Алесь Анціпенка: “Кожны грамадзянін урэшце мае права быць пачутым”

Госьць “Начной Свабоды” – сябра Рады Беларускай асацыяцыі журналістаў, кіраўнік групы маніторынгу БАЖ Алесь Анціпенка. Тэмаю размовы – асьвятленьне прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі ў сродках масавай інфармацыі.


Знаткевіч
: Што трэба было б зрабіць і зьмяніць для рэальна роўных умоваў усіх кандыдатаў у сродках масавай інфармацыі?

Анціпенка: У дэмакратычных краінах ёсьць цэлыя сыстэмы, скіраваныя на тое, каб забясьпечыць максымальна роўныя ўмовы. Вядома, гаворка не ідзе пра тое, што могуць быць забясьпечаныя абсалютна роўныя ўмовы – хоць бы з той простай прычыны, што ёсьць розныя мажлівасьці. Але калі, напрыклад, гаворка ідзе пра агітацыю і прэзэнтацыю выбарчых праграмаў, то, скажам, у ЗША кандыдаты ня маюць права, калі гэта платныя выступы, патраціць больш грошай за раней вызначаныя велічыні.

Ужо напрацавана шмат розных мэханізмаў, якія дазваляюць забясьпечваць роўныя мажлівасьці доступу да сродкаў масавай інфармацыі. Ёсьць безумоўна, і цэлая сыстэма кодэксаў журналісцкай этыкі, якія асаблівую ўвагу зьвяртаюць на асьвятленьне выбараў. Урэшце, ёсьць міжнародныя стандарты, якія прадпісваюць журналістам даваць кандыдатам права адказаць, калі хтосьці з кандыдатаў быў няправільна інтэрпрэтаваны ў ягоных поглядах, калі ацэнка, якая давалася нейкай праграме, не адпавядае ўяўленьню самога кандыдата. У папярэдніх кампаніях мы фактычна ні разу не зафіксавалі ніводнага выпадку, калі, напрыклад, кандыдаты ад апазыцыі мелі права на адказ у дзяржаўных СМІ ў тых сытуацыях, калі іхныя погляды скажаліся або рэпрэзэнтаваліся ў адмоўным тоне.
Ёсьць міжнародныя стандарты, якія прадпісваюць журналістам даваць кандыдатам права адказаць...


Гэта доўгая размова, але мушу сказаць, што сапраўды такія мэханізмы існуюць, але відавочна, што ў беларускай сытуацыі яшчэ патрэбны дастаткова вялікі час, каб гэтыя мэханізмы пачалі працаваць.

Знаткевіч: З боку беларускіх уладаў можна часам пачуць аргумэнт, што дзяржаўныя СМІ незалежныя і таму, маўляў, ім нельга загадаць праводзіць нейкую рэдакцыйную палітыку...

Анціпенка: Гэта не зусім так. Па-першае, дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі атрымліваюць датацыі зь дзяржаўнага бюджэту. Па-другое, калі мы гаворым пра дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі, то іх наўпроставым абавязкам зьяўляецца забесьпячэньне роўных правоў, бо мы жывем у краіне, у якой няма грамадзянаў першага гатунку, другога ці пятага. Калі ўсе грамадзяне роўныя перад законам і канстытуцыяй, значыць, абавязак дзяржаўных СМІ – ажыцьцяўляць гэтае права на практыцы, то бок імкнуцца да таго, каб даваць аднолькавыя мажлівасьці ўсім грамадзянам выказаць сваё меркаваньне. Кожны грамадзянін урэшце мае права быць пачутым, і голас ягоны мае быць чутны. Гэта ёсьць наўпроставы абавязак дзяржаўных СМІ.

Слухаць гутарку цалкам: