Місія назіральнікаў АБСЭ пачала працу ў Беларусі

Герт Арэнс дэманструе дапаможнік па назіраньні за выбарамі

Кіраўнік місіі назіральнікаў БДІПЧ АБСЭ Герт Арэнс сустрэўся з старшынёй ЦВК Лідзіяй Ярмошынай.

Бакі дамовіліся, што такія сустрэчы будуць адбывацца штотыдзень.

Арэнс паведаміў, што яшчэ да дня асноўнага галасаваньня назіральнікі падрыхтуюць 2 прамежкавыя даклады.

Даклады будуць гатовыя не раней чым праз два тыдні пасьля таго, як у Беларусі пачнуць працаваць доўгатэрміновыя назіральнікі.

40 доўгатэрміновых назіральнікаў з 18 краінаў сьвету прыедуць у Беларусь 17 лістапада.

За выбарамі таксама будуць назіраць 400 кароткатэрміновых назіральнікаў.

На сустрэчы з журналістамі Арэнс не даваў палітычных ацэнак сытуацыі ў Беларусі. Ён толькі зазначыў, што напярэдадні АБСЭ і Вэнэцыянская камісія выступілі з сумесным мэмарандумам пра зьмены ў выбарчым заканадаўстве Беларусі.

Арэнс адзначыў, што назіральнікі аб АБСЭ будуць сачыць у тым ліку і за тым, як на практыцы будуць працаваць гэтыя зьмены.

Ёд падкрэсьліў, што асаблівая ўвага назіральнікаў будзе аддадзеная працэдуры падліку галасоў і ходу датэрміновага назіраньня.

Герт Арэнс паведаміў, што назіральнікі будуць знаходзіцца ў Беларусі яшчэ тыдзень пасьля 19 сьнежня.