Ня ўсе кандыдаты прыйдуць на рэгістрацыю

Рэгістрацыя кандыдатаў у прэзыдэнты адбудзецца 18 лістапада а 12-й гадзіне ў залі № 7 менскага Палаца рэспублікі. Аднак ня ўсе кандыдаты возьмуць удзел ва ўрачыстасьці.

Сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік асабіста праз тэлефон запрасіў усіх кандыдатаў у прэзыдэнты зьявіцца на рэгістрацыю. Не датэлефанаваўся ён толькі да Ўладзімера Някляева, які цяпер знаходзіцца па-за межамі Беларусі. У імпрэзе плянуе ўзяць удзел і Аляксандар Лукашэнка. Кандыдатаў просяць паведаміць нумары і маркі аўтамабіляў, на якіх яны маюць прыехаць на пасяджэньне камісіі, "дзеля забесьпячэньня месцамі для паркоўкі". Пасьведчаньні кандыдатаў ўжо надрукавалі на ўсіх прэтэндэнтаў, паведаміў спадар Лазавік:
Пасьведчаньні кандыдатаў ўжо надрукавалі на ўсіх прэтэндэнтаў ...

"Будзе прынятае рашэньне, станоўчае ці адмоўнае, але пасьведчаньні ўжо гатовыя. У выпадку станоўчага рашэньня пасьведчаньне будзе ўручана, а калі адмоўнае, то зьнішчана".

Пасьля рэгістрацыі пройдзе лёсаваньне, каб разьмеркаваць час выступаў на тэлебачаньні і радыё, а таксама адбудзецца рэгістрацыя давераных асобаў.

Аднак ня ўсе кандыдаты плянуюць браць удзел у рэгістрацыі. Віталь Рымашэўскі ў гэты дзень будзе знаходзіцца ў Парыжы, дзе возьме ўдзел у пасяджэньні палітычнай камісіі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. Ягоныя інтарэсы будзе прадстаўляць кіраўнік ініцыятыўнай групы Павал Севярынец. Спадар Рымашэўскі сказаў, што ягоная паездка досыць важная, бо там будзе абмяркоўвацца сытуацыя з правамі чалавека і выбарамі ў Беларусі.

Віталь Рымашэўскі
"Калі я застануся тут, гэта будзе важна для мяне асабіста, магчыма, для нейкага піяру, бо там будуць журналісты. А вось калі я паеду ў Парыж, то гэтая паездка будзе важная для ўсёй дэмакратычнай супольнасьці. Бо калі я адмоўлюся, то дэмакратычныя колы ня будуць там прадстаўленыя".

Яраслаў Раманчук, наадварот, адмяніў сваю паездку ў Галяндыю, каб прысутнічаць на рэгістрацыі.

Яраслаў Раманчук
"Мы вырашылі, што трэба лепш быць у Беларусі, на рэгістрацыі, чым сустракацца з нашымі калегамі, хаця гэтае спатканьне было заплянавана з прэм'ер-міністрам Галяндыі. Але мы вырашылі, што гэта лепш зрабіць пазьней. Я лічу, што гэта важна, каб быць там, заявіць пра сябе. Гэта такая важная мэдыйная падзея, таму трэба быць".

Андрэй Саньнікаў таксама плянуе браць удзел у рэгістрацыі і пакуль не плянуе ніякіх паездак.

Андрэй Саньнікаў
"У бліжэйшыя да рэгістрацыі дні паездкі не пляную, бо я гэта наўмысна не раблю, каб быць на месцы на выпадак нейкіх нечаканасьцяў".

Таксама ў рэгістрацыі возьмуць удзел Рыгор Кастусёў, Алесь Міхалевіч і Мікалай Статкевіч. Кіраўнік ініцыятыўнай групы Ўладзімера Някляева Андрэй Дзьмітрыеў не сказаў, ці будзе на пасяджэньні ЦВК спадар Някляеў — маўляў, "гэта будзе сюрпрыз". Аднак усе кандыдаты заявілі пра сваю гатоўнасьць пачаць агітацыйную кампанію адразу пасьля рэгістрацыі. Паводле старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай, усе кандыдаты змогуць з 22 лістапада выступіць два разы па паўгадзіны на тэлебачаньні і два разы па паўгадзіны на радыё.

"Раней было з 18 да 19, цяпер — з 19 да 20. То бок гэты па тэлебачаньні час больш прывілеяваны, чым раней. Па радыё ён таксама памяняўся. Раней было з 8 да 9 раніцы, цяпер — з 6:10 раніцы да 7:10 раніцы".

Рыгор Кастусёў лічыць, што часу для выступаў не дастаткова:

Рыгор Кастусёў
"30 хвілінаў гаварыць — такі выступ успрымаецца людзьмі вельмі складана. Я прыхільнік таго, каб хаця б гэты час разьбілі на драбнейшыя часткі, хоць бы па 10—15 хвілін. Атрымалася б некалькі разоў, і гэта ўспрымалася б людзьмі з большай цікавасьцю. Але мы выкарыстоўваем тое, што ёсьць".