Паколькі дзякуючы БРСМ мы цяпер ведаем, што беларускія выбары гэта ня што іншае, як «турыбары, парабары, мурыбары», то бок марнасьць марнасьцяў і тамленьне духу, я напішу пра рэч больш важную і фундамэнтальную для чалавечага існаваньня. Пра кіно. Праўда, з гэтым найважнейшым з мастацтваў у нас дасюль было ня лепей, чым з выбарамі. Беларускага кіно вартага ўвагі фактычна не існавала. А значыць, мы былі пазбаўленыя, сярод іншага, магутнага сродку сацыяльнага самапазнаньня, асэнсаваньня сябе ў мінулым і цяпершчыне, вымушана сілкуючыся вобразамі, сэнсамі і гісторыямі, спароджанымі зусім у іншых кантэкстах. Я не кажу, быццам «чужое» кіно - гэта абавязкова кепска. Кепска тое, што бясспрэчна асаблівы беларускі кантэкст не знаходзіў адлюстраваньня ў кінамастацтве. Другі беларускі фільм рэжысэра Андрэя Кудзіненкі - «Масакра» - дае падставы спадзявацца, што гэта ўсё-ткі не назаўжды.
Рэакцыя блогераў на «Масакру» трохі розьнілася, у залежнасьці ад моўных прыхільнасьцяў: сярод расейскамоўных можна было заўважыць болей зьневажальных і саркастычных водгукаў, тады як беларускамоўныя, нават калі «Масакра» ня выклікала ў іх шчырага захапленьня, імкнуліся не адтаптацца чарговым разам на тутэйшым кіно, а даць фільму падбадзёрвальныя ацэнкі. Калі асерадніць, агульную рэакцыю можна апісаць словамі: «яшчэ не шэдэўр, але ўжо ня кляты сорам». Або, як сфармуляваў гэта блогер antilushpak: «Мы нарэшце зьяўляемся шчасьлівымі сьведкамі таго, як словазлучэньне "сучаснае беларускае кіно" пакрыху пачынае губляць статус мацернага!».
Калі на экране зьявіўся надпіс «Беларусьфільм» і нехта ў залі гучна сказаў сваім таварышам разьюшанае: «Блін, чаму вы мяне не папярэдзілі?!», я нэрвова ўціснуўся ў крэсла, вырашыўшы, што спраўдзіліся мае найгоршыя асьцярогі - давядзецца з болем назіраць, як імкліва рассмоктваецца незадаволеная публіка, па ходу кідаючы зьедлівыя рэплікі агулам пра ўсё беларускае. Асьцярогі былі дарэмнымі - да самага канца сэансу кіназаля заставалася запоўненая на 83%. Ніхто не сьвістаў, ня тупаў нагамі і не патрабаваў вярнуць грошы. І хаця бурных і працяглых аплядысмэнтаў у фінале таксама не раздалося, настрой гледачоў здаваўся хутчэй умерана прыўзьнятым, чым расчараваным.
Перад тым, як даць слова блогерам, выкажу сякія-такія ўласныя заўвагі. Найперш пра жанр «бульба-хорар», за які ніхто чамусьці ня ўставіў шпільку рэжысэру. Цалкам недарэчнае вызначэньне. Бо ў мяне, напрыклад, яно выклікала фантасмагарычнае ўяўленьне пра гіганцкіх калярадзкіх жукоў-мутантаў, якія тэрарызуюць звычайны, ціхі аграгарадок. Аднак ніякіх жукоў-мутантаў у фільме не аказалася. Анчутка-бульбянік, бульбяны бог, які помсьціць сялянам за нітраты і нітрыты, у «Масакры» таксама не фігуруе. Таму адзінае, што магло падштурхнуць аўтара пазначыць жанр падобным чынам - гэта баязьлівае самапрыніжэньне: маўляў, не судзіце строга правінцыйнае кіно. Нібыта яму сорамна за сваю працу.
У фільме бракуе паветра, ён крыху задушлівы, бо залішне ўшчыльнены. Гэткае ўражаньне ўзьнікае праз наяўнасьць некалькіх сюжэтных і жанравых лініяў, ніводная зь якіх не выглядае галоўнай, а другарадныя пэрсанажы ня надта адрозьніваюцца ад першарадных, займаючы на экране і ў сьвядомасьці гледача прыкладна аднолькавае месца. З-за таго, што іх даволі шмат, яны ўтвараюць таўханіну і куламесу. Ня варта было рэжысэру «браць усё, што ёсьць у лядоўні», каб пасьля ўпіхаць гэта ў адну пасудзіну, лепей усё-ткі вызначыцца з тым, якую менавіта страву ён хоча прыгатаваць: гатычна-рамантычную гісторыю каханьня пярэваратня і звычайнай жанчыны, сацыяльна-гістарычную драму пра паўстаньне Каліноўскага, маральную прыпавесьць пра тое, як «забіць у сабе мядзьведзя», ці то беларускую «кустурыцу». Удала спалучыць гэтыя разнастайныя інгрэдыенты, на жаль, не атрымалася. Няма на вас цэнзараў, спадарове дзеячы мастацтва!
Што атрымалася на выдатна, дык гэта дэкарацыі, дзякуючы Артуру Клінаву. Многія не змаглі ацаніць іх належным чынам, успрыняўшы як «дзіўнаватыя», але, на мой погляд, менавіта яны зьяўляюцца галоўнай разынкай «Масакры», кідаючы выклік стэрыльна-кампутарнаму Галівуду і расейскаму кіно, якое бяжыць за апошнім, задраўшы порткі. Не задрапаваныя і не прыхарошаныя фаташопам руіны замка, саламяная ўязная арка і скульптуры з саломы ў двары - сапраўдны натурпрадукт, без фарбавальнікаў і кансэрвантаў. Нават круцейшыя за дэкарацыі «Догвіля» Ларса фон Трыера - накрэсьленыя крэйдай умоўныя пазначэньні: «дом», «вуліца», «сабака» і г.д.
Не магу не адзначыць геніяльную сцэну, калі польская паненка - нявеста графа-пярэваратня выбягае з-за панскага стала на вуліцу, паглядзець, як калядуюць сяляне. Выскоквае і зьбянтэжана, да займаньня дыху (у раптоўнай пранізьлівай цішыні чуваць яе спалоханы выдах), спыняецца перад натоўпам у нязграбных, лапезных масках жывёлаў, які ня менш зьбянтэжана, моўчкі глядзіць на яе цёмнымі вачніцамі, трымаючы запаленыя паходні ў руках. У гэтым выпадковым сутыкненьні двух паралельных сьветаў выразна бачны зародак будучай драмы рэвалюцыі. Але - не цяпер. Пасьля аглушальнай паўзы ізноў кантрасна грымне музыка, усе пусьцяцца ў скокі, польская паненка вернецца да сваіх з тузінам масак жывёлаў і дасьць рускаму генэралу маску сьвіньні.
Дарэчы, сама тэма графскага пярэваратніцтва можа быць прачытаная ў сацыяльным ключы, да чаго падштурхоўвае забойства графам у мядзьведжым абліччы свайго конюха - адзінае забойства, якое не зьяўляецца «дзяжурным», маючы драматычнае вымярэньне: асірацелы маленькі сын конюха з плачам б'е кулакамі ў грудзі графа. Іншых забітых ня будзе каму аплакаць, дый у гледача такога жаданьня не ўзьнікае.
Заслугоўвае асаблівай увагі яшчэ адна, моцная з чыста эстэтычнага пункта гледжаньня сцэна - сыходу ў сьнежную далячынь звар'яцелай нявесты і графа, які канчаткова пераўтварыўся ў мядзьведзя:
У гэтым месцы я спыняюся, пакідаючы вам магчымасьць самім ацаніць фільм у цэлым (можна хоць сёньня, у кінатэатры «Беларусь», сэансы а 14:30, 16:40, 18:50, і 21:00). Скажу толькі, што асабіста мне прыемна было яго глядзець, хаця б таму, што гэта пра нешта блізкае. Пагатоў, жанр містычнага трылера вельмі арганічны беларускаму кантэксту. Беларусь - краіна насамрэч даволі змрочная, непразрыстая і ўтойлівая. Той самы ціхі вір, у якім вядома хто водзіцца.
Нарэшце слова прадастаўляецца блогерам. Валюнтарысцкім чынам я ня стану даваць яго крытыканам і ачарняльнікам, таму што не фіг:
«Фільм атмасфэрны - у ім выдатна спалучаюцца беларускі фальклор, гістарычная прывязка, зачараваньне пярэваратніцтва. Фільм, нягледзячы на тое, што ў ім па большай частцы гавораць па-руску (на беларускай і польскай мовах таксама гавораць, праўда, па-польску значна менш) - выключна беларускі. І наогул у мяне зьявілася адчуваньне, што ў нас навучыліся рабіць кіно». (ognevit)
«Што спадабалася: атмасфэра. Шмат атмасфэраў. Штукі тры, ня менш. Ад такой перагрузкі выратаваць можа толькі сьцёб. Шмат сьцёбу. І ён у фільме быў. Добра. Калярытны прыслужнік, ня меней калярытная парачка "Грышка - кухарка", прыдуркаватая госьця, вечна п'яная, вечна з куфлем - добра. Сцэны страшнай сьмерці - яшчэ лепей. Ніякіх кішак па столі, ніякіх зомбі - ну, сьцены ссунуліся. Ну, ланцугі тузануліся. Ну, шарык пад нагу падкаціўся несвоечасова. Ну, жырандоля на галаву павалілася. З кім не бывае? Добра... Як бы там ні было, "Масакра" - гэта фільм, які ўжо зрабіў новую старонку ў гісторыі беларускага кіно. Ён можа быць добры, можа быць кепскі, але ён - першы беларускі трылер. Таму паглядзець варта». (fiona_mara)
«1)"Масакра" - гэта кіно. У адрозьненьні ад "Дасьціш фантасьціш" яго можна глядзець. У адрозьненьне ад большасьці партызанфільмаўскай нудоты ў ім можна сьмяяцца не над аўтарамі, а разам з аўтарамі;
2) "Масакра" - гэта не шэдэўральнае кіно. Але, нарэшце, гэта нейкі глыток сьвежага паветра для беларускага кінэматографу. Ня фільм-штамп, а хутчэй фільм-гульня-са-штампапі;
3) Артур Клінаў – малайчына. Дзеля яго аднаго можна ўжо глядзець фільм. Саламяны пакой-пастка – вельмі ўразіў...
5) "Масакра" - гэта балаган, жудасная мешаніна актораў, ідэяў і вобразаў. Эпічна – яна ўвесь час развальваецца на кавалкі. Рытмічна – кашмарна нявытрыманая. А глыбіня ідэяў і сувязяў засталася, пэўна, ў сьметніцы каля мантажнага стала;
6) Пры гэтым усім немагчыма не палюбіць "Масакру". Магчыма, новыя беларускія рэвалюцыянэры замест значкоў "За свабоду" будуць насіць мядзьведжыя лапкі, а замест "Жыве Беларусь" будуць крычаць "Масакра!";
7) "Беларусьфільму" патрэбная не адна «Масакра», яму патрэбныя сотні "Масакраў", каб нарэшце зьнішчыць затхлы дух старасьці і пустэчы зь ягоных агромністых памяшканьняў. Скрыжуем пальцы ў спадзяваньні на "іншае новае беларускае кіно"». (fuckallnames)
«Фільм спадабаўся, не зважаючы на шматлікія недагаворкі і агульную туманнасьць сюжэту. Парадавала адмысловая манера здыманьня, якая сапраўды выбіваецца з дасюлешняй айчыннай кінатрадыцыі. Пацешыў ненавязьлівы гумар, які пачынае іскрыцца на кантрастах беларускага і расейскага сьветаадчуваньня адпаведных пэрсанажаў, і ты міжволі разумееш, што гэта ня гумар, а сарказм. Але і яго аўтары фільма не навязваюць гледачу, даючы магчымасьць выбару». (balachon)
«"Масакра" - гэта сумленная спроба стварыць вялікае глядацкае кіно на нацыянальным матэрыяле. Яго варта глядзець у кінатэатры, крытыкаваць і расхвальваць. Беларускае гульнявое кіно пакрысе пазбаўляецца ад сындрому абцякальных пустышак. Новае сапраўды дзесьці побач, працяг будзе». (Віктар Пазднякоў, Ale.by)
«Тонкі сьцёб і тролінг з маскалёў у "Масакры" шыкоўны. Бачна, што кіно стваралі беларускія нацыяналісты. Наўрад ці ў Расеі яно будзе папулярным. Бо незразумелыя рэаліі». (andorac)
«Фільм спадабаўся мне настолькі моцна, што ня хочацца псаваць сваё ўражаньне словамі. Яго эстэтыка засела ў сьвядомасьці цэлым стогам (ау, Артур Клінаў), зь якога зусім ня хочацца выцягваць асобныя словы-саломіны. Я б на вашым месцы лепш пайшла і сама паглядзела». (arteco)
Прыемнага прагляду!