Уладзімер Халіп: “Эскадроны сьмерці напагатове”

Уладзімер Халіп

"Мы помнім" – гэтак называецца кніга драматурга і журналіста Ўладзімера Халіпа, прысьвечаная памяці зьніклых вядомых людзей. Асноўную яе частку склалі ўспаміны сваякоў і сяброў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Генадзя Карпенкі, Зьмітра Завадзкага, Анатоля Красоўскага. Кніга трохмоўная – тэксты ў ёй даюцца па-беларуску, па-расейску і па-ангельску. Уладзімер Халіп – госьць "Вольнай студыі".

Міхась Скобла: “Спадар Уладзімер, чытаючы вашу кнігу, я неаднойчы згадаў адно старажытнае выслоўе: “Сьмерць – трагедыя не для памерлага, а для тых, хто застаўся жыць”. Але ці не запазьнілася ваша кніга? Можа быць, яе трэба было пісаць па сьвежых сьлядах?”
Кабеты зьдзіўлена паглядзелі на мяне і змоўклі. А потым адна цётачка і кажа: “Дык ён жа прэзыдэнт, яму – можна” ...

Уладзімер Халіп: “Безумоўна, па сьвежых сьлядах выданьне такой кнігі не зашкодзіла б, але і сёньня яна будзе дарэчы. Таму што зьявіліся новыя пакаленьні, ужо шмат хто ня ведае пра тое, што адбывалася дзесяць гадоў таму. Я хачу ўзгадаць вельмі дзіўную, на мой погляд гісторыю. Я ехаў неяк у сваю родную вёску на Вушаччыне, ехаў з Полацку. І ў аўтобусе разам са мной ехалі звычайныя вясковыя кабеты. Было бачна, што яны вярталіся з багамольля – былі прыгожа апранутыя, у прыгожых беленькіх хустачках. Ішоў 2001 год. Кабеты паміж сабою загаварылі пра выбары, маўляў, трэба ісьці галасаваць: “А за каго ж? А ўсё за таго ж”... Я тут ня вытрымаў і спытаўся: “Напэўна, вы з багамольля едзеце?” “Так, былі ў царкве, да Эўфрасіньні Полацкай хадзілі. Я кажу: “Як жа так, мілыя людцы, гэты чалавек падазраецца ў датычнасьці да забойстваў такіх і такіх людзей”. І прозьвішчы называю. Кабеты зьдзіўлена паглядзелі на мяне і змоўклі. А потым адна цётачка і кажа: “Дык ён жа прэзыдэнт, яму – можна”. Гэта быў для мяне такі шок, вы ўявіць сабе ня можаце! Як гэта так? У нашым народзе, ды яшчэ сярод маіх землякоў, якія перажылі жахі падчас вайны, якія перажылі сталіншчыну, арышты і ўсё іншае – і раптам гэткі ўзровень сьвядомасьці! Аказваецца, што некаму забіваць можна!”

Міхась Скобла
Скобла:
“Я б хацеў вашым зямлячкам прачытаць зьмешчаныя ў кнізе ўспаміны маці Юрыя Захаранкі – Ульляны Рыгораўны, яны мяне вельмі ўразілі”.

Халіп: “Мяне сустрэча з Ульлянай Рыгораўнай таксама ўразіла. Я прыехаў у Васілевічы летнім сьпякотным днём. І ўбачыў вельмі хворую жанчыну з разумнымі, праніклівымі вачыма, вельмі добрую – было адразу бачна. Яна, адолеўшы ўсю сваю немач, размаўляла са мною, таму што разумела, дзеля чаго я да яе прыехаў і навошта гэта патрэбна. Яна проста распавядала мне пра сваё жыцьцё. І ўявіць сабе немагчыма, якое гэта было жахлівае жыцьцё! Толькі дзяцінства прайшло – яе забралі ў Нямеччыну на прымусовую працу. Яна была ў Кёльне, прайшла праз увесь жах ваенных бамбаваньняў. Пасьля перажытага яна вярнулася на радзіму, сустрэла чалавека, які таксама вярнуўся з палону, яны стварылі сям’ю. У іх нарадзіліся цудоўныя дзеці, два сыны, ёй зайздросьцілі усе навокал. І раптам адзін сын памірае маладым, бо на падводнай лодцы атрымаў апраменьваньне. А потым зьнікае бясьсьледна другі сын. І Ульляна Рыгораўна да гэтай пары ўсё пытаецца: “За што?”

Скобла: “Філязофія жыцьця выпрацавала пэўныя адносіны да сьмерці, пэўныя рытуалы, якія дапамагаюць зьменшыць боль па памерлых. А жыць у такой няпэўнасьці, мабыць, найцяжэй”.

Халіп:
“Так, спадар Міхась. Ульляна Рыгораўна мне пра тое ж гаварыла. Было б лепш, калі б яна ведала, дзе магіла Юры, каб магла да яе прыйсьці. Але сталася так, як сталася. Магчыма, нейкі абарончы рэфлекс у яе выявіўся, але яна прыдумала сабе такую, наіўную, напэўна, легенду, што Юра жывы, што яго ўтрымліваюць у патаемнай вязьніцы, што ён калі-небудзь вернецца… І яна жыве толькі гэтай надзеяй. Яна вадзіла мяне па садзе, паказвала бярозу на падворку, якую сын пасадзіў – яна высокая ўжо”.

Скобла:
“Ульляне Рыгораўне пра сына нагадвае ўсё, што вакол яе – гэта зразумела. Вы наведалі родных Захаранкі і Карпенкі ў Нямеччыне. Жыцьцё на чужыне – ня солад, але, магчыма, там ім лягчэй чыста псыхалягічна?”
сям’ю Карпенкі, ягоную жонку і дачку спрабавалі калі не забіць, дык моцна напалохаць. Ім учынілі аварыю з падставаю, як часта ў нас робіцца, калі хочуць, каб выглядала вельмі натуральна ...

Халіп: “Я наведаў Мюнстар, дзе жыве сям’я Захаранкі, і Эйсьлінген пад Штудгартам, дзе жыве сям’я Карпенкі. Яны мне расказвалі пра тыя акалічнасьці, у якіх яны былі вымушаныя стаць выгнаньнікамі. Гэта проста жахліва. Яны ня чулі адзін аднаго, але расказвалі літаральна ў дэталях адно і тое ж! Як іх выжывалі адгэтуль. Розьніца хіба ў тым, што сям’ю Карпенкі, ягоную жонку і дачку спрабавалі калі не забіць, дык моцна напалохаць. Ім учынілі аварыю з падставаю, як часта ў нас робіцца, калі хочуць, каб выглядала вельмі натуральна. Яны атрымалі цяжкія траўмы. Але гэта – дробязь у параўнаньні з псыхалягічным шантажом. Скажам, яны вяртаюцца дадому і бачаць, што дзьверы ў іх кватэру адчыненыя, хоць аніякіх рабаўнікоў там не было, нічога ня скрадзена… І ім увесь час нагадвалі і паказвалі, што за імі сочаць, што яны тут не пажаданыя, што ім трэба як найхутчэй зьнікнуць. Ня трэба ім зайздросьціць! Я ведаю, што ў нашых людзей ёсьць такое меркаваньне: “Ах, яны паехалі ў Нямеччыну! Ах, яны там жывуць на ўсім гатовым! Ах, як ім пашанцавала!” Ня дай Бог нікому гэтакіх шанцункаў! Калі даводзіцца пакідаць сваю краіну, баронячы сваё жыцьцё і ратуючы сваіх дзяцей… Пасьля размовы мы сядзелі з сям’ёй Захаранкаў у іх маленькай сацыяльнай кватэрцы. Яны гаварылі толькі пра вяртаньне: як яны хочуць вярнуцца дамоў, прайсьці па сваёй вуліцы, увайсьці ў свой пад’езд, адчыніць дзьверы сваёй кватэры, якую ім нават прадаць не дазваляюць, таму што, бачыце, па нашых законах Захаранка жывы. Яны ня могуць атрымаць нават гэту сьціплую спадчыну. І вось яны гавораць пра сваё будучае вяртаньне, а потым спадарыня Вольга паглядзела на свайго дзесяцігадовага ўнука Кірыла, які з вялікай цяжкасьцю гаворыць на роднай мове. Мэнтальна ён немец, для яго родная мова – нямецкая. Ён выдатна вучыцца ў нямецкай школе… І яна разгублена прамовіла: “А што мы там будзем рабіць з нашым немчыкам?”

Скобла:
“Мяне ўразіла, як Ульляна Рыгораўна Захаранка не называе імя Лукашэнкі, кажа на яго – той. Так у народзе спрадвеку называлі нячысьціка…”
можаце не сумнявацца, што эскадроны сьмерці напагатове, і калі ўзьнікне пытаньне аб выжываньні ўлады, усё тое ж страшнае, што мы перажылі, можа паўтарыццаe ...

Халіп: “Гэта ў нашым народзе сапраўды ёсьць. Я памятаю, мая бабуля таксама называла нячыстую сілу такімі словамі. І толькі аднойчы яна ўжыла дакладнае слова. Калі прыйшла навіна, што памёр Сталін, яна сказала: “Чорт здох”. І вось у нашай сытуацыі ня толькі спадарыня Ульляна так яго называе. Шмат хто лічыць падазраваных у забойствах людзей датычнымі да цёмнай сілы. І калі мы гаворым пра эскадроны сьмерці, то на Захадзе гэта разумеюць так: ёсьць нейкае спэцназаўскае падразьдзяленьне, і калі яго зьліквідаваць, то ўсё тут будзе цудоўна. Не, шаноўныя, гэта не падразьдзяленьне, гэта ня нейкі чалавек у пагонах, які выконвае загады. Гэта сыстэма, сыстэма эскадронаў сьмерці. І калі яны сёньня не пры справе, не выкарыстоўваюць сваю сілу, сваю подласьць у дадзены момант, то гэта не таму, што яны сталі лепшымі ці адмовіліся ад сваіх мэтадаў. А гэта толькі таму, што яны пакуль што баяцца, ім пакуль не загадалі. Але можаце не сумнявацца, што эскадроны сьмерці напагатове, і калі ўзьнікне пытаньне аб выжываньні ўлады, усё тое ж страшнае, што мы перажылі, можа паўтарыцца”.

Скобла: “Ва ўспамінах некаторых людзей, што зьмешчаны ў вашай кнізе, выказваюцца вэрсіі, што ў зьнікненьні беларускіх палітыкаў была зацікаўленая Масква. Якое ваша стаўленьне да такіх меркаваньняў?”

Халіп:
“Нават калі б гэткія меркаваньні мелі пад сабой падставы, то ўсё роўна адказнасьць за злачынствы павінна несьці беларуская ўлада. Таму што тут безь яе ведама муха не праляціць. І калі зьяўляецца нейкая замежная вонкавая сіла і дзейнічае гэткім чынам, то хіба ж яна можа тут хоць крок ступіць бязь ведама мясцовых уладаў? Я ня веру ў гэтую вэрсію і патлумачу – чаму. Калі я размаўляў з сям’ёй Захаранкі, яны ўвесь час падкрэсьлівалі адну акалічнасьць. Юры Захаранка ведаў, што за ім ідзе вонкавае назіраньне. І я пра гэта ведаў таксама. У свой час я сустракаўся з нашым вядомым фатографам Уладзімерам Кармілкіным. У дзень свайго зьнікненьня генэрал Захаранка заяжджаў да яго. Ён падвёў Кармілкіна да вакна і паказаў: “Вунь стаіць машына, яна ходзіць за мной, як я паеду, паглядзі, ці пойдзе яна”. І як толькі ён паехаў, адразу за ім пайшла і тая машына. Вольга і яе дачка Алена гаварылі, што Захаранка заўсёды падкрэсьліваў: за ім сочаць, ён увесь час быў насьцярожаны. Больш за тое, ён з сабой насіў пісталет і зьбіраўся яго выкарыстоўваць, калі нешта здарыцца. Не пасьпеў. Да яго падышоў чалавек, якога ён, відаць, добра ведаў, і пачаў зь ім размову. А ззаду наляцелі гэтыя д’яблы, выкруцілі яму рукі і запіхнулі ў машыну, якая імгненна зьнікла”.

Скобла: “Было столькі публікацый на гэтую тэму, быў вядомы даклад Пургурыдаса. Эўропа ўсё ведае. І што? Хай будзе ўсё ціха, абы па трубе цяклі нафта і газ?”

Халіп:
“Эўропа вельмі розная, спадар Міхась. Калі я быў у Эйсьлінгіне, Людміла Карпенка пазнаёміла мяне з тамтэйшымі вядомымі людзьмі, з палітыкамі, якія займаюць высокія пасады. Я ў іх наўпрост пытаўся: “Чаму Эўропа, якая паважае чалавечыя каштоўнасьці, якая мае сумны досьвед кампрамісаў з д’яблам, чаму яна ў Беларусі робіцца такой непераборлівай у кантактах?” І я чуў адказ: “Ня ўсе непераборлівыя. Шмат хто вельмі адмоўна ставіцца да такіх кантактаў. Але цяпер такія людзі пры ўладзе, і нічога тут ня зробіш, давядзецца чакаць зьмены палітычных пакаленьняў”.

Скобла
: “Прыканцы нашай гутаркі я хачу згадаць радкі Ўладзімера Някляева: “Дзе забойца? Што за ліха? Ні гу-гу. Маўчаць усе. Вар’яцею ціха-ціха. Так, як трэба. Пакрысе”. Што ў дадзенай сытуацыі павінна рабіць грамадзянская супольнасьць, каб не звар’яцець – ціха-ціха?”


Халіп: “Перш чым адказаць на гэтае пытаньне, я хацеў бы зьвярнуць увагу нашых слухачоў на адну вельмі істотную акалічнасьць ў гэтай справе. Як сказаў Гары Паганяйла, праваабаронца і дасьведчаны юрыст, няма нічога таямнічага ў гэтых зьнікненьнях. Усё дасьледавана, ёсьць сьведкі, запісаны іх сьведчаньні, сабраныя доказы. Не хапае ў гэтай справе толькі аднаго – юрыдычнай працэдуры, якая паставіла б усё на месца, назвала б вінаватых і вынесла б прысуд. Але пакуль гэтага няма. Што зробіш, і ў Эўропе цяпер дамінуе гэтак званая real politic. Памятаеце, як судзьдзя ў Гішпаніі па сваёй ініцыятыве распачаў крымінальную справу супраць Піначэта – ужо хворага, старога і нямоглага? Ня ўсім гэта спадабалася, і судзьдзя ў хуткім часе вымушаны быў пайсьці ў адстаўку. Вось такі цяпер сьвет, такая цяпер мараль. А што рабіць нам, простым людзям, у гэтай сытуацыі? Толькі адно – супраціўляцца злу, іншых варыянтаў няма. Калі мы перастанем супраціўляцца злу, яно стане ўсеагульным і неадольным”.