Пытаньне кандыдату: “Ці пойдзеце на плошчу 19 сьнежня”?

Як вы ацэньваеце акцыю 24 лістапада ў Менску і ці пойдзеце на плошчу 19 сьнежня?

Рыгор Кастусёў патлумачыў свой няўдзел у мітынгу 24 лістапада тым, што ў гэты час выступаў на беларускім тэлебачаньні як кандыдат у прэзыдэнты. У іншым выпадку, сказаў намесьнік старшыні партыі БНФ Рыгор Кастусёў, ён быў бы на плошчы. Аднак пры гэтым да Цэнтравыбаркаму разам зь Мікалаем Статкевічам і Віталем Рымашэўскім не пайшоў бы. Чаму?

«Тое, што яны правялі акцыю, — добра. Што прынялі рэзалюцыю мітынгу — добра. А вось тое, што павесілі рэзалюцыю на шыльду — гэта неяк спляжыла добрую ідэю. Я б лепш сёньня з раніцы аднёс гэты дакумэнт у Цэнтравыбаркам у сакратарыят, а яшчэ лепш самой старшыні Лідзіі Ярмошынай».

Заклік прыйсьці на плошчу 19 сьнежня Рыгор Кастусёў цалкам падтрымлівае і абяцае, што будзе на плошчы разам са сваімі прыхільнікамі.
Я б лепш сёньня з раніцы аднёс гэты дакумэнт у Цэнтравыбаркам у сакратарыят, а яшчэ лепш самой старшыні Лідзіі Ярмошынай.


Кандыдат у прэзыдэнты Дзьмітры Вус назваў акцыю 24-га лістапада «трэніроўкай пэўных хлопцаў». Што да акцыі 19-га сьнежня, удзел у ёй Дзьмітрыя Вуса будзе залежаць ад таго, ці выправіць улада выбарчы закон, як патрабуе кандыдат.

«Каб мы маглі сваіх прадстаўнікоў накіроўваць ва ўчастковыя камісіі для ўдзелу ў падліках і падпісвалі пратаколы. Вось да гэтага я зараз заклікаю. Зараз. А там будзе бачна».

Аляксей Міхалевіч сказаў, што ня ўдзельнічаў ва ўчорашняй акцыі, паколькі «не лічыў, што яна патрэбная».

«Зь іншага боку я лічу, што людзі, якія арганізоўвалі гэтую акцыю, маюць на яе права. Канстытуцыя ў нас гарантуе права на свабоду мітынгаў, шэсьцяў».

Удзел Міхалевіча ў акцыі 19 сьнежня залежыць ад таго, як пройдзе падлік галасоў.

Акцыя 24 лістапада была прымеркавана да чарговай гадавіны антыканстытуцыйнага рэфэрэндуму 1996 году. Кандыдат на прэзыдэнта Віктар Цярэшчанка згадаў, што ў 1996 годзе быў дэпутатам Вярхоўнага савету і разам з дэпутатамі, прыхільнікамі дэмакратыі, бараніў канстытуцыю 1994 году.

«Учора мяне не было ў Менску, але мне прыемна, што людзі памятаюць пра тыя падзеі і высоўваюць свае патрабаваньні. Што да 19 сьнежня, мяркую, мы вернемся да гэтай тэмы праз тыдзень-два».

Кандыдат ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук:

«Было заплянавана спатканьне ў Барысаве, таму я быў у Барысаве і ня мог прысутнічаць адначасова ў двух месцах. А 19 сьнежня, безумоўна, я і ўсе мае паплечнікі будзем на плошчы».

Кандыдат у прэзыдэнты Андрэй Саньнікаў увечары 24 лістапада выступаў па тэлебачаньні. Што да збору на плошчы 19 сьнежня, то ён неаднойчы выказваўся на карысьць гэтай ідэі, як і Ўладзімер Някляеў, Мікалай Статкевіч і Віталь Рымашэўскі, што ўдзельнічалі ў акцыі.

Ці зьбіраецца міліцыя прыцягнуць да адказнасьць Віталя Рымашэўскага і Мікалая Статкевіча за арганізацыю несанкцыянаванага шэсьця? Прэсавы сакратар менскага ўпраўленьня міліцыі Аляксандар Ластоўскі сказаў Радыё Свабода, што яму нічога невядома пра магчымыя санкцыі супраць кандыдатаў.