Эўропа не камэнтуе інфармацыю пра пазыцыю Грыбаўскайце

Наш карэспандэнт у Брусэлі Ахта Лоб'якас пацікавіўся ў Маі Кацыянчыч, прэсавай сакратаркі эўракамісара па зьнешніх сувязях і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан, ці эўракамісар падзяляе меркаваную пазыцыю прэзыдэнта Літвы Далі Грыбаўскайце што да пераабраньня А.Лукашэнкі прэзыдэнтам Беларусі.

Лоб'якас: Прэзыдэнт Літвы і былы эўракамісар Даля Грыбаўскайце нібыта сказала амбасадарам краінаў Эўразьвязу ў Літве, што пераабраньне прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі будзе найлепшым варыянтам для краіны ў сэнсе стабільнасьці, зьмяншэньня расейскага ўплыву і гэтак далей. Якая пазыцыя эўракамісара ў гэтым пытаньні?

Кацыянчыч: Вы ў прынцыпе ведаеце, што мы ніколі не камэнтуем тое, што прадстаўнікі краінаў-удзельніц маюць сказаць і ў прыватнасьці ў гэтым выпадку, калі яна нават не цытуецца даслоўна, прынамсі наколькі я пабачыла з наяўных паведамленьняў. Вы ведаеце нашу пазыцыю ў дачыненьні да беларускіх выбараў: мы заклікалі ў мінулым і заклікаем надалей, каб яны былі праведзеныя ў адпаведнасьці з эўрапейскімі і міжнароднымі стандартамі дэмакратычных выбараў, кажучы сьцісла - каб яны былі свабоднымі і справядлівымі.