Пераможца "Лістападу-2010" экранізуе Васіля Быкава

Уладальнік Гран-пры Менскага міжнароднага кінафэстывалю "Лістапад-2010" Сяргей Лазьніца пасьля посьпеху сваёй дэбютнай ігравой стужкі "Шчасьце маё" мяркуе зьняць мастацкі фільм паводле аповесьці Васіля Быкава "Ў тумане". Такім чынам ён мае ня толькі выказаць даніну павагі клясыку беларускай літаратуры, але і аддзячыць сваёй радзіме — 46-гадовы Сяргей Лазьніца нарадзіўся ў Баранавічах.

У адным з інтэрвію Сяргей Лазьніца кажа, што кінасцэнар паводле аповесьці Васіля Быкава быў напісаны яшчэ на пачатку 2000-х. Права на пастаноўку рэжысэр атрымаў незадоўга да сьмерці Быкава — у 2002-м. Але, як ён кажа, беручыся за здымкі любога фільму, трэба быць гатовым узяць на сябе адказнасьць. У той час асэнсаваньня поўнай гатоўнасьці не было, таму праект давялося адкласьці. Зь Менску Лазьніца адляцеў на чарговы кінафорум у Бразылію, і сувязі зь ім пакуль няма.

Але, як кажа кінакрытык Ала Бабкова, падчас нядаўняй сустрэчы з Лазьніцам той пацьвердзіў, што нарэшце мяркуе давесьці задуму з "туманам" да лягічнага заканчэньня:

"Я ў яго наўпрост запытала: ці праўда, што ён усё ж будзе здымаць кінастужку паводле аповесьці Васіля Быкава "Ў тумане"? І ён мне гэтак жа проста адказаў: "Так, праўда".

Яшчэ раней сам Лазьніца казаў, што яго закрануў за жывое сюжэт гісторыі: здрадзіць сабе і стаць адлюдкам — альбо сысьці з жыцьця. І чым больш у чалавеку гуманнасьці, тым меней у яго шанцаў застацца жыць. Партызаны едуць забіваць мірнага жыхара, бо лічыцца, што ён калябарант. І хоць ён зь немцамі не супрацоўнічае, давесьці гэта немагчыма.

Сьведкам нечага падобнага, як згадвае Лазьніца, быў ён сам, калі яшчэ жыў у Баранавічах. У ягоным двары быў чалавек, якога таксама лічылі калябарантам. Ён не супрацоўнічаў з фашыстамі, але прайшоў лягеры і быў адлюдкам. І толькі дзед Лазьніцы ставіўся да яго лепш за навакольных, бо, прайшоўшы вайну, ведаў, што ня ўсё падзяляецца на чорнае ці белае. Хоць сам Сяргей быў яшчэ малы, яго гэтая гісторыя надзвычай уразіла. "Для мяне справа гонару — зьняць карціну. У тым ліку гэта абавязак перад Быкавым, які пасьпеў пажадаць мне ні пуху, ні пяра", — рэзюмаваў Сяргей Лазьніца.

Крытыкі сыходзяцца на думцы, што і прэзэнтаваны фэстывальны фільм "Шчасьце маё", які атрымаў у Менску Гран-пры "Золата лістапада", па сваёй сутнасьці — "антысавецкі": нягледзячы на дэкляраваную "выключнасьць", Расея насамрэч закансэрвавалася ў "барбарскім грамадзтве". Гаворыць Ала Бабкова:

"Фільм зьняты ў ка-прадукцыі: Україна — Нямеччына — Нідэрлянды. Стужка пра тое, што ў Расеі да гэтага часу, ад заканчэньня вайны, нічога не зьмянілася: дзікасьць, зладзейства, улада ў пагонах пажырае сябе саму. Расейцы — бедныя небаракі, вось пра што фільм. Апішу рэакцыю гледачоў. Адна дама крычала, што рэжысэр прадаўся немцам, таму зрабіў менавіта такую карціну пра Расею. Малады хлапец сказаў, што пачуў мат у гэтым фільме і яго гэты мат адвучыў мацюкацца ў жыцьці. Стала проста агідна. Яшчэ адна жанчына сядзела і проста плакала. А ўвогуле бальшыня людзей выходзілі з глыбокай думкай на твары. Магу сказаць: Лазьніца хоць зараз і жыве ў Нямеччыне, але вельмі добра ведае расейскую правінцыю як дакумэнталіст. Шмат разоў прыяжджаў у Расею здымаць дакумэнтальнае кіно, аб'езьдзіў багата расейскіх рэгіёнаў і надзвычай добра адлюстраваў убачанае ў стужках. "Шчасьце маё" — ягоная першая ігравая карціна".

Нават расейскія крытыкі, прагледзеўшы стужку Лазьніцы на сёлетнім кінафоруме "Кінатаўр", дзе "Шчасьце маё" атрымала прыз за лепшую рэжысуру і прыз Гільдыі кіназнаўцаў і кінакрытыкаў, на прыкладзе галоўнага героя, сярэднестатыстычнага дальнабойшчыка, прыйшлі да агульнай высновы: Расея — гіблае месца, "імпэрыя" канчаткова зьбілася з дарогі і трэба "валіць" адтуль як мага хутчэй.



Сяргей Лазьніца нарадзіўся 5 верасьня 1964 году ў Баранавічах на Берасьцейшчыне. Скончыў Кіеўскі політэхнічны інстытут, працаваў навуковым супрацоўнікам у Інстытуце кібэрнэтыкі ва ўкраінскай сталіцы. У 1991-м паступіў ва Ўсерасейскі інстытут кінэматаграфіі на аддзяленьне рэжысуры ігравога кіно, які скончыў з выдатнай адзнакай. Працаваў рэжысэрам на студыі дакумэнтальных фільмаў у Санкт-Пецярбургу, у 2001-м эміграваў зь сям'ёй у Нямеччыну. У актыве Лазьніцы — тры поўнамэтражныя і восем кароткамэтражных дакумэнтальных стужак, а таксама ігравая карціна "Шчасьце маё".