Новая атака БТ на апазыцыю

Беларускае тэлебачаньне пачынае новую атаку супраць апазыцыйных сілаў. У эфіры зьяўляюцца прапагандысцкія сюжэты, якія павінны выклікаць у гледачоў пачуцьцё агіды да апанэнтаў рэжыму.

Напярэдадні з выкрывальніцкім ролікам супраць моладзевай арганізацыі "Маладая Беларусь" выступіў вядомы прапагандыст рэжыму Юрый Пракопаў у праграме "Панарама". Маладзёны абвінавачаныя ў нямэтавым выкарыстаньні грантаў і амаральным ладзе жыцьця. Аднак самі героі перадачы кажуць, што аўтар дастаў з паліцы "нафталін", які дэманструецца кожны раз, калі паступае адпаведны загад.

У сюжэце, падрыхтаваным камандай Юрыя Пракопава, расказваецца пра дваістае жыцьцё дэмакратычных актывістаў на прыкладзе сябраў руху "Маладая Беларусь". Тэлепрапагандысты сьцьвярджаюць, што дэмакраты ня столькі займаюцца палітыкай, колькі шыкуюць за замежныя гранты і "адцягваюцца" з выпіўкай і "траўкай". Пры гэтым лідэр "Маладой Беларусі" Артур Фінькевіч і ягонае найбліжэйшае атачэньне абвінавачваюцца ў падробцы фінансавых справаздачаў замежным спонсарам: маўляў, працы зроблена на капейку, а выдаткі дэкляруюцца на рубель. Усё суправаджаецца адпаведнай карцінкай.

Сам Артур Фінькевіч не адмаўляе, што паказаныя ў кадрах асобы — рэальныя, некаторыя зь іх уваходзяць у склад камандаў кандыдатаў у прэзыдэнты. Аднак прадэманстраваныя здымкі датаваныя 2007 годам. Тады многім героям было па 17—18 гадоў, а такому ўзросту ўласьцівая эпатажнасьць. Відэа выкладалася ў даступныя сацыяльныя сеткі, дзе яго і знайшлі афіцыйныя прапагандысты:

Артур Фінькевіч
"У Беларускага тэлебачаньня няма новых матэрыялаў, таму чарговым разам паказалі старыя. Нешта падобнае было напярэдадні мясцовых выбараў: паказвалі фільмы пра рух "Маладая Беларусь", калі мы вылучалі 38 кандыдатаў. Ніякага эфэкту гэта ня мела, апроч таго, што ёсьць чарговая спроба дыскрэдытацыі. Шчыра кажучы, не разумею сэнсу. Здымкі, паказаныя ўчора ў прапагандысцкім фільме, на 90% ня маюць ніякага дачыненьня да "Маладой Беларусі", бо тыя людзі ня ёсьць сябрамі арганізацыі. Матэрыялы — за 2007 год, калі "Маладой Беларусі" яшчэ ў прынцыпе не было. А што да паказу такіх кадраў, дык гэта не зусім прыстойна. Нават калі такія здымкі дазваляюць сабе тыя ці іншыя людзі, то гэта іх прыватнае жыцьцё. Я абсалютна не хацеў бы нават абмяркоўваць, хто, што, як і чаму здымаў, але лічу, што гэта ўмяшаньне ў прыватнае жыцьцё людзей".

Артур Фінькевіч таксама зьвяртае ўвагу на тое, чаму выкрывальніцкія сюжэты пачалі зьяўляцца менавіта ў той час, калі паралельна на Першым канале з прамовамі пачалі выступаць кандыдаты ў прэзыдэнты:
зробленая адмашка пачынаць "мачыць" дэмакратычныя арганізацыі, уключна з моладзевымі ...

"Што тычыцца фінансавых дакумэнтаў, яшчэ нечага, то гэта паказваецца ўжо ня першы раз. Нічога новага не было, а значыць, зноў жа, у іх ніякай новай фактуры папросту няма. Тут варта задумацца над тым, чаму менавіта ўчора зьявіліся гэтыя матэрыялы. А зьявіліся яны таму, што пачалася актыўная фаза прэзыдэнцкай кампаніі, калі пачалі выступаць кандыдаты ў прэзыдэнты. Той жа Рымашэўскі досыць сур'ёзна крытыкаваў дзейны рэжым, таму зробленая адмашка пачынаць "мачыць" дэмакратычныя арганізацыі, уключна з моладзевымі. Паказальна, што ўзяліся менавіта за "Маладую Беларусь", хоць мы вырашылі збольшага займацца назіраньнем. Але ж у іх задача такая: яны наразаюць, лепяць дзеля таго, каб зрабіць наш імідж ніжэй за плінтус".

Экспэрты не сумняюцца, што з набліжэньнем даты галасаваньня 19 сьнежня антыапазыцыйная актыўнасьць на беларускім тэлебачаньні будзе толькі ўзмацняцца. У нядзельнай праграме "Ў цэнтры ўвагі" шмат гаварылася пра прысутнасьць дэмакратычных актывістаў ва ўчастковых выбарчых камісіях. Паслухаўшы згаданага ўжо Пракопава, можна было зрабіць выснову: апазыцыя мэтанакіравана прасоўвае ў камісіі толькі псыхічна неўраўнаважаных людзей. А таму, маўляў, і няма чаго ім там рабіць.

Тэрміновую мабілізацыю найбольш дасьведчаных прапагандыстаў пацьвярджае і старшыня Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Аляксандар Зімоўскі. У прыватнасьці, ён патлумачыў, чаму ў жывы эфір праграмы "Ў цэнтры ўвагі" вернуты аўтар шэрагу антыапазыцыйных расьсьледаваньняў Юрый Пракопаў:

Аляксандар Зімоўскі
"Што тычыцца вяртаньня ў жывы эфір Юры Пракопава, дык ён ніколі эфіру не пакідаў. Ён працаваў над многімі дакумэнтальнымі фільмамі, зьвязанымі ў тым ліку і з контрапрапагандай, працай з апазыцыйнай тэматыкай, якая прысутнічае на каналах Бэлтэлерадыёкампаніі. Таму яго вяртаньне ў праграму "Ў цэнтры ўвагі" цалкам апраўданае. Юра — добры, дынамічны палітбаец, журналіст, які ня скончыў свой прафэсійны рост, ёсьць у яго яшчэ магчымасьці ўдасканальвацца. І мы палічылі аптымальным, што ў гэтым выпадку, у пэрыяд палітычнай кампаніі, праграму будзе весьці журналіст, якому нічога ня трэба дадаткова тлумачыць, падмяняць яго нейкай рэдактурай і г.д. Замена абумоўленая менавіта такім падыходам".

Патрэба ў антыапазыцыйнай прапагандзе адсунула на задні плян нават расейскі вэктар. Антырасейскай рыторыкі на Беларускім тэлебачаньні стала прыкметна меней.