Больш як тысячу сустрэчаў у Беларусі і за мяжой правёў Уладзімер Арлоў за апошнія дзесяць гадоў. Цыдулкі ад чытачоў запоўнілі некалькі шуфлядаў. Зараз вечныя і надзённыя, наіўныя і падступныя, прыватныя і філязофскія пытаньні да пісьменьніка ў эфіры і на сайце «Свабоды» ў перадачы «Пакуль ляціць страла».
Спадар Уладзімер, ці чыталі Вы «Разьвітальны ліст» Габрыэля Гарсія Маркеса? А што б хацелі напісаць у такім лісьце самі? Дай Божа, каб гэта здарылася вельмі няхутка!
Спадарыня Зоя
Напэўна, ня ўсе ведаюць, што гаворка ідзе пра ліст, які Маркес нібыта напісаў, пачуўшы свой анкалягічны дыягназ. У 1999-м мэдыкі дыягнаставалі ў выбітнага калюмбійца рак лімфы і далі ня больш за год на завяршэньне зямных клопатаў.
Ліст прыйшоў і майму знаёмаму Карласу Шэрману, дзякуючы якому творы Гарсія Маркеса загучалі па-беларуску (а зроблены разам з Валянцінам Тарасам і надрукаваны нашым «Нёманам» за брэжнеўскім часам расейскі пераклад «Восені патрыярха» зрабіўся падзеяй усесаюзнага гучаньня).
Тая старонка тэксту ўспрымалася як разьвітаньне зь сябрамі, калегамі, перакладчыкамі. Фрагмэнты толькі што атрыманага пасланьня Карлас чытаў, калі мы зь ім разам выступалі ў Музэі-бібліятэцы Сімяона Полацкага. Памятаю, мяне расхваляваў ня сам ліст, а сумная навіна, што дні аднаго з улюбёных пісьменьнікаў — зьлічаныя.
Але лёсу было заўгодна, каб стваральніку «Ста гадоў адзіноты» выпала шчасьлівая й доўгая адтэрміноўка. Ужо няма на сьвеце ні Шэрмана, ні Тараса, а пісьменьнік, прысуджаючы прэмію якому, Нобэлеўскі камітэт, на маю думку, зрабіў абсалютна бездакорны выбар, па-ранейшаму сярод нас.
А тады, дзесяць гадоў таму, Шэрман зрабіў мне ксэракопію ліста. Раз-пораз перачытваючы яе, я заўсёды адчуваў пэўную няёмкасьць. Аднак думаў, што аўтары геніяльных раманаў не абавязаныя пісаць геніяльныя лісты. Няхай сабе і апошнія.
Скарыстаўшыся з таго, што «Разьвітальны ліст» гуляе ў інтэрнэце, перачытаў яго нанова. Аўтар часам кранае, уздымаецца да філязофіі й паэзіі, але ўсё забівае велягурыстасьць, якая бясконца парушае мяжу з банальнасьцю.
«Я зразумеў, што чалавек мае права глядзець на іншага звысоку толькі тады, калі дапамагае яму падняцца…»
Ну што тут сказаць?.. Атрымалася нават афарыстычна.
«Я не пражыў бы ніводнага дня, не сказаўшы людзям, якіх я люблю, што я іх люблю…»
Мне здаецца, што ад бясконцага паўтарэньня такія словы, як «люблю», прынамсі страшэнна дэвальвуюцца.
«Я паліў бы сьлязьмі ружы, каб адчуць боль іхніх шыпоў і пунсовы пацалунак іхніх пялёсткаў…»
Пакіну без камэнтароў.
Але ж, сябры мае, можа, ня ўсім вядома, што Маркес абвергнуў сваё аўтарства «разьвітаньня» і нават назваў яго «банальнай пошласьцю». Ужо даўно тэкст прыпісваецца іншым літаратарам, сярод якіх, да прыкладу, Паола Каэльё.
Да Каэльё сапраўды падобна, хоць Карлас Шэрман, памятаецца, быў да скону дзён упэўнены, што гэта не містыфікацыя. Наш мэтар перакладу казаў, што Бог спачатку, маўляў, недагледзеў, а потым выправіўся, даўшы Маркесу час на новыя шэдэўры.
Я далёкі ад якіх-колечы катэгарычных высноваў і недарэчных параўнаньняў, ды, мабыць, усё ж лепей, калі літаратары пакідаюць не разьвітальныя лісты, а — ведаючы пра блізкі сыход — разьвітальныя кнігі. Як зрабіў наш Яўген Будзінас.
Ня кожнаму дадзена ведаць, колькі яму засталося. Баюся банальнасьцяў, а таму — апынуўшыся ў сытуацыі, калі ведаеш — напісаў бы не разьвітальны зварот да многіх, а некалькі лістоў да блізкіх людзей. Прычым не карыстаўся б электроннай поштай.
Прыкладам для мяне назаўсёды застанецца мастацтвазнаўца й мастак Міхась Раманюк, які, пачуўшы, што яму засталося некалькі тыдняў, а можа, і дзён, сядзеў на паштамце й падпісваў апошнія лісты.
Вядома, хочацца, каб дарагія мне людзі чакалі такіх лістоў сапраўды яшчэ вельмі доўга.