Лукашэнка не прыйшоў у сваю прыёмную

У менскім Доме літаратара на вуліцы Фрунзэ, 5 адчынілася грамадзкая прыёмная кандыдата Аляксандра Лукашэнкі. У першай палове дня на прыём запісалася каля пяцідзесяці грамадзянаў, якія прыйшлі найперш са сваімі скаргамі і нявырашанымі праблемамі. Яны зьбіралі подпісы пад патрабаваньнем, каб зь імі сустрэўся асабіста Лукашэнка, а не давераныя асобы, якія нічога не вырашаюць.


Лілія Ўварава з Гомелю: «Мы прыехалі з розных рэгіёнаў сюды. Мы ўсе пацярпелі ад беззаконьня, якое творыцца чыноўнікамі Лукашэнкі. І мы ўсе патрабуем, каб нам арганізавалі сустрэчу з Лукашэнкам, і нам адмаўляюць у гэтай сустрэчы. Зараз мы пішам калектыўнае патрабаваньне, каб нам указалі дату і месца сустрэчы. Мы лічым, калі прэзыдэнт Лукашэнка ня мог абараніць сваіх грамадзянаў ад свавольства чыноўнікаў, навошта нам зноў такі прэзыдэнт?!»

На пытаньне, ці будзе яна галасаваць за Лукашэнку, спадарыня Лілія сказала:

«Не! І ўсе мае знаёмыя ніколі і ні за што, бо яны ведаюць пра тое беззаконьне, якое творыцца».

Лідзія Палякова дадала: «Яго словы, якія ён гаворыць, разыходзяцца са справай».


Мікалай Марчанка
зь Менску: «Карупцыя квітнее ў Рэспубліцы Беларусь! У гэтым вінаваты народ Беларусі, што дапусьціў крымінальнікаў да ўлады».

Карэспандэнт: «Чаго вы хочаце дамагчыся?»

Марчанка: «Каб у газэтах, па тэлебачаньні спынілі хлусьню, ману і гэтак далей. І зьнішчылі карупцыю. Каб паклікалі народ на зьнішчэньне карупцыі. Назвалі — „барацьба з карупцыяй“. Як карупцыянэры могуць змагацца з карупцыяй?».

Грамадзкая прыёмная Лукашэнкі будзе працаваць штодня, апроч нядзелі, з 9 да 18 гадзінаў і ў суботу з 9 да 13. Такія ж прыёмныя адчыняць у абласных гарадах, а таксама ў Маладэчне, Барысаве, Пінску, Баранавічах, Наваполацку.