Перадвыбарчая праграма Рыгора Кастусёва

Рыгор Кастусёў

(Захаваны арыгінальны правапіс)

Перадвыбарчая праграма
кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь
РЫГОРА КАСТУСЁВА,
намесніка Старшыні Партыі БНФ


Свабода і адказнасць.
Эканамічны рост.
Незалежнасць і Еўраатлантычны выбар.


Рыгор Кастусёў і Партыя БНФ ідуць на прэзідэнцкія выбары, каб абараніць карэнныя інтарэсы беларускага народу. Партыя БНФ – старэйшая палітычная сіла Беларусі, якая заўсёды кіравалася нацыянальнымі інтарэсамі.
Нацыянальныя інтарэсы вышэй за ўсё – вось наш прынцып.
На пасадзе прэзідэнта кандыдат ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў зробіць усё для рэалізацыі гэтага прынцыпу, згодна з палажэннямі дадзенай праграмы.

СВАБОДА І АДКАЗНАСЦЬ


- Вяртанне да прынцыпу законнасці і раздзялення ўладаў – першачарговая задача. Беларусь павінна стаць прававой дзяржавай.

- Партыя БНФ выступае за пераход ад аўтарытарнай сістэмы прэзідэнцкага кіравання да парламенцкай рэспублікі. Канстытуцыйны сход павінны вырашыць пытанні пабудовы грамадска-палітычнага ладу вольнай і незалежнай Беларус, распрацаваць часовыя палажэнні і механізм прыняцця новай Канстытуцыі, а таксама прызначыць Камісію па прававой рэформе і Камісію па люстрацыі. На пераходны перыяд дэмакратычны кааліцыйны Урад народнага даверу будзе сфармаваны па пазапартыйным прынцыпе на тэрмін да правядзення свабодных выбараў Парламенту.

- Скарачэнне дзяржапарату будзе наступнай задачай. Карупцыя, што апанавала лукашэнкаўскі рэжым, – гэта ракавая пухліна, якая паразітуе на беларускай нацыі. Скіданне ярма бюракратыі і карупцыі будзе адбывацца адначасова са скасаваннем органаў палітычнага пераследу і спецслужбаў, што абслугоўваюць інтарэсы існай уладнай групоўкі.

- Сістэма мясцовай улады будзе рэфармаваная ў адпаведнасці з прынцыпамі Еўрапейскай Хартыі мясцовага самакіравання.

- Свабода прэсы будзе абароненая дзяржавай. Незалежныя СМІ будуць сапраўднай “чацвёртай уладай”, якая дапаможа знішчыць усе праявы карупцыі. Будзе скасаваная дзяржаўная манаполія на тэлебачанне і радыё.

- Перагляд недэмакратычна прынятага заканадаўства будзе здзейснены неадкладна. Камісія па прававой рэформе вызначыць прыярытэтныя кірункі рэфармавання. Мы бачым першачарговымі задачамі стварэнне заканадаўчых гарантыяў для справядлівасці незалежнай судовай сістэмы і свабоды слова.

- Злачынствы аўтарытарнага рэжыму не павінны застацца без пакарання. Мы не можам дазволіць забыцца на палітычна матываваныя знікненні, збіццё дэпутатаў Парламенту і шматлікія факты рэпрэсій. Усе факты парушэння законнасці мусяць быць расследаваныя аб’ектыўна. Дзеля гэтага будзе створаная камісія па люстрацыі з шырокімі паўнамоцтвамі і ясным механізмам перадачы вынікаў следства ў органы пракуратуры і суд.

- Рыгор Кастусёў створыць нацыянальную сістэму абароны правоў чалавека і справядлівасці, якая цяпер адсутнічае ў Беларусі. Яна будзе ўключаць у сябе незалежны і справядлівы суд, упаўнаважанага па правах чалавека. Будзе ўведзены мараторый на смяротнае пакаранне. Старыя спецслужбы будуць скасаваныя, КДБ будзе распушчаны, а ягоная дзейнасць, таксама як і дзейнасць ягоных папярэднікаў, расследаваная Камісіяй па люстрацыі. Новыя спецслужбы будуць створаныя з прафесіяналаў, не заплямленых палітычнымі рэпрэсіямі, карупцыяй і злачынствамі.

ЭКАНАМІЧНЫ РОСТ


- Рыгор Кастусёў зробіць усё, каб у выніку справядлівай зямельнай рэформы была гарантаваная прыватная ўласнасць на зямлю, што створыць гаспадарчы падмурак новай дэмакратычнай Беларусі.

- Будуць створаныя вольныя ўмовы для развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, спрыяльныя ўмовы для крэдытавання бізнэсу праз развіццё мікрафінансавання, стварэнне канкурэнцыі на рынку банкаўскіх паслуг, у тым ліку праз прыцягванне замежнага банкаўскага капіталу.
Галоўнае для бізнэсу – стабільнасць правілаў гульні: частыя і беспадстаўныя змены заканадаўства будуць спыненыя.

- Мытныя пошліны на ўсе віды тавараў, якія не вырабляюцца на тэрыторыі Беларусі, павінныя быць скасаваныя.

- Эканамічная інтэграцыя з Еўрасаюзам азначае доступ нашай прадукцыі на еўрапейскія рынкі. Але пры гэтым для нашай краіны для захавання канкурэнтаздольнасці ў глабальным асяроддзі жыццёва неабходная мадэрнізацыя эканомікі. Лукашызм як састарэлая форма кіравання ёсць вынікам захавання састарэлых формаў вытворчасці. Прыярытэтам у інвестыцыйнай палітыцы будзе прыцягненне еўрапейскіх сродкаў дзеля стварэння сучаснай прамысловасці і новых працоўных месцаў.

- Па ініцыятыве новага прэзідэнта будзе створаны празрысты і некарумпаваны парадак заахвочвання замежных інвестыцыяў.

- Увядзенне моцнай нацыянальнай валюты – талера – арыентыр для грашова-фінансавай палітыкі. На бліжэйшы перыяд мэтай будзе правядзенне пісьменнай і разважлівай грашова-фінансавай палітыкі з мэтай пераадолення наступстваў сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу. Падаткавыя стаўкі будуць істотна паменшаныя, а дзейнасць правяраючых органаў упарадкаваная.

- Канкурэнтаздольная эканоміка немагчымая без сучаснай сістэмы адукацыі і навукі. Мы скасуем усе абмежаванні на міжнародныя кантакты беларускіх навучальных установаў, будзем заахвочваць стажыроўкі, абмены, сумесныя праекты для прыцягвання ў краіну сучасных ведаў і тэхналогіяў. Прымусовае размеркаванне студэнтаў будзе заменена на права выбару першага месца працы. Беларусь павінная далучыцца да Балонскага працэсу і ўвесці еўрапейскія адукацыйныя стандарты, мусіць быць забяспечанае прызнанне айчынных дыпломаў у Еўропе. Павінныя быць створаныя ўмовы для вяртання ў Беларусь Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, які цяпер вымушаны працаваць па-за межамі краіны, а таксама для адкрыцця ў Беларусі філіялаў вядучых замежных універсітэтаў.

НЕЗАЛЕЖНАСЦЬ І ЕЎРААТЛАНТЫЧНЫ ВЫБАР


- Нацыянальныя інтарэсы, а не зацікаўленасці асобных груповак, павінны быць асновай знешняй палітыкі дзяржавы. Беларусь ёсць неад’емнай часткай еўрапейскай цывілізацыі. Таму еўрапейскі шлях нашай краіны – гэта не пытанне геапалітычнага хістання паміж Масквой і Бруселем, а свядомы і асэнсаваны ўдзел у еўрапейскіх структурах у якасці паўнапраўнага суб’екта.

- Перагляд усіх міжнародных дамоваў, якія не адпавядаюць нацыянальным інтарэсам, стане гарантыяй незалежнасці нашай дзяржавы. Выхад з Мытнага саюзу, Саюзнай дзяржавы і падобных утварэнняў парве ланцугі, што прывязваюць Беларусь да Крамля.

- Незалежнасць краіны не будзе трывалай, калі яна не забяспечваецца культурнымі чыннікамі. Новаабраны прэзідэнт вярне спрадвечную нацыянальную сімволіку – Пагоню і Бел-Чырвона-Белы сцяг. Будуць створаныя дзейсныя механізмы падтрымкі і пашырэння ўжывання беларускай мовы. Органы дзяржаўнай улады і іншыя дзяржаўныя арганізацыі павінны функцыянаваць па-беларуску, а законы і іншыя нарматыўна-прававыя акты мусяць стварацца на беларускай мове. Галоўнаму аэрапорту краіны будзе нададзенае імя народнага пісьменніка Васіля Быкава.

- Энергетычная незалежнасць ёсць неабходнай умовай палітычнай незалежнасці. Мы выступаем за развіццё як альтэрнатыўнай энергетыкі і энергазберагальных тэхналогій, так і даказаўшых сваю эфектыўнасць еўрапейскіх падыходаў да развіцця атамнай энергетыкі. Энергетычнае супрацоўніцтва з іншымі дзяржавамі мусіць стаць альтэрнатывай расійскаму імперыялізму.

- Цяперашняя дэмаграфічная сітуацыя пагражае незалежнасці і самому існаванню беларускай нацыі. Кожная сям’я пры ўзяцці шлюбу павінна атрымліваць грант у памеры сярэдняга гадавога заробку, якім зможа скарыстацца пры нараджэнні другога дзіцяці. Вырашэнне дэмаграфічнай праблемы немагчымае без умацавання сям’і. Дзеля гэтых мэтаў будзе заснаваны Фонд будучых пакаленняў, у які будуць пераведзеныя сродкі з усіх прэзідэнцкіях фондаў і грошы, атрыманыя праз скасаванне органаў палітычнага пераследу.

- Дзеля ратавання беларускай нацыі ад наступстваў Чарнобыльскай катастрофы будзе рассакрэчаная поўная інфармацыя аб уплыве яе наступстваў на здароўе нацыі; санітарныя нарматывы, датычныя радыяцыйнага забруджвання, будуць прыведзеныя да стандартаў Еўрасаюза; будзе палегчаная працэдура імпарту лекаў, неабходных для лячэння анкалагічных захворванняў; уведзеныя льготы, якія б стымулявалі дабрачынную дзейнасць па арганізацыі лячэння за мяжой і ўвоз лекаў і медтэхнікі; забяспечаная магчымасць рэгулярных бясплатных абследаванняў для выяўлення ракавых захворванняў сярод дзяцей і падлеткаў; павялічанае фінансаванне адпаведных медычных установаў з перанакіраваннем на гэтыя мэты сродкаў, што сёння выдаткоўваюцца на фінансаванне ідэалагічнай вертыкалі.

- Будзе пастаўленая заслона нелегальнай эміграцыі. Мяжа з Расіяй будзе усталяваная і надзейна ўмацаваная, каб забяспечваць бесперашкодныя стасункі паміж добрасумленнымі грамадзянамі, але абараняць Беларусь ад крыміналу.

- Новы прэзідэнт прыкладзе ўсе намаганні для няўхільнага далучэння Беларусі да Шэнгенскай прасторы. Пры гэтым грамадзяне Расіі змогуць атрымліваць беларускія нацыянальныя візы бясплатна.

- Арганізацыя Паўночнаатлантычнай Дамовы павінна стаць гарантам незалежнасці нашай краіны, што патрабуе далучэння Беларусі да палітычных, а ў перспектыве – і да вайсковых элементаў еўраатлантычнай сістэмы бяспекі. Перагляд вайскова-палітычнай дактрыны будзе ініцыяваны пасля кансультацыяў з асноўнымі палітычымі суб’ектамі, кіраўніцтвам Міністэрства абароны і Генеральнага штабу, з улікам меркавання маючага адбыцца Канстытуцыйнага сходу. Мы выступаем за прафесійнае войска.

- Далучэнне Рэспублікі Беларусь да Еўрапейскага Саюзу мусіць быць арыентырам беларускай знешняй палітыкі. Але гэтае далучэнне магчыма толькі на умовах, якія будуць выгодныя беларускаму народу і адпавядаюць інтарэсам беларускай дзяржавы. Мы не згодныя пазбавіцца культурнай адметнасці дзеля кароткачасовых гаспадарчых перавагаў.

Шаноўныя сябры і аднадумцы!


Для ўсіх нас Беларусь ёсць адзінай і непаўторнай Бацькаўшчынай. Нашая агульная будучыня непарыўна звязаная з лёсам беларускай нацыі. Разам мы здольныя дамагчыся годнага, свабоднага і незалежнага жыцця на беларускай зямлі. Новы прэзідэнт Беларусі ад Партыі БНФ скарыстае ўсе прэзідэнцкія паўнамоцтвы для дасягнення гэтай мэты.

Калі Вы падтрымліваеце гэтую праграму – галасуйце за Рыгора Кастусёва і ахвяруйце сродкі для агітацыі на рахунак 3014000000379 у ААТ “АСБ Беларусбанк” код 795.