужо згубіў надзею дачакацца магутнага апанэнта Лукашэнкі. 8 выступілі і 8 проста ніяк. І тут Някляеў уставіў вельмі моцна»
. (shaplykoan)

Гэта ўскладае на Ўладзімера Пракопавіча найбольшую адказнасьць. Бо такіх словаў, здаецца, ні пра кога не казалі.

Шмат кім упадабаны агучаны ў прамове Някляева вобраз, калі Лукашэнка сустракае Новы год у сямейным коле, вярнуўшыся да Галіны Радзівонаўны, спарадзіў у блогера ihrachyshka ідэю для жартоўнага палітычнага графіці: «Галя, хутка буду. Разагравай вячэру. А. Р. Лукашэнка».

Зь мінусаў прамовы шмат хто, у прыватнасьці блогер lipski, адзначыў «вельмі злы выраз твару (калі выключыць гук - то здаецца, што дзядзька некага вельмі злосна крые матам)».

Што пацьвердзіў wintboltoff: «Вельмі змрочны выгляд. Быў у брата, уключыў тэлевізар, ягоная жонка з кухні прыйшла на гук ТБ і ледзь ня з жахам, убачыўшы, запытала: "Хто гэта?"».

Блогерка zmagarka распавяла пра рэакцыю сваёй маці: «Мая мама нават спытала: "а хто гэта гаворыць, як Сталін?". Можа гэта праз хваляваньне, але пазытыву яму не хапала адназначна».

МІКОЛА СТАТКЕВІЧ


Да таго, як на тэлебачаньні выступіў Някляеў, фаварытам палітычна занепакоеных блогераў быў Мікола Статкевіч. У апытанцы, створанай блогерам poczobut, у якой узялі ўдзел 53 чалавекі, ён набраў 54.9%. Што праўда, канкураваць яму давялося толькі зь Міхалевічам, Рымашэўскім і Вусам. Але з усіх кандыдатаў агулам ён атрымаў найбольшую колькасьць станоўчых і найменшую адмоўных водгукаў сярод блогераў.

Кшталту:

«Статкевіч парваў Беларусь. :) Малайца!» (111290)

«Выступ Статкевіча ўставіў. Не Пазьняк, канешне, ўзору 1990-га году, але. Ахвіцэр ідзе ва-банк»
. (abrykos)

«Статкевіч - прыгожы, як іканастас. Напраўдзе цудоўны быў. Мне ўвесь час здавалася, што зараз ён зьвернецца да гледачоў, як колісь Кастусь да чытачоў свае "Мужыцкае праўды": "Дзецюкі". Мая дарагая жоначка нат сьлязу пусьціла». (viershnick)

«У ваеннага Статкевіча беларуская мова больш натуральная, ці не, нават ня так - проста нязмушаная і натуральная - чымсьці ў Рымашэўскага зь Міхалевічам». (homielanin)

Канечне, спадар Мікола зьявіўся на «бязрыб'і», выступы найбольш моцных канкурэнтаў заставаліся наперадзе. І шчодрыя камплімэнты, якія ён атрымаў, не былі авансам патэнцыйнаму новаму прэзыдэнту. Гэтыя камплімэнты выказваліся хутчэй чалавеку, які зрабіў сур'ёзны ўнёсак у «агульную справу». Адсутнасьць крыніцаў фінансаваньня і моцнай каманды, а ў выніку - яркай і эфэктыўнай кампаніі не дазволіла ўспрымаць яго ў іншай якасьці. А ён насамрэч мог бы пры выкананьні гэтых умоваў скласьці канкурэнцыю Лукашэнку.

Я вушам сваім не паверыў, пачуўшы ад свайго цесьця, што яму спадабаўся Статкевіч! Калісьці Аляксандар Васілевіч, украінец, галасаваў за незалежнасьць сваёй краіны, за рэформы і перамены. Спадзеючыся, што ў іх выніку зьявяцца сапраўдныя гаспадары кшталту Генры Форда (ён пастаянна падае менавіта яго як прыклад), які пачаў з таго, што ўласнымі рукамі пабудаваў аўтамабіль на фэрме свайго бацькі, пасьля крок за крокам узьвёў «імпэрыю Форда». Аднак, убачыўшы, што ўкраінскія Форды не зьяўляюцца, замест іх наўкол множацца хапугі і разбойнікі, якія нахабна рабуюць народнае майно, у сваім колішнім выбары ён расчараваўся. Зьненавідзеў палітыкаў і палітыку, якой ва Ўкраіне за гады незалежнасьці было многа, а толку з таго вельмі мала. Прасякнуўся сымпатыяй да Лукашэнкі, яшчэ жывучы ў сябе дома, у Жытоміры. Дзе ня так даўна не было вулічнага асьвятленьня, бо прыватная кампанія спакойна адключала электрычнасьць у горадзе за пазыкі. Прамысловасьць спынілася. Працаздольныя гараджане ледзь ня ў поўным складзе выяжджалі на заработкі. А тыя, хто заставаўся, займаліся гандлем. Або вымушаныя былі корпацца ў сьметніках. Ці трэба тлумачыць прычыны ягонай сымпатыі да беларускага прэзыдэнта? Сымпатыі ўпартай і непахіснай - у адпаведнасьці з характарам майго цесьця, які, дзякуючы сваёй упартасьці, перажыў дзіцёнкам галадамор і вайну, а нядаўна перамог рак. Сымпатыя да Лукашэнкі крыху пахіснулася пасьля пераезду ў Беларусь, бліжэй да дзяцей, але ўсё-ткі ня надта істотна.

І вось Статкевічу ўдалося амаль немагчымае, тое, што ніколі не ўдавалася маладым сямейнікам, якія да хрыпаты спрачаліся зь ім падчас сьвяточных застольляў, марна спрабуючы пераканаць у ганебнасьці «лукашызму» - ну, ня тое каб ён дасягнуў «прасьвятленьня», аднак задумаўся і завагаўся.

Я ня стаў яго падрабязна распытваць, баючыся спудзіць першую ластаўку магчымай пераацэнкі стаўленьня да дзейнага беларускага прэзыдэнта. Тым ня менш, здагадацца няцяжка. Мікола Статкевіч - натуральны, бяз штучных, сынтэтычных дадаткаў піяр-тэхналёгіяў, якія ў большай ці іншай ступені прысутнічаюць у астатніх кандыдатаў. Старэйшае пакаленьне адчувае ў іх фальш. Афіцэрская выпраўка, унутраная сіла і сьмеласьць. Не маналягічная, а дыялягічная форма звароту да аўдыторыі. Гаворка пра важныя і складаныя рэчы вельмі даступнай мовай, прычым без наўмыснай паблажлівай яе прымітывізацыі. Ён аказаўся адзіным, каму знайшлося што сказаць пра ўласныя дасягненьні - пра тое, што «нашыя хлопцы ўжо 17 гадоў нідзе ня гінуць», і гэта не выглядала выхвальствам. Наогул, «клопат пра народ» зь ягоных вуснаў гучаў, як на мой погляд, найбольш натуральна, амаль пранізьліва.

Адным словам, спадар Мікола ствараў уражаньне «бацькі», які мог бы любіць народ сапраўды дзеля самога народу, а ня дзеля ўласнай улады. «Бацькі» бяз хамства, найгрышу, форсу, дробных хітрыкаў ды брудных прыёмаў.

Працяг будзе