Андрэй Лянкевіч прэзэнтуе “Паганства”

Андрэй Лянкевіч


12 лістапада ў Інстытуце Гётэ ў Менску адбудзецца прэзэнтацыя кнігі Андрэя Лянкевіча «Паганства», якая была надрукаваная ў Літве, у выдавецтве «Аrx baltica». Пры дапамозе фатаграфіі аўтар вырашыў паказаць паганскія традыцыі і звычаі, якія да гэтага часу жывыя ў Беларусі. У кнігу ўвайшло апісаньне дзесяці абрадаў: Жаніцьба коміна, Каляды, Гуканьне вясны, Юр’я, Пахаваньне стралы, Куст, Провады русалкі, Купальле, Дажынкі, Перанос сьвячы, а таксама апісаньне цэлай калекцыі сьвяшчэнных расьлінаў, жывёл і аб’ектаў.


Праект «Беларускае паганства» — цалкам дакумэнтальны, над ім аўтар працаваў разам з навукоўцам Ірынай Мазюк, якая займалася дасьледаваньнем татэмных жывёлаў, расьлінаў, месцаў і капішчаў, што здымаў Андрэй Лянкевіч. Напярэдадні прэзэнтацыі фотамастак адказаў на пытаньні Радыё Свабода.

— Андрэй, чаму зьвярнуліся да гэтай тэмы, здавалася б, зусім не сучаснай?

— З аднаго боку, гэта мой пошук адказу на пытаньне пра асновы беларушчыны, асновы, на чым стаіць беларускі народ, пра беларускія традыцыі, пра пошук каранёў. Гэта мой пошук адказаў на такія зараз надзвычай актуальныя пытаньні: які выбар зробіць Беларусь, з кім яна будзе ісьці далей… Паганства, пра якое, як мне здавалася, я раблю фатаграфіі, ня толькі ў саміх традыцыях, у саміх абрадах — яно велізарнае, яно шырокае, як стыль жыцьця, стыль паводзіінаў. І таму гэта перайшло далей — у птушак, у жывёлаў, у прадметы, у камяні, у капішчы. Атрымалася кніжка.

— Як вы шукалі месцы для здымак. Як вы шукалі гэтыя аб’екты?


— Я пачаў шукаць чалавека, які быў бы зацікаўлены гэтай тэмай і разумеў, што я шукаю. Так лёс зьвёў мяне з Ірынай Мазюк, якая на той час працавала ў Інстытуце праблем культуры. Яна зьбіральніца песень. Такім чынам, мы разам спрабавалі знайсьці месцы, вёскі, дзе традыцыя ня мела перапынку. Можна сказаць, што некалькі соцень гадоў яна існавала ў гэтых мясьцінах.

— Чаму здымкі толькі чорна-белыя?

— Калі ты фатаграфуеш такім чынам, то прыбіраецца час. Ты можаш паказваць нейкі сэнс, прыбіраючы тую інфармацыю, якая ў гэты момант не патрэбная: колеры, час… Таму чорна-белае фота. Заўсёды выкарыстоўвалася стужка, таму што гэта форма, якая, з аднаго боку, дапамагае, зь іншага — робіць магчымым перадаць нейкую энэргетыку месца, як мне здаецца. Настрой і адчуваньні фатографа можа перадаць менавіта чорна-белая стужка. У чорна-белай фатаграфіі ёсьць такая цікавая асаблівасьць: вы паказваеце сьвет, якога няма. Таму што большасьць людзей бачыць усё ж такі ў колеры. Чорна-белая фатаграфія вяртае нас у мінулае. Такая лёгкая гульня адбываецца з гледачом: ён глядзіць на фатаздымкі, на якіх адлюстраваныя традыцыі, якія мусілі быць даўным-даўно, а насамрэч гэта год 2007, 2008, 2009-ы…


— Чаму кніга выдавалася ў Літве?

— Я адкажу словамі аднаго кнігавыдаўца зь Беларусі, які, убачыўшы кнігу, прамовіў: «Ого! Дакладна, друкавалася не ў Беларусі». Я спытаў, чаму. Ён кажа: «Такой якасьці ў нас ня можа быць». Вось такі просты адказ.

Прэзэнтацыя кнігі Андрэя Лянкевіча «Паганства» адбудзецца ў пятніцу, 12 лістапада, а 19-й гадзіне ў Інстытуце Гётэ, што месьціцца на скрыжаваньні вуліц Веры Харужай і Старавіленскай у новым бізнэс-цэнтры «Тэрмінал».