Сучасныя “тусоўкі” былой Тусаўшчыны

У ХІХ стагодзьдзі на месцы сучаснага буйнога пасёлку ды аднайменнай чыгуначнай станцыі Энэргетык была толькі невялікая сядзіба графаў Чапскіх. Ад тых часоў захаваліся нават дзьве пабудовы казарменнага тыпу ды сталоўка для панскіх парабкаў. Тады паселішча назвалася Тусаўшчына. Хто б мог падумаць, што назва на сучасны кшталт выявіцца ці не прарочай! 2,5 тысячы жыхароў па заробках, узроўню жыцьця, палітычных поглядах сёньня падзеленыя акурат на кланавыя «тусоўкі».

Уласна пасёлак узьнік у другой палове 60-х мінулага стагодзьдзя, калі на базе былой МТС арганізавалі вытворча-рамонтную базу — вядомую як «ПРК» — цяпер ААТ «Захадэлектрасетбуд». Сотня працуючых тут лічаць сябе мясцовай элітай — сядзім, маўляў, на «залатым дне». Ня тое што калгасьнікі з тутэйшага ж СВК «Крыён-агра» ці працаўнікі «няхлебнага» хлебакамбінату. Прынамсі ў адказ на маё пытаньне 28-гадовы, але ўжо з начальніцкім позіркам і ўпэўненасьцю ў будучым кар’ерным росьце брыгадзір участку мэталаканструкцыяў Максім Маркаў так і сказаў:


Карэспандэнт: «Замовы будуць у вас незалежна ад палітыкі?»

Маркаў: «Натуральна! Усім электрычнасьць, цяпло патрэбныя — вы ж ясьце пастаянна. Заробак у нас і ў сярэднім па Энэргетыку адрозьніваецца амаль на мільён. У сярэднім па брыгадзе мільён 300. Прыйшоў хлопец да нас на 900 тысяч, а ў калгасе атрымліваў 500 без выходных і сьвятаў. У калгас прасілі вярнуцца — казаў, ніколі ў жыцьці…»

Пяткевіч: «Наша база нармальная — заробкі 900 тысяч, працоўны дзень не як у даяркі — 8 гадзін, 13-я паквартальна ідзе, адпачынкі выплачваюцца…»

Гэта ўжо 40-гадовы рабочы Уладзімер Пяткевіч, сядаючы ва ўласную «дзявятку», выказаў тое, што на ПРК мог бы, здаецца, сказаць кожны.

Карэспандэнт: «А галасаваць за каго будзеце?»

Петкевіч: «У нас з Лукашэнкам нармальна ўсё. Я ведаю, што заўтра будзе праца, мае дзеці будуць бясплатна вучыцца — не магу ўявіць, каб за грошы, як у Расеі, дзяцей траіх. Я ведаю, у яго ёсьць недахопы, але ня ўсюды аднолькава можна рабіць…»

Гутару з намесьнікам дырэктара ПРК, спадаром Мікалаем Семянкевічам.

Семянкевіч: «Мы — горадаўтваральнае прадпрыемства. ПРК усе пабудовы, Палац культуры зрабіла. Мы вырабляем мэталаканструкцыі для ўсёй энэргетыкі Беларусі. Рабілі сёлета на Калінінград больш за тысячу тон. Завод на год 2,5 тысячы выдае. У будучым пабудуем цэх для фармаваньня, лінію для вырабу апор…»

Карэспандэнт: «Якую „сацыялку“ гарантуеце сваім працаўнікам?»

Семенкевіч: «У Энэргетыку найбольш прэстыжнае месца працы. На кожнага мы выдзелілі праз краму па 300 тысяч і на бульбу з гароднінай. Сярэдні заробак — мільён 300. У Дзяржынскім раёне на 3-м месцы ідзем. У гэтым годзе на будаўніцтва дамоў нашым людзям далі больш за 200 мільёнаў — хто як працуе…»
Навошта нам такія манапалісты, як МАЗ, БелАЗ? Прадалі б 50 % акцый, і хай нармальны прыватнік іх утрымлівае, плаціць падаткі.


«Маладыя ваўкі» накшталт памянёнага Максіма Маркава гатовы ісьці і далей па «сваім» рынкавым шляху.

Маркаў: «Навошта нам такія манапалісты, як МАЗ, БелАЗ? Прадалі б 50 % акцый, і хай нармальны прыватнік іх утрымлівае, плаціць падаткі. І тыя ж людзі будуць працаваць — толькі ў добрых умовах. Бачыў, як у Менску працуюць сумесныя з Расеяй прыватныя прадпрыемствы — цэхі ацяпляюцца, ніякай цяжкай працы — усе ў шортах ходзяць. Усе мы прыйдзем да рынку ў Беларусі, хіба ня так?!»

Няблага пачуваюцца ў Энэргетыку і «вэртыкальшчыкі» такія, напрыклад, як вядучы спэцыяліст пассавету Людміла Пуляк.

Пуляк: «10 год жывем. Раней працавала на камбінаце хлебапрадуктаў — 300 тысяч. Плянуем у Энэргетыку застацца, будуем кватэру. Узялі ільготны крэдыт пад 1 % — пасёлак адносіцца да сельскай мясцовасьці. Кватэра трохпакаёвая, ужо здаецца ў пасёлку 100-кватэрны дом…»

Але праз дарогу, дзе невялікі кірмаш, пачынаецца яўна іншае жыцьцё. Людзей каля шапіка 45-гадовай Галіны з Украіны яўна бракавала.


Галя: «Людзей ходзіць тут вельмі мала. Відаць, грошай няма. А цэны прымальныя, цёплыя порткі мужчынскія — за 20 тысяч…»

Карэспандэнт: «А чаго езьдзіце ў Энэргетык, калі нявыгадна?»

Галя: «Калі няма нічога, дык паесьці троху. (сьмяецца) Прызвычаіліся, езьдзім 10 год…»

Вакол, аднак, віравалі палітычныя жарсьці ў літаральным сэнсе на розныя галасы. Блазнаваты Міхась весяліў прысутных знаёмым голасам:

Міхась: (голасам Лукашэнкі) «Што, па тэлефоне ня можаце бульбу перабраць?!… Толькі схапіўся за яйкі — малако прапала!… Як парлямэнт ператрахіваў, так і буду…» (сьмех)

Пажылы спадар з абветраным чырвоным тварам разам з жонкай ледзь не палезьлі ў бойку:

Спадарства: «Мне бясплатна зрабілі апэрацыю на сэрцы, дзіцёнку-інваліду, што ў Расеі каштуе кучу. Кватэру мне даў трохпакаёвую, за якую плацім крэдыту толькі 30 тысяч у месяц. Усе будзем галасаваць, як адзін чалавек — лепшага ня знойдзем…»

І толькі 24-гадовы Віталь, нядаўні студэнт БАТУ, які першы год адпрацоўвае ў Энэргетыку інжынэрам у мясцовым лясгасе, мне сказаў:

Віталь: «Паклалі на 2 гады 500 тысяч. За паўгода заробак узрос на 27 тысяч. Як маладому ствараць сям’ю за такія грошы? Жыльлё я рабіў сам — дошкі лясгас даў, а я сам падлогу зрабіў, вагонкай абклаў. Якія тут пэрспэктывы — сьпівацца?! Мне тут не падабаецца…»

***

На ўскраіне кірмашу на мяне дапытліва глядзеў пажалы чалавек у ватоўцы колеру хакі. Падыходжу.


Стэльмах: «Калі нешта супраць Лукашэнкі, вы не напішаце…»

Карэспандэнт: «Не, акурат адтуль, дзе дадуць…»

Хутка, зрэшты, пэнсіянэр, спадар Віктар Стэльмах разгаварыўся.

Стэльмах: «У нашага народа моцна разьвітае пачуцьцё раба. Памятаеце, на яго сэлектарных нарадах усе трасуцца? І што яны там пішуць? (сьмяецца) Мне не падабаецца, што словы разыходзяцца са справамі — гаворыць адно, робіцца іншае…»

Спадар Стэльмах крытычна ставіцца і да псыхалёгіі, поглядаў сваіх аднавяскоўцаў.

Стэльмах: «Далі ваду — яны аплядзіруюць. 50 % ільготаў на квіткі зьняў — усе маўчаць. І галоўнае — каб недзе горш жылося. А нашым шмат ня трэба — чарка і шкварка. Намі лёгка кіраваць…»

Карэспандэнт: «А вы за каго будзеце галасаваць?»

Стэльмах: «А я не хаджу на выбары — усе разумныя людзі разумеюць, хто будзе прэзыдэнтам. Я думаю, што толькі Расея можа паставіць крыж на ім — дапусьцім, не прызнаюць яны выбары і проста не пажадаюць зь ім мець справы…»

А гэтай сустрэчы я з асаблівым імпэтам чакаў і яшчэ па адной прычыне.


Карэспандэнт: «Мяне Віталь Сямашка завуць, а вас Алена Сьцяпанаўна Сямашка…»

Сямашка: «Ой, божа мой! Так, вельмі добра…»

Я ў кватэры маёй, з дазволу сказаць, цёзкі — 82-гадовай спадарыні Сямашка. Яна ганаровы грамадзянін Дзяржынскага раёну, заслужаная настаўніца Беларусі, былы дэпутат Вярхоўнага Савету БССР часоў хрушчоўскай адлігі. Жанчыну фізычна сагнулі гады, але пазыцыю трымае трывала. Яна шмат думае пра тое, кім мусіць быць чалавек, які зойме вышэйшую дзяржаўную пасаду:

Сямашка: «Я думаю, што для такой пасады павінен быць чалавек разумны, інтэлігентны, адукаваны, які любіць сваю сям’ю. А то што — адна жонка невядома дзе, ад другой мае дзіця, цягае гаротнае ўсюды за сабой, як нейкага сабачку. Мяне вельмі ўражвае гэта, як жанчыну! Гэта для прэзыдэнта нікуды ня варта. І для бацькі. Я яго не паважаю, яго гаворкі не ўспрымаю, калі перад камэрай кажа словы непісьменныя, якія не павінны гучаць з вуснаў прэзыдэнта. Мне вельмі не падабаецца, што пасварыўся з Расеяй. На прэс-канфэрэнцыях крычыць, усе няправыя. А ён правы…»

Карэспандэнт: «А ці пойдзеце галасаваць у сьнежні?»

Сямашка: «За яго, безумоўна, галасаваць ня буду…»

Сусед спадарыні Алены, таксама пэнсіянэр, спадар Уладзімір Кавалеўскі прызвычаіўся мысьліць па-дзяржаўнаму яшчэ з 90-х, калі БССР зрабілася РБ.

Карэспандэнт: «Наколькі да горшага і наколькі да лепшага зьмяняецца жыцьцё ў Энэргетыку?»

Кавалеўскі: «Да лепшага ніяк не даходзіць. Добра, у нас у сям’і 3 пэнсіянэры — маці за 100 год, жонка за 80. У нас на трох атрымліваецца мільён. А як адзін пэнсіянэр заплаціць за кватэру, камунальныя? А што застаецца на ежу? Цэны растуць, а пэнсіі мізэрна дабаўляюць. У Расеі большыя, чым у нас. У калгасе карову трымаюць, сьвіней, але мала-мала. У краме насупраць з 5 тысячамі няма чаго рабіць. Хто павінен? Толькі ўлада! Прэзыдэнт не трымае свайго слова. Год 6 казаў пра 2 тэрміны. Цяпер чакае, пакуль падрасьце сын Коля. Прасьвету не відаць! Яго выказваньні — „вашывыя блохі“, Гітлера ў прыклад. І зьнікаюць жа людзі!»

Пры гэтай размове прысутнічаў старэйшы на Дзяржыншчыне дэпутат-апазыцыянэр, сябра БСДГ-НГ, спадар Уладзімер Мішура.


Карэспандэнт: «А што ў асобна ўзятым Энэргетыку павінна зьмяніцца?»

Мішура: «Старшыня пассавету Скарабагатаў наш, паколькі прызначаны, — маленькі Лукашэнка. У пачатку 90-х старшыню выканкаму абіраў сельсавет. Цяпер старшыня райвыканкаму. Калі сельсавет зь ім не пагодзіцца, распускаецца! Трэба станцыю абезжалезваньня давесьці да ладу, бо брудная вада. Па-другое, пасёлак ад пошты вечна ў брудзе. З асфальту зьяжджаеш — там дрыгва. Па-трэцяе, шмат сьмецьця — засыпаныя нават прыступкі ля крамы «Дробязі».

На стале спадара Кавалеўскага, сівога самавітага спадара зь бліскучымі ў запале вачыма, — бел-чырвона-белы сьцяжок. Не магу не запытацца:


Карэспандэнт: «Наколькі важна для вас, што ў хаце — бел-чырвона-белы сьцяг?»

Кавалеўскі: «Гэта старажытны наш. І пад гэтым сьцягам разумныя беларусы адстойвалі нашу незалежнасьць. Вось чаму ён мне дарагі…»

Карэспандэнт: «Вы яшчэ ня вызначыліся за каго галасаваць?»

Кавалеўскі: «Натуральна, за кагосьці з апазыцыі. Жыцьцё наладзіцца толькі тады ў Энэргетыку, як зьменіцца ўлада. Тут усе гэтага чакаюць…»

http://maps.google.com/maps/ms?source=s_q&hl=en&geocode=&ie=UTF8&t=h&oe=UTF8&num=200&start=200&msa=0&msid=103600678178428685206.00046355b62ab3e327e28&ll=53.917281,28.037109&spn=5.177891,11.557617&z=6&iwloc=000495456d24c4cfe0f11&output=embed
Падарожжы Свабоды