Выбарчыя камісіі за мяжой – самыя кялейныя

44 выбарчыя ўчасткі будуць працаваць за межамі Беларусі падчас сёлетніх прэзыдэнцкіх выбараў. Гэта на тры болей, чым было на папярэдніх. Мяркуецца, што гэтым разам за мяжой прагаласуюць каля дзесяці тысяч чалавек.

Выбарчыя ўчасткі за мяжой ахопліваюць няшмат людзей. Гэта пераважна тыя, хто стаяць тут на консульскім уліку. Але, як паказвае жыцьцё, вельмі многія грамадзяне Беларусі гэтую працэдуру проста ігнаруюць. І хаця ўлады запэўніваюць, што і іншыя грамадзяне, якія не стаяць на консульскім уліку, могуць без праблем прагаласаваць у дзень выбараў, іх колькасьць значна не павялічваецца.

Старшыня выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына падкрэсьлівае:

«Вядома, гэта тычыцца невялікай колькасьці грамадзянаў, чыё волевыяўленьне не вырашае лёс выбараў. Таму што гэта нязначны працэнт. Гэта сотыя долі працэнту ад агульнай колькасьці выбарцаў».
Вядома, гэта тычыцца невялікай колькасьці грамадзянаў, чыё волевыяўленьне не вырашае лёс выбараў.


Здавалася б, у такой сытуацыі за мяжой няма сэнсу праводзіць выбары па ўнутраных традыцыях. Аднак, як паказвае досьвед, за межамі Беларусі і выбарчыя камісіі фармуюць гэтаксама, як унутры краіны, і бюлетэні лічаць гэтаксама. Як расказаў «Свабодзе» на ўмовах ананімнасьці беларускі дыплямат, які і дагэтуль працуе ў адной з амбасадаў, непасрэднага загаду з МЗС пра пэўныя вынікі выбараў няма. Але ўсе ведаюць, што вынікі галасаваньня становяцца вядомыя ў Менску. І гэта падштурхоўвае да спаборніцтва: якая амбасада дасьць найбольшы працэнт на карысьць дзейнага кіраўніка дзяржавы.

Ды і дзейнае выбарчае заканадаўства спрыяе фальшаваньню. Яно дазваляе зьмяншаць колькасьць сяброў выбарчай камісіі «ў залежнасьці ад унутраных абставінаў амбасады». І калі беларусы дэмакратычных поглядаў спрабуюць накіраваць сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі, яны атрымліваюць тыповыя адказы, кшталту такога, які падпісаў консул Беларусі ў Чэхіі спадар Шпак: «Пры разглядзе зваротаў ад груп грамадзянаў па выніках конкурснага адбору ў склад выбарчай камісіі абраны бізнэсовец Татун Сяргей Іванавіч, які абраны намесьнікам старшыні камісіі».

Найбольшая колькасьць выбарчых участкаў па-за межамі Беларусі прыпадае на Расею. Тут галасаваньне пройдзе ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Калінінградзе і Краснадары. Традыцыйна вынікі волевыяўленьня грамадзянаў за межамі Беларусі ўключаюць у дадзеныя па Ленінскай раённай камісіі Менску, на тэрыторыі якой знаходзіцца Міністэрства замежных справаў.

Нягледзячы на тое, што паводле заканадаўства ў выбарчыя камісіі ўключаюцца ад 5 да 19 чалавек, практычна ўсе ўчасткі для галасаваньня для выбараў за мяжой сфармаваныя з трох сябраў. Закон таксама прапісвае, што ў неабходных выпадках склад камісій можа быць паменшаны ці павялічаны. Аднак, відавочна, што дыппрадстаўніцтвы і самых экзатычных для беларусаў краінаў, і самых асвоеных беларусамі, дзейнічалі па адной інструкцыі. Так, камісіі з трох чалавек створаныя для галасаваньня беларусаў на выбарчых участках у Расеі, Польшчы, Ізраілі і па ўсім астатнім сьвеце.