"Партызанфільм" у кожную хату

Зь 5 па 12 лістапада ў Менску ўжо сямнаццаты раз праходзіў міжнародны кінафэстываль "Лістапад". У Менск прывезьлі дзясяткі выдатных кінастужак, створаных кінэматаграфістамі розных краін. Прыехаў і мэга-папулярны рэжысэр Эмір Кустурыца. Ягоныя фільмы "Час цыганоў" і "Андэграўнд" калісьці адкрылі беларускай моладзі вольналюбівы сьвет Балканаў. А цяпер Кустурыца — турыст-экстрэмал, які падарожнічае па сучасных дыктатурах і прызнаецца ў шчырай любові да іхных правадыроў.

Зусім нядаўна беларускі прэзыдэнт склікаў нашых мясцовых кустурыцаў і выставіў рахунак на 20 мільёнаў даляраў, якія за апошнія тры гады былі ўкладзеныя ў беларускую кінаіндустрыю. За гэтыя грошы цалкам рэальна зьняць хаця б адзін добры фільм, а можа, нават і некалькі. Да прыкладу, бюджэт "Мільянэра з трушчобаў", які ў мінулым годзе атрымаў 8 "Оскараў" і быў прызнаны найлепшым фільмам году, складае ўсяго 15 мільёнаў. Цікава да таго ж, што ў гэтым фільме, дзеяньне якога адбываецца ў Індыі, багата герояў размаўляюць на хіндзі. І гэта ніяк не зашкодзіла таму, каб фільм палюбілі ва ўсім сьвеце, што, безумоўна, адбілася і на касавых зборах, якія перавысілі бюджэт у дзясяткі разоў.

А я спыталася ў гледачоў "Лістападзіка", які беларускі фільм ім падабаецца.

Гледачы "Лістападзіка":

— "Гэтыя… ня памятаю".

— "Ня ведаю нават…. Ня надта".

— "Дунечка" — беларускае кіно ёсьць…глядзелі".

— "Ой, ня памятаю…."


Аднак некаторыя дзеткі згадалі беларускія мультфільмы. З пытаньнем, што адбываецца ў беларускай анімацыі, я зьвярнулася да рэжысэра-мультыплікатара Міхаіла Тумелі — аўтара мультфільмаў "Выцінанка-выразанка" і "Беларускія прымаўкі".

"Беларуская анімацыя — яна такая была штучная, мы рабілі невялічкія фільмы, і вельмі розныя рэжысёры і мастакі там працуюць на "Беларусьфільме". Можа, гэта і наш шлях, бо мы зараз робім працяг сэрыялу пра беларускую гарадзкую геральдыку. Гэта мініятуры, якія расказваюць пра гербы беларускіх гарадоў. Робіцца сэрыял "Несьцерка" Ігарам Воўчакам.

Зараз беларуская анімацыя накіраваная, магчыма, найбольш на ўсім "Беларусьфільме", на беларускую культуру".




Між тым і дзеці, і моладзь любяць і ведаюць кіно. Сьведчаньне гэтага — існаваньне па ўсёй Беларусі немалой колькасьці самадзейных кінаклюбаў. Вось што распавядае пра свой кінаклюб Стас Рудакоў:
…знайшлося многа людзей, якія хацелі здымаць сваё кіно, але яны ня ведалі, з чаго пачаць, не было абсталяваньня, мінімальных відэакамэр. І яны вырашылі, што клясна было б вучыцца і вучыць іншых"...

"Гэта ў большасьці сваёй моладзь, зразумела, студэнты. Гэта насамрэч вельмі цікавая аўдыторыя, таму што яны яшчэ, мабыць, не сфармавалі свае погляды на жыцьцё і таму лёгка могуць разглядаць розныя бакі, розныя пазыцыі, і таму зь імі цікава размаўляць, спрачацца.

Яшчэ хачу распавесьці пра такую ініцыятыву, як "Кінакаапэратыў". Гэта таксама ініцыятыва, якая ўзьнікла падчас гэтага кінаклюбу. Калісьці знайшлося шмат людзей, якія хацелі здымаць сваё кіно, але яны ня ведалі, з чаго пачаць, не было абсталяваньня, мінімальных відэакамэр. І яны вырашылі, што клясна было б вучыцца і вучыць іншых. Таму зьявіўся адукацыйны "Кінакаапэратыў", які дзейнічае, і там нават здымаюць фільм вось у гэты самы момант".

Кіраўнік іншага моладзевага кінаклюбу Юры Ўрсо распавёў, хто з сучасных рэжысэраў можа лічыцца надзеяй беларускай моладзі.

Юры Урсо
"Кудзіненка, які, я лічу, ёсьць адзін з найбольш таленавітых беларускіх сучасных рэжысэраў. Гэта менавіта ягоны фільм "Акупацыя. Містэрыі", які быў забаронены ў Беларусі, а зараз быў рэабілітаваны. Гэта, я лічу, адзін з найлепшых фільмаў, зьнятых на постсавецкай прасторы".

Андрэй Кудзіненка стаў вядомым пасьля фільму "Акупацыя. Містэрыі", а вельмі вядомым — пасьля таго, як гэты фільм забаранілі дэманстраваць у Беларусі з прычыны ня надта прыхільнага паказу ўдзельнікаў партызанскага руху. Два гады таму Кудзіненка зьняў у Расеі папулярную моладзевую мэлядраму "Розыгрыш". А днямі адбылася доўгачаканая прэм'ера бульба-хорару "Масакра", які, на думку гледачоў і крытыкаў, адкрывае новы шлях для беларускага кіно. Разважае Андрэй Кудзіненка:

Андрэй Кудзіненка
"Трэба кранаць цяжкія тэмы, сацыяльныя — наркаманія і так далей. А ўсё ж такі ў нас спрабуюць такія тэмы заўсёды абысьці. Культавае кіно, як "На ігле" ці тое, што робіць Гай-Германіка, у нас ня зробіш. Усё ж такі рафінаваным застаецца погляд. Дзіцячае кіно ніколі ня стане культавым ці сусьветным, калі няма добрых грошай і гэта ня Толкіен ці Гары Потэр. Толкіена мы ня зробім, а ў падлеткавым кіно можам зрабіць канкурэнцыю — зрабіць кіно такога сацыяльнага напрамку, жорсткае, фэстывальнае, арт-хаўснае, што я ня вельмі зараз люблю рабіць".




Але і дзеці, і маладыя людзі "думаюць" кіно. Менавіта ў Беларусі на сконе савецкага часу ўзьнік унікальны жанр — "вуснае кіно", калі контракультурная моладзь дэклямавала створаныя ў галаве фільмы.

Тое, што самае цікавае кіно і запатрабаванае кіно для дзяцей і моладзі магчыма зьняць і ў Беларусі, паказвае прыклад кароткага і амаль аматарскага сэрыялу "Школа", зьнятага тэлекампаніяй гораду Бабруйску. Распавядае рэжысёр сэрыялу Натальля Голава:

Натальля Голава
"Калі мы заявілі, што зьбіраемся здымаць кіно, і зрабілі прэзэнтацыю праекту, зьнялі дэма-вэрсію — вельмі простую, танную, такую сьмешную, дурную, і сказалі, што мы зьбіраемся здымаць кіно — усе адразу пачалі ганіць: "Ой, барысаўскае тэлебачаньне, ды што яны там могуць зьняць". Калі мы паказалі першыя чатыры сэрыі і калі гэтыя ж людзі, што пісалі на форуме, нешта казалі, па горадзе нейкі чуткі хадзілі, і былі ўпэўненыя, што мы нічога ня здымем, а калі і здымем, то, канечне, атрымаецца абы што. І вось калі яны падлучыліся да працэсу — кагосьці папрасілі дапамагчы з сайтам, камэру знайсьці, актораў, — і атрымалася так, што ўвесь горад здымае кіно. Хтосьці даў торбачку для актрысы, хтосьці дапамог дастаць сьвятло, хтосьці яшчэ нешта. І калі ўсе пабачылі гэтыя чатыры сэрыі, то падумалі, што ў прынцыпе ня так і кепска ўсё атрымалася".



Але гэты малады творца таксама ня бачыць сябе ў беларускім кінэматографе. Вось чаму Натальля Голава ня хоча глядзець наша кіно:

"Ведаеце, я не хачу глядзець беларускае кіно. Тэхнічна ўсё добра: у нас ёсьць на чым здымаць, ёсьць на чым мантажаваць. Людзі, якія
Людзі, якія працуюць у кіно — прафэсіянальныя дастаткова для таго, каб рабіць добрае кіно. Але чамусьці добрага кіно не атрымліваецца ...
працуюць у кіно — прафэсіянальныя дастаткова для таго, каб рабіць добрае кіно. Але чамусьці добрага кіно не атрымліваецца. Я ня ведаю, чаму. Напэўна, таму, што ў Беларусі шмат гадоў была кінастудыя, якая, як усе ведаюць, называлася "Партызанфільм". Напэўна, таму, што акцэнты былі нейкім такім чынам расстаўленыя.

Самая галоўная задача ў кіно — гэта аўтар і рэжысэр. Вось у мяне такое адчуваньне, што ў нас цяпер у Беларусі ў кіно няма чаго сказаць. То бок мы нешта кажам, але гэта неяк ня важна, ня сьмешна, не арыгінальна, не цікава, няма глыбіні нейкай.

Для таго каб у нас было добрае кіно, яно, па-першае, павінна быць больш беларускім. Нам ня трэба пераймаць ані расіянаў, ані ўкраінцаў, ані Эўропу, ані Галівуд — анікога. Мы павінны шукаць сваіх герояў, свае сюжэты, свае гісторыі нейкія".

Але ўсё ж найбольш пасьпяховай мясцовай кінапрадукцыяй для сямейнага прагляду я лічу фільмы незалежнай, безьбюджэтнай і абсалютна анархічнай кампаніі "Навінкі Хоўм Відэа". Іхны першы фільм "Случай с пацаном", які выйшаў у 2001 годзе ў час прэзыдэнцкіх выбараў, меў ашаламляльную папулярнасьць, хаця і не прынёс стваральнікам вялікіх прыбыткаў. Распавядае Павал Канавальчык:

"Ён займеў таксама посьпех і на міжнароднай, што называецца, арэне. Нават правы былі выкупленыя па Расейскай Фэдэрацыі кампаніяй "Другое кіно", якая робіць падборкі незвычайных, рэдкіх, арт-хаўсных фільмаў. Ну вось, знайшлося месца і для нашага фільму там".

Гэтая ня проста кінамастацтва, гэта і не мастацтва ўвогуле.

Канавальчык: "Контрапалітычнага мастацтва, так скажам, гэта была спроба. Мы хацелі зьвязаць у агульнапалітычны кантэкст нейкія падзеі, якія адбываюцца ў палітычным жыцьці і маюць розгалас у сродках масавай інфармацыі і так далей, і паказаць, якім чынам яны адбіваюцца на простых людзях, простых хлапцах і дзяўчатах, якія не ангажаваныя ў палітыку. І наш мастацкі фокус — якім чынам палітыка і палітычныя падзеі могуць адбівацца ў штодзённасьці".
наш мастацкі фокус — якім чынам палітыка і палітычныя падзеі могуць адбівацца ў штодзённасьці ...

Любы творчы посьпех можа быць абгрунтаваны. Асабліва калі гэта кінапрадукцыя. У Паўла Канавальчыка ёсьць адказ і на гэтае пытаньне:

Канавальчык: "У нас безьбюджэтнае кіно заўжды, у нас няма прафэсійных актораў. І ўсе, хто здымаецца ў нашых фільмах, гэта творчы калектыў "Навінкі Хоўм Відэа" і сябры. У нас галоўнае — нават ня тое, як гэта зьнята і пададзена, а што зьнята і пра што. Што да сэнсу, то мы вельмі сур'ёзна ставімся. Гэта павінна быць нешта канцэптуальнае".

Лёс склаўся так, што кожны фільм "Навінкі Хоўм Відэа" выходзіць у год выбараў: у 2001 гэта быў "Случай с пацаном", у 2006 — "Гудбай, бацька", сёлета — прэм'ера новага палітычнага трылера "Ўводзіны ў беларусазнаўства".

Канавальчык:
"Дакладна зьявіцца ў сеціве да выбараў. Мы працавалі над гэтай карцінай не датычна да гэтых выбараў, але вось аказалася, што праца сасьпела акурат ізноў жа да чарговых выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Яна прыдасца да сёньняшняга грамадзка-палітычнага кантэксту".

Выглядае, што кожны малады беларускі рэжысэр пры жаданьні можа стварыць уласны "Партызанфільм", а шмат хто яго ўжо і мае. У Беларусі ёсьць кіно. Яно ў галовах і кампутарах маладых, актыўных і свабодных. Яму ня трэба спушчаная зьверху ідэалёгія і звышыдэя, ад каго б яна ні паходзіла.