Дамблдор быў геемПрэзэнтуючы «Гары Потэр і дары сьмерці» ў ЗША, аўтарка патэрыяны Джоан Роўлінг паведаміла, што заўсёды ўяўляла Альбуса Дамблдора як гея. |
Шмат хто прыгадвае, што ведае аднаполыя сем’і, але вельмі цяжка знайсьці людзей, якія б адкрыта пагадзіліся абмяркоўваць сутнасьць сваіх стасункаў і дзяліцца сваімі праблемамі. Прычына гэтаму адна — страх. І я таксама баюся нашкодзіць сваім суразмоўцам, таму імёны і галасы большасьці герояў гэтай праграмы зьмененыя.
Тым ня менш ёсьць асобы, якія лічаць сваім асабістым пакліканьнем абараняць правы сэксуальных меншасьцяў. Кіраўнік праваабарончага праекту «ГейБеларусь» Сяргей Андросенка распавядае, як жывуць беларускія гомасэксуальныя сем’і:
Андросенка: «Нягледзячы на тое, што аднаполыя шлюбы ў Беларусі не легалізаваныя — няма ніякіх заканадаўчых актаў, якія рэгулявалі б такія адносіны, — аднаполыя зьвязкі ў Беларусі ёсьць. І некаторыя нават наважваюцца мець дзяцей. Вядома, збольшага гэта жаночыя пары. Працэнт такіх сем’яў вельмі нязначны — іх, можа, дзясяткі на ўсю Беларусь. Але гэта зараз — у Беларусі посткамуністычнай, і тут толькі ў 1994 годзе скасавалі крымінальную адказнасьць за гомасэксуальнасьць».
Беларускае грамадзтва, якое жорстка перасьледуе асобных гомасэксуалаў, лічыць за лепшае не заўважаць гомасэксуальныя сем’і. Распавядае Ірына:
Ірына (імя зьмененае): «Быў такі момант, калі ў нас нарадзілася дачка. Калі нараджаецца дзіця, прыходзяць сёстры і дактары на патранаж — аглядаюць месца, дзе жыве дзіця, у якіх умовах і падобнае. Вось тады быў момант, калі задалі пытаньне, хто мы і што мы. Мы на гэтае пытаньне далі адназначны адказ, хаця ў мэдычнай картцы ўсё адно запісалі нешта кшталту „сваякі па нейкай лініі“, сёстры ці нешта падобнае».
Гэтыя сем’і сутыкаюцца з самымі будзённымі сямейнымі праблемамі, знаёмымі ўсім.
Беларусы выхоўваюць сваіх дзяцей на жартах, кпінах у адносінах да гомасэксуалаў.
Першая сям’я, у якой узьнікае тэма гомасэксуалізму, — бацькоўская. Прызнацца бацькам — першы крок да таго, каб адкрыцца перад грамадзтвам. Вось як гэта апісвае Ігар Іваноў:
«Мая маці параўнальна хутка змагла размаўляць са мной пра маю сэксуальнасьць і маё жыцьцё. Але заняло ёй вельмі шмат часу, каб пачаць адкрыта казаць іншым, што мой сын гей і што яна гэтага не саромеецца. Адзін мой знаёмы брытанец, багаслоў і вельмі добры чалавек, калі я яму пра ўсё гэта распавядаў, ён сьмяяўся крышачку з усяго гэтага і казаў: „Вось пабачыш, што маці твая будзе вялікай абаронцай геяў у выніку“. І ў нейкім сэнсе гэта так атрымалася, бо маці мая была адзіным чалавекам з бацькоў, хто выйшаў на менскі гей-прайд у мінулым годзе».
Прававы статус гомасэксуальнасьці ў сьвеце.
Адценьні блакітнага — аднаполыя шлюбы ў той ці іншай ступені дазволеныя.
Аранжавы — штраф, чырвоны — зьняволеньне, карычневы — сьмяротная кара.
Што перажывае маці, калі дзіця прызнаецца, што мае гомасэксуальную арыентацыю?Адценьні блакітнага — аднаполыя шлюбы ў той ці іншай ступені дазволеныя.
Аранжавы — штраф, чырвоны — зьняволеньне, карычневы — сьмяротная кара.
Тацяна (імя зьмененае): «Я перажыла гэта, і ўсе перажывуць, я думаю. Ну атрымалася так: нехта з адной рукой нарадзіўся, хтосьці з адной нагой нарадзіўся. Але ж гэта тваё дзіця, яго ж нельга з жыцьця выкрасьліць. Ну, і няхай іншыя мамы і таты неяк зьмірацца з гэтым, зразумеюць, паразмаўляюць. Я лічу, што тады праблемаў менш будзе. Толькі ўсё гэта трэба адкрыта і дзецям, і бацькам, каб яны разумелі адно аднаго і давяралі адно аднаму».
А вось што кажа дванаццацігадовая сястра хлопца, які ўжо некалькі гадоў не хавае сваёй гомасэксуальнай арыентацыі:
Я нават ганаруся сваім братам.
Як патлумачыць дзецям, што іхнія блізкія не такія, як усе? Спадарыні Тацяне давялося самой вырашаць, як распавесьці дачцэ пра тое, чым адрозьніваецца як брат ад іншых людзей:
Тацяна: «Вядома, вельмі баюся, таму што недзе можа гэта вылезьці — тыя ж сродкі масавай інфармацыі, недзе даведаюцца сябры, недзе настаўнікі — людзі ж розныя ёсьць. І гэта можа неяк паўплываць на яе ня вельмі добра.
Я бачыла, што яна здагадваецца, у яе пачалі нейкія пытаньні да мяне зьяўляцца. Я ёй проста патлумачыла, што ёсьць такія хлопчыкі і дзяўчаткі сярод нас, якім вось хлопчыкам падабаюцца хлопчыкі, кажу, а дзяўчаткам падабаюцца дзяўчаткі. Яна кажа: „Што яны, псыхі там, ненармальныя?“ Я кажу: „Не, гэта нармальная зьява“. І сказала, што не рабі ніякіх высноваў, усё астатняе ты сама пасьля зразумееш. Я думаю, што ёй больш ніхто нічога ня мог сказаць».
Прафэсар найстарэйшага амэрыканскага ўнівэрсытэту Кларка Эбі Голдбэрг напісала кнігу «Лесьбі- і гей-бацькі ды іх дзеці». У ёй яна прааналізавала, як ставяцца да дзяцей у аднаполых сем’ях дасьледчыкі і грамадзтва, і зрабіла свае высновы:
Ня толькі для нашага грамадзтва дагэтуль праблематычна, ці лічыць аднаполыя саюзы сем’ямі. Аднак у гэтым пытаньні можна прыслухоўвацца толькі да саміх чальцоў гэтых сямей. Распавядаюць Ірына і Галіна:
Ірына: «Мы сябе ідэнтыфікуем як сям’ю незалежна ад таго, ці прызнана гэта грамадзтвам і той дзяржавай, у якой мы на сёньняшні дзень жывем. А як па-іншаму? Мы сям’я. Натуральна, нараджалі сьвядома, натуральна, хацелі гэтае дзіця, натуральна, трэсьліся над кожным рухам, каб захаваць гэтае дзіця, каб яно нарадзілася здаровым. Каб на сёньняшні дзень гадаваць гэтае дзіця, каб яно было шчасьлівае і каб мы былі шчасьлівыя».
Галіна (імя зьмененае): «Мы абедзьве мамы. Мы ня будзем падманваць дзіця. Мы ўжо вызначаем сябе як мамы. І ня толькі мы, але і бабулі, і дзядулі».
Для аднаполых параў у Беларусі праблема — сама магчымасьць мець дзіця. У больш заможных краінах, і асабліва там, дзе легалізаваныя аднаполыя шлюбы, такія сем’і зьвяртаюцца да тэхналёгіі экстракарпаральнага апладненьня альбо ўсынаўляюць дзяцей. У Беларусі магчымасьць выхоўваць дзяцей маюць выключна лесьбі-сем’і, і яны пераважна вымушаныя карыстацца традыцыйнымі спосабамі. Распавядае Адэля:
Адэля (імя зьмененае): «Я не была ніколі замужам, вельмі хацела дзіця. Ён адразу ведаў пра гэта. У яго свая сям’я. Мы не камунікуем з таго моманту, нават ня бачыліся ні разу. І ён нават ніколі і не цікавіўся, што з намі адбываецца».
Большасьць людзей нават не ўяўляюць, што ў аднаполых сем’ях могуць выхоўвацца дзеці. Аднак спадарыня Голдбэрг сабрала ў сваёй кнізе мноства фактычных дадзеных, якія пацьвярджаюць наступнае:
Гэтыя дзеці больш адкрытыя, больш талерантныя, часьцей здольныя да спагады…
Статыстыка
Эбі Голдбэрг выявіла, што дзяўчаткі, выхаваныя ў лесьбі-сем’ях, больш схільныя выбіраць прафэсіі, якія традыцыйна лічацца мужчынскімі — напрыклад, юрыста ці доктара. Гэтыя прафэсіі абралі 52% жанчын зь лесьбі-сем’яў супраць 21% жанчын, выхаваных у гетэрасэксуальных сем’ях. У той жа час 95% хлопцаў выбіралі «мужчынскія» прафэсіі, незалежна ад таго, у якой сям’і — гома- ці гетэрасэксуальнай — яны выхоўваліся. Дарослыя, выхаваныя ў аднаполых сем’ях, часьцей абіраюць сфэру дзейнасьці, зьвязаную з ажыцьцяўленьнем грамадзкай справядлівасьці, і часьцей кантактуюць з гомасэксуаламі.
На думку Эбі Голдбэрг, няма ніякіх падстаў, каб хвалявацца за дзяцей у гомасэксуальных шлюбах:
Голдбэрг: «Я катэгарычна адмаўляю, што гэтым дзецям нечага бракуе. Асабліва гэта тычыцца меркаваньня, што яны мала кантактуюць з асобамі супрацьлеглага полу, як іх бацькі. Напрыклад, калі яны выхоўваюцца дзьвюма мамамі, то яны зусім ня бачаць мужчын. Гэта проста сьмеху варта. Маё дасьледаваньне лесьбійскіх сем’яў выявіла, што дзеці ў іх маюць шырокае кола кантактаў з мужчынамі — гэта дзядзі, дзядулі, суседзі, настаўнікі. Гэта такое ж кола кантактаў, як і ў дзяцей з гетэрасэксуальнай сям’і».
Натальля Васілевіч, рэдактарка сайту «Царква», лічыць, што адсутнасьць у Беларусі законаў, якія б рэгулявалі існаваньне аднаполых сем’яў, шкодзіць усяму грамадзтву ў цэлым. Аднак і гэтае пытаньне немагчыма вырашыць адназначна:
Васілевіч: «Кансэрватыўныя хрысьціянскія цэрквы вельмі жорстка выступаюць супраць. Але ёсьць лібэральныя цэрквы, якія кажуць пра тое, што такія сем’і не зьяўляюцца хібнымі.
Найбольшыя канфлікты былі зьвязаныя з тым, што каталіцкія агенцыі па ўсынаўленьні абавязвалі для забесьпячэньня роўнасьці шлюбаў — гомасэксуальных і гетэрасэксуальных — аддаваць дзяцей з каталіцкіх прытулкаў у гомасэксуальныя сем’і. І гэтыя прытулкі лічылі, што гэта парушае іхныя правы».
Сяргей Андросенка тлумачыць, што трэба зрабіць, каб аднаполыя сем’і пачуваліся паўнавартаснымі складнікамі грамадзтва.
Андросенка: «Я лічу, што мы павінны быць шчырымі і сумленнымі. І царква, і дзяржава павінны перастаць крывадушнічаць і рабіць выгляд, што нас няма, і спрабаваць перайначыць. Я думаю, што надыходзіць час, калі трэба прызнаваць людзей такімі, якія яны ёсьць, і слухаць праўду. Замоўчваць праблемы ня варта, пра іх трэба размаўляць. Заклікаю гомасэксуальныя сем’і зьвяртацца ў ЛГБТ-арганізацыі, не баяцца і спрабаваць адстаяць сваё права на сям’ю. Тым больш што ва Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека напісана, што кожны чалавек мае права на сям’ю».
Для таго каб зразумець іншага чалавека, бывае досыць проста замаўчаць самому і паслухаць яго. Мы часта кажам, што ўсё, што мы робім, мы робім дзеля сьветлай будучыні нашых дзяцей, аднак вельмі рэдка вымяраем нашыя ўчынкі цяперашнім дабром для дзіцяці. Калі мы ўсё ж падыдзем да пытаньня легалізацыі аднаполых шлюбаў, менавіта дабро для дзяцей павінна стаць галоўным аргумэнтам.