Зьміцер Бандарэнка: Экспэртаў хочуць скарыстаць у палітычных мэтах

Зьміцер Бандарэнка

Каардынатар "Эўрапейскай Беларусі" Зьміцер Бандарэнка гэтак пракамэнтаваў высновы экспэртаў АБСЭ, якія пагадзіліся з афіцыйнай вэрсіяй беларускай міліцыі пра самагубства журналіста "Хартыі-97" Алега Бябеніна:

"Гэтых экспэртаў хочуць скарыстаць у палітычных мэтах як рэжым Лукашэнкі, гэтак і палітыкі ў Эўропе, якія ратуюць апошнюю дыктатуру ў Эўропе. Чаму? Бо самая галоўная іх выснова — што сьмерць наступіла ад удушэньня. Але мы кажам, што Алег Бябенін не павесіўся, а быў павешаны. І на лецішчы, на нашу думку, былі другія людзі. Гэта трэба было дасьледаваць, а самі экспэрты кажуць, што яны не праводзілі свайго расьсьледаваньня, а грунтаваліся на зьвестках праверкі пракуратуры. І самае галоўнае: пракуратура таксама не грунтавалася на сапраўдным расьсьледаваньні, бо крымінальная справа гэтак і не была заведзеная. Хаця добра вядома, што ён атрымліваў пагрозы забойства, пагрозы гвалту цягам некалькіх месяцаў. Гэта пры тым, што ён быў вядучай асобай у штабе кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава, і сьмерць Алега здарылася літаральна за некалькі дзён да абвяшчэньня даты выбараў".