Кастусёў у Шклове, Міхалевіч у Маскве, Рымашэўскі зьбіраецца ў Парыж

Чым 11 лістапада займаліся магчымыя кандыдаты на прэзыдэнта?

Рыгора Кастусёва званок засьпеў у Магілёве, дзе вылучэнец партыі БНФ на пасаду прэзыдэнта зьбіраў даведкі, неабходныя, каб падаць пакет дакумэнтаў у Цэнтравыбаркам. Пасьля Магілёва Рыгор Кастусёў зьбіраўся ехаць у родны Шклоў: там у яго засталіся чэкі «Маёмасьць», колькасьць якіх абавязкова трэба пазначыць у дэклярацыі. Ці не замінае выбарчай дзейнасьці збор папераў?

«Для мяне вялікіх праблемаў ня ўзьнікла, бо ў мяне ўсё празрыста. Дэклярацыі аб прыбытках буду падаваць на сябе, на жонку і на сына, а дзьве мае дачкі жывуць ужо асобна, на іх ня трэба. Паперак сапраўды хапае, але я заўсёды кажу гэтак: падабаецца ці не, закон, які ёсьць, трэба выконваць».

Уладзімер Някляеў сёньня ўдзельнічаў у прэзэнтацыі кнігі палітоляга Валера Карбалевіча «Аляксандар Лукашэнка. Палітычны партрэт». Вядомы паэт і магчымы кандыдат на прэзыдэнта Някляеў на адмысловай прэсавай канфэрэнцыі заклікаў таксама прадпрымальнікаў прафінансаваць закуп для выбараў празрыстых урнаў, бо ў ЦВК на гэта нібыта «няма грошай».

Намесьнік старшыні АГП эканаміст Яраслаў Раманчук 11 лістапада дапісаў артыкул і даў некалькі інтэрвію, у тым ліку — расейскай тэлекампаніі РТР. Ці не зьбіраюць расейскія журналісты матэрыял для новага «Хроснага Бацькі»?

«Не, яны цікавіліся выбарамі, ці сапраўды выбары будуць дэмакратычнымі. Маўляў, збор подпісаў — гэта адно, а фармаваньне камісіяў — гэта іншае. І на гэтым этапе я зазначыў, што калі ў прадстаўнікоў дэмакратычных партый 0,3% у камісіях, то казаць пра дэмакратычны падлік галасоў, мяркую, нельга».

Лідэр грамадзкай ініцыятывы «За мадэрнізацыю» Алесь Міхалевіч сёньня знаходзіцца ў Маскве. Увечары палітык запрошаны на радыёстанцыю «Эхо Москвы», а да таго сустракаўся з прадстаўнікамі беларускай дыяспары ў Маскве. Вось што спадар Міхалевіч кажа пра ўплывовасьць гэтай часткі жыхароў сталіцы Расеі:
Масква — гэта адзін з самых вялікіх беларускіх гарадоў. Там жыве каля мільёна чалавек беларускага паходжаньня.


«Масква — гэта адзін з самых вялікіх беларускіх гарадоў. Там жыве каля мільёна чалавек беларускага паходжаньня».

Сустаршыня незарэгістраванай партыі БХД Віталь Рымашэўскі 11 лістапада сустракаўся з валянтэрамі, якія зьбіралі за яго подпісы ў Менску, а таксама ўдзельнічаў у паседжаньні выбарчага штабу, які зараз рыхтуе агітацыйныя матэрыялы і адразу некалькі замежных паездак магчымага кандыдата на прэзыдэнта. Віталь Рымашэўскі неўзабаве мае паехаць у Парыж, куды яго запрасілі на паседжаньне палітычнага камітэту ПАРЭ:

«Камісія ў палітычных пытаньнях ПАРЭ будзе абмяркоўваць сытуацыю ў Беларусі, у тым ліку выбарчую сытуацыю. Прынамсі, на паседжаньне таксама запрошаны прадстаўнік ад Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу».

«Сёньня мы здалі ўсе неабходныя дакумэнты для рэгістрацыі ў ЦВК. Гэта галоўнае», — паведамілі карэспандэнту «Свабоды» ў перадвыбарчым штабе лідэра «Эўрапейскай Беларусі» Андрэя Саньнікава.