У Камбоджы аб’явілі жалобу

У Камбоджы на 25-га лістапада аб’яўлены дзень жалобы ў памяць аб 349 ахвярах цісканіны на сьвяце вады ў Пнампэні. Прэме’ер Камбоджы Хун Сэн назваў панядзелкавае здарэньне на мосьце праз раку Танлесап найстрашнейшай трагедыяй у гісторыі краіны пасьля рэжыму “чырвоных кхмэраў”.

Трагедыя здарылася пасьля канцэрту. Калі дзясяткі тысяч людзей рушылі праз мост над ракою, узьнікла цісканіна. Спрабуючы ўратавацца, людзі скакалі ў ваду – у выніку шмат хто зь іх патануў. Бальшыня загінулых – жанчыны. Сотні людзей параненыя.

Паводле ўладаў, у завершаным напярэдадні трохдзённым Фэстывалі вады бралі ўдзел каля двух мільёнаў чалавек.