У Беларусі выдалі глясарый тэрмінаў Эўразьвязу

У менскай галерэі «Ў» адбылася прэзэнтацыя папяровай версіі «Глясарыю тэрмінаў Эўразьвязу», які раней існаваў толькі ў інтэрнэце. Выданьне падрыхтаваў Беларусі цэнтр эўрапейскіх дасьледваньняў.

Слоўнік-даведнік, поўная назва якога «Глясарый тэрмінаў эўрапейскага зьвязу і ўсходняга партнэрства» выйшаў у выдавецтве «Логвінаў». Інтэрнэт-вэрсія даведніка прыкладна на месяц апярэдзіла выданьне кнігі. Складальнік «Глясарыю» — Аляксандар Адамянц, навуковыя рэдактары — Андрэй Фёдараў і Аляксандар Уласкін.

Кандыдат фізыка-матэматычных навукаў, экспэрт цэнтру эўрапейскіх дасьледаваньняў Андрэй Фёдараў патлумачыў: «Унікальнасьць гэтай кнігі толькі для Беларусі, у астатніх краінах, у тым ліку і ў тых, што уваходзяць у праграму „Усходняе партнэрства“, яны ўжо даўно існуюць. Але ў Беларусі гэта сапраўды першы такі прыклад. Яна тлумачыць тое, што адбываецца ў Эўрапейскім зьвязе, якія там ідуць працэсы, як створаны, як працуе Эўрапейскі зьвяз. У нашых абставінах, калі вельмі мала людзей увогуле ведае пра тое, што такое аб’яднаная Эўропа, гэта вельмі цікава і вельмі карысна».

Стваральнікі слоўніка-даведніка «Глясарый тэрмінаў Эўрапейскага зьвязу» плянуюць правесьці прэзэнтацыі даведніка і ў рэгіёнах.