Алесь Кіркевіч: Галоўнае – перамены

Гарадзенская пракуратура вынесла папярэджаньне намесьніку старшыні "Маладога фронту" Алесю Кіркевічу паводле 193 артыкула Крымінальнага кодэксу (удзел у незарэгістраванай арганізацыі).

Алесь Кіркевіч паведаміў, што некалькі дзён таму на працу да маці сябра арганізацыі 16-гадовага Тамаша Прыхода прыйшлі супрацоўнікі КДБ і прымусілі яе напісаць супраць яго заяву за нібыта ўцягваньне непаўналетніх у "незаконную" дзейнасьць.

Знаткевіч: Сёньня было зарэгістравана 10 кандыдатаў. Ці ёсьць у Маладым фронце агульная пазыцыя падзелу па кандыдатах: адны кандыдаты больш адпавядаюць вашым ідэям, патрабаваньням і г.д., а нейкія кандыдаты – не.

Кіркевіч: Найбліжэйшым чыста ідэалягічна блізкім кандыдатам для нас зьяўляецца Віталь Рымашэўскі ад БХД. Наша арганізацыя, як і БХД, грунтуецца на хрысьціянскіх прынцыпах і беларускім патрыятызьме. Але пры гэтым можна пачуць і тэорыю пра прарасейскіх кандыдатаў, якія быццам бы зробяць горш чым пры Лукашэнку. Наша пазыцыя – хто ёсьць хто вызначыцца ў барацьбе – на плошчы. А казаць можна ўсё што заўгодна. Важна, як чалавек павядзе сябе ў крытычнай сытуацыі.

Знаткевіч: А вы лічыце, што той кандыдат, які будзе актыўна дзейнічаць на плошчы, ён абавязкова ня будзе прарасейскім? Ці ня можаце вы дапусьціць, што кандыдат адначасова можа быць прарасейскім і пры гэтым актыўна змагацца?

Кіркевіч: Сапраўды. так можа быць, але мы лічым, што галоўнай задачай зараз зьяўляецца выцягваньне Беларусі з таго балота, з таго застою, якім яна зьяўляецца зараз. А праблемы з Расеяй як фактарам мы будзем мець яшчэ бліжэйшыя пару дзясяткаў гадоў. Нават пры лепшым раскладзе, калі нават выбяруць Рымашэўскага ці Кастусёва, нацыянальна арыентаванага, усё адно была б створана моцная партыя, якая б падтрымлівала расейскі інтарэс, расейскі бізнэс працягваў бы дзейнічаць у Беларусі. Фактар Расеі, праблемы Расеі ўсё адно застанецца. Зараз галоўнае замяніць гэтую ўладу, якая тут ужо сядзіць фактычна 16 гадоў. Галоўнае – перамены.

Слухаць перадачу цалкам: