Фюле і Мартынаў дамовіліся наконт візавых перамоваў

Сяргей Марытнаў

У МЗС Беларусі адбылася сустрэча міністра Сяргея Мартынава з эўракамісарам Штэфанам Фюле. Штэфан Фюле сказаў: "Мы паразмаўлялі на тэму грамадзянскай супольнасьці з маім сябрам Сяргеем Мартынавым".

"Мы імкнемся да разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці і хочам шчыльнейшых адносін зь беларускім грамадзтвам. Менавіта таму Эўракамісія і вырашыла пачаць перамовы зь Беларусьсю аб спрашчэньні візавага рэжыму і рэадмісіі.

Пасьля таго як гэтае пытаньне будзе разгледжанае, беларусы змогуць езьдзіць у краіны Эўразьвязу прасьцей і таньней", — дадаў Фюле.

Перад сустрэчай з Мартынавым Фюле заявіў, што спрашчэньне візавага рэжыму ня будзе зьвязвацца або абумоўлівацца палітычнымі пытаньнямі.

Штэфан Фюле таксама паведаміў, што падчас размовы зь Сяргеем Мартынавым казаў яму: ЭЗ чакае ад Беларусі правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў у адпаведнасьці са стандартамі БДІПЧ.

"Гэта дазволіць паглыбіць дачыненьні паміж ЭЗ і Беларусьсю", — адзначыў эўракамісар.

Выйшаўшы да журналістаў, ні Мартынаў, ні Фюле не адказвалі на пытаньні, а выступілі толькі з кароткімі заявамі.